ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Мы разлічваем на ласку Бога

На шляху да святасці

ХКс. Валерый Быкоўсківала Хрысту!
    У нядзелю я была ў касцёле на св. Імшы. Падчас навукі ксёндз расказваў, як трэба спавядацца. Між іншым, ён сказаў, што падчас споведзі нельга казаць: “пастанаўляю выправіцца”. Мы даём абяцанне Богу ў трох Асобах і звычайна не стрымліваем яго. Але ж на ўроках рэлігіі нас вучылі, што на заканчэнне споведзі трэба казаць: “Пастанаўляю выправіцца”.
    І да гэтага часу ні адзін са святароў не рабіў нам такой заўвагі. Скажыце, калі ласка, каго слухаць? Як трэба правільна спавядацца?
    Юлія
Паважаная спадарыня Юлія.
    Мне цяжка адказаць, што меў на ўвазе святар, калі тлумачыў паасобныя ўмовы сакраманту пакаяння і паяднання, а асабліва формулу, якую пэнітэнт выказвае падчас споведзі: “Пас­танаўляю выправіцца”.
Сакрамант паяднання быў устаноўлены самім Езусам Хрыстом словамі: “Сапраў­ды кажу вам: усё, што вы звяжаце на зямлі, будзе звязана ў небе, і ўсё, што развяжаце на зямлі, будзе развязана ў небе” (Мц 18, 18). Хрыстос надзяліў уладай адпушчэння грахоў сваіх Апосталаў і іх паслядоўнікаў, каб яднаць людзей з Богам.
    Пачынаючы з апостальскіх часоў, сам сакрамант паяднання і яго форма падвяргаліся рознага роду зменам. Рэформы сакраманту паяднання паволі змянялі суровае стаўленне Касцёла ў адносінах да грэшнікаў – па прыкладзе Пана Езуса, які заклікаў да міласэрнасці. Аднак, сутнасць сакраманту не падлегла зменам. Такім чынам, істотнымі ўмовамі споведзі заўсёды заставаліся: навяртанне (г.зн. жаль за грахі), вызнанне грахоў, кампенсацыя за грахі і іх адпушчэнне. Так і сёння, для плённага перажывання сакраманту пакаяння і паяднання нам неабходна выканаць пяць умоў добрай споведзі: 1. Рахунак сумлення, 2. Жаль за грахі, 3. Цвёрдае пастанаўленне выправіцца, 4. Шчырая споведзь, 5. Выкананне прызначанай пакуты.
    Пан Езус, прабачаючы грахі, заклікаў выпраўляцца: “Ідзі і болей не грашы” (Ян 8, 11). Рыхтуючыся да споведзі, робячы рахунак сумлення і шкадуючы за грахі, мы пастанаўляем выправіцца. Мы абяцаем Богу і Касцёлу, што зменім сваё жыццё. Касцёл заахвочвае нас, каб абяцанне выправіцца, ці шчырае жаданне змены нашага жыцця, было рашучым. Пастанаўляючы выправіцца, мы, перш за ўсё, разлічваем на ласку Бога, бо давяраючы толькі сабе, мы не здолеем зрабіць гэта. Пан Езус прыгадвае нам: “Без мяне вы не можаце нічога зрабіць” (Ян 15, 5). У Пасланні да Філіпянаў св. Павел піша: “Усё магу ў Тым, Які ўзмацняе мяне” (4, 13). Адсюль, давяраючы Божай ласцы, мы не можам сказаць, што словы “пастанаўляю выправіцца” няправільныя. Яны паказваюць сцвярджэнне пэнітэнта, што ён “прыкладзе ўсе намаганні, каб больш не грашыць”.
    На думку тэолагаў, для таго, каб атрымаць адпушчэнне грахоў, дастаткова такой пастановы, якая ўкрыта ў жалі за грахі. Той, хто несвядома забыўся зрабіць выразную пастанову выправіцца, не павінен непакоіцца, калі толькі ён сапраўды шкадаваў за грахі і меў жаданне не вяртацца ўжо да іх у будучым. Пастанова выправіцца павінна быць скіравана супраць крыніц граху і нагодаў да зла, а таксама прыводзіць у парадак жыццёвыя сітуацыі. Пэнітэнт павінен быць так настроены, каб на самой справе хацець рабіць тое, што пастанаўляе, г.зн. пазбягаць граху і лепш выпакутаваць усё зло ці страціць уяўнае дабро, чым зноў абразіць Бога. Гэта не павінна быць упэўненасць у перамозе. Дастаткова рашучага жадання змагацца, нягледзячы на магчымасць паражэння. Гэтым самым можна сказаць, што самі словы “Пастанаўляю выправіцца” выражаюць актуальную пастанову, г.зн. у гэты момант “тут і зараз”, моцнае рашэнне волі, што калі б цяпер здарылася нагода да граху, я адкінуў бы яе без вагання. Часам некаторыя пэнітэнты могуць мець перакананне, і папросту страх, што яны не вытрымаюць і зноў упадуць. Такая ўпэўненасць можа быць прадыктавана залежнасцю ці скурпулёзным сумленнем. Трэба было б даць сабе адказ, ці хачу я зноў зграшыць, ці не.
    Трэба памятаць, што не трэба залішне разлічваць на ўласныя сілы, але на Божую ласку, якая ўзмацняе пэнітэнта і дае надзею, а таксама на гатоўнасць супрацоўніцтва з ёй. У паслясаборнай тэалогіі сакрамант паяднання быў акрэслены як сакрамант аздараўлення, таму ён указвае на моц аздараўленчага ўздзеяння, якую чалавеку дае толькі Хрыстос.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.