ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Вера і забабоны

Задай пытанне

Кс. Антоні ГрэмзаЦі можна спалучыць веру ў забабоны з хрысціянскай верай асабліва тады, калі яны могуць датычыць выканання рэлігійных рытуалаў і нават адгаворвання адпаведных малітваў? Мяжа паміж тым, што на самой справе з’яўляецца святым, і тым, што суб’ектыўнае, вельмі тонкая. Можна лёгка замяніць рэлігійныя жэсты і знакі на форму свайго роду магічнага дзеяння і закляцця, калі не ўкладваць у іх унутранага разумення і глыбокай веры ва ўздзеянне Бога.
    Хрост, вяселле, шлюбы і пахаванні абрастаюць шэрагам звычаяў і традыцый, значэнне якіх цяжка паддаецца тлумачэнню. Чаму да хросту нельга паказваць дзіця іншым людзям акрамя сваіх бацькоў? Чаму жаніху нельга бачыць сукенку нявесты да моманту шлюбу? Чаму ў доме памерлага завешваюцца люстэркі? На гэтыя і падобныя пытанні няма разумных адказаў, а тыя, хто гэта практыкуе, часцей за ўсё адказваюць, што “так трэба рабіць”.
Гэта свайго кшталту рэлі­гійныя забабоны, якія, на жаль, непрыкметна ўваходзяць у нашу веру. Бяспеку і дабрабыт нібыта нясуць некаторыя рэчы – чырвоныя стужачкі на ручцы малога дзіцяці, трохкратнае хаджэнне бацькоў маладажонаў з абразом вакол кожнай машыны перад выездам на шлюб у касцёл, акрапленне нешчаслівага месца асвечанай вадой, запаленая свечка без малітвы і яшчэ шэраг іншых рэлігійных практык. Без надавання ім духоўнага вымярэння малітвы і веры ў Божы Провід, яны становяцца формай магіі.
    Надзвычайнае ў гэтым тое, што верыцца ў таемную моц саміх рэчаў, а выключаецца дабраахвотны ўдзел чалавека на карысць свайго будучага шчасця. Рост веры ў забабоны як жаданне панавання над уласным бяссіллем і страхам, сляпой аддачы пад апеку рэчаў і рэлігійных з’яў праяўляецца тады, калі вера ў Бога павярхоўная ці аслабленая. Нараджэнне веры ў забабоны ў веруючых людзей спалучана з паслабленнем асабістай малітвы і з’яўленнем у справах веры рэлігійнага фармалізму. Св. Тамаш Аквінскі называе забабоны культам, аддаваемым Богу неналежным чынам, і “дрэннай верай”, якая з’яўляецца грахом супраць першай Божай запаведзі.
    Калі ў рэлігійным жыцці мы несвядома кіруемся паводзінамі з памежжа забабонаў, мала адказаць сабе і іншым, што так трэба рабіць ці так робяць іншыя. Але перш за ўсё, трэба запытаць сябе аб сталай і свядомай хрысціянскай веры ў Бога, Яго Провід і тое, які мой асабісты ўклад у развіццё веры праз пазнанне Божай навукі і навукі Касцёла.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.