ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Ксёндз Арцыбіскуп, чаму Вы верыце?

З жыцця Касцёла

кс апб Тадэвуш КандрусевічУ аўторак 15 студзеня 2013 года госцем нашай рэдакцыі быў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі кс. абп Тадэвуш Кандрусевіч. Пра тое, якім быў мінулы год, пра асабісты досвед на тэму веры, пра рэлігійнае жыццё жыхароў нашай краіны, а таксама пра планы Касцёла ў Беларусі на будучыню мы размаўлялі з Ксяндзом Арцыбіскупам.
- Ксёндз Арцыбіскуп, сустрэчы на старонках нашай газеты сталі ўжо традыцыяй. Раскажыце, калі ласка, якім быў 2012 год для Касцёла ў Беларусі? Аб якіх падзеях і постацях варта сёння прыгадаць?
    - Мінулы год у Касцёле Бе­ла­русі ў душпастарскай праграме быў часам падрыхтоўкі да Года веры ў кірунку новай евангелізацыі. Гэтая душпастарская праграма захоўвалася ва ўсіх дыяцэзіях. Разам са Святым Айцом мы распачалі Год веры, задача якога – нанова абудзіць агонь веры, асабліва ў тых, хто ад яе адышоў. Найважнейшай падзеяй мінулага года быў Сінод Біскупаў. Падчас Сіноду, у якім я таксама прымаў удзел, можна было заўважыць вялікую занепакоенасць біскупаў свету, звязаную са станам веры. Вялікай падзеяй была намінацыя біскупа ардынарыя ў Пінск, і тое, што дапаможны біскуп цяпер знаходзіцца ў Гомелі.
Так адбываецца ў каталіцкім Касцёле ў многіх краінах, і з душпастарскага пункту гледжання, гэта вельмі важна. Да важных дасягненняў належыць таксама выданне Евангелля і першага тома святарскіх малітваў (Брэвіярыя) на беларускай мове. Нават Святы Айцец, калі я ўручыў яму гэтыя выданні, а гэта не былі першыя кнігі на беларускай мове, вельмі ўсцешыўся, што беларуская літургічная мова ўвесь час развіваецца. Таксама важнымі былі адпусты ў Будславе, Тракелях і Браславе, улічваючы тое, што ўрачыстасці ў Будславе былі заканчэннем трохгадовага цыкла падрыхтоўкі да юбілею 400-годдзя санктуарыя. Таксама ў мінулым годзе ўдалося адкрыць некалькі каталіцкіх тэлепраграм. Сёння каталіцкі Касцёл мае на цэнтральным тэлебачанні ў сярэднім 176 хвілін на месяц.
    А яшчэ вельмі важна выкарыстоўваць СМІ ў евангелізацыі. Першы кангрэс каталіцкіх СМІ ў Гродне паказаў, што мы на самой справе ёсць у гэтых медыях. У Кангрэсе прыняло ўдзел шмат людзей са свету СМІ, былі зачытаны лісты з Ватыкана, а да гэтага трэба яшчэ дадаць медыйны сімпозіум у Баранавічах пры Катэхетычным каледжы. Варта таксама прыгадаць пра дэкларацыю каталіцкага Касцёла аб ахове здароўя, а затым пра супольную дэкларацыю з праваслаўнай Царквой. Важнай падзеяй было наведванне Апостальскім нунцыем вязняў. Гэта быў акт гуманізму і прызнання маральнай пазіцыі Святога Айца. У мінулым годзе каталіцкі Касцёл паказаў сябе яшчэ з таго боку, што ксяндзы як духоўныя асобы клапоцяцца, каб у здаровым целе быў здаровы дух. У Лідзе адбыўся I Чэмпіянат па міні-футболе сярод ксяндзоў, у якім прынялі ўдзел таксама і алюмны нашых семінарый.
   
    - На заканчэнне года Вы маеце вельмі шмат аплаткавых сустрэч з рознымі групамі людзей. Што Вам даюць такія сустрэчы?
    - Аплаткавыя сустрэчы я распачаў яшчэ ў Маскве. Я сустракаўся з рознымі людзьмі. У Беларусі такіх сустрэч таксама вельмі шмат: яны ў мяне пачаліся 8 снежня, а скончыліся 30 снежня, часам было нават па тры сустрэчы на дзень. Гэта не толькі сустрэчы – ёсць св. Імша, Божае слова, малітва, а затым дзяленне аплаткай і толькі тады можна ўбачыцца і паразмаўляць з людзьмі. Гэта розныя групы людзей: студэнты, урачы, навукоўцы. Кожны мае што сказаць. Асабістая сустрэча вельмі важная. Толькі тады я магу лепш пазнаць чалавека і яго праблемы, каб затым улічыць у душпастарскай працы ўсе гэтыя аспекты. Я сустракаўся з рознымі катэгорыямі людзей, але неяк прапусціў сустрэчу з людзьмі, якія працуюць у гаспадарцы. Я атрымаў ад іх ліст з просьбай аб аплаткавай сустрэчы. Я бачу, што яны вельмі важныя, бо людзі там могуць паразмаўляць з біскупам, святарамі, а ў першую чаргу, паламацца аплаткай. Падчас першай такой сустрэчы для працаўнікоў СМІ адна журналістка нават забылася свой дыктафон, а на заўтра шукала яго. Вельмі важна таксама тое, каб пайсці да хворых і падзяліцца аплаткай з імі. Цяпер мы думаем пра тое, каб у бальніцах арганізаваць якую-небудзь капліцу ці малітоўны пакой. Я бачу, што гэтая справа можа трохі пайсці наперад, бо, напрыклад, у Гродне ў некалькіх бальніцах ужо ёсць капліцы. Мы таксама маем, але вельмі мала. Пэўным сюрпрызам было для мяне тое, што я быў запрошаны на сустрэчу са студэнтамі медыцынскага каледжа ў Мінску, дзе навучаецца 1800 чалавек. У ёй прыняло ўдзел каля 300 асоб, таму што зал не змяшчае больш. А затым адбылася сустрэча з выкладчыкамі, якія прасілі аб тым, каб хтосьці прыйшоў і прачытаў лекцыю на тэму біяэтыкі.
   
    - Эксцэленцыя, мы гаварылі аб тым, што было, а цяпер вельмі прашу некалькі слоў аб тым, што нас чакае. Якім будзе 2013 год для Касцёла ў Беларусі?
    - Галоўным душпастарскім планам з’яў­ляецца план, які прадставіла Канферэнцыя Біскупаў на адкрыццё Года веры. Напэўна, кожная дыяцэзія можа яго нейкім чынам прыстасаваць да сваіх патрэб і ўмоў. У першую чаргу, мы хочам усюды аднавіць крыжы. Крыж з’яўляецца знакам веры, за яго людзі пакутавалі і нават аддавалі сваё жыццё. У крыжы наша надзея, як казаў св. апостал Андрэй. Акрамя гэтага ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбудзецца спецыяльная канферэнцыя на тэму II Ватыканскага Сабору, а таксама катэхетычны сімпозіум. На Сінодзе Біскупаў вельмі шмат гаварылася аб гэтым. Мы не можам забыць катэхізіс і вучэнне Сабору, які даў новы напрамак Касцёлу. Хочацца таксама ўшанаваць 1700-годдзе Медыяланскага эдыкта, які даў хрысціянству вольнасць, а таксама 1500-годдзе славянскай пісьменнасці, святых Кірыла і Мяфодзія, якія здзейснілі рэвалюцыю ў вучэнні Касцёла, пераклаўшы Біблію на мову, зразумелую людзям. Сёння мы гэтым карыстаемся. Аднак, найважнейшай падзеяй будзе ўрачыстасць 400-годдзя санктуарыя ў Будславе, прыбыцця цудадзейнага абраза Маці Божай у гэты горад. Падрыхтоўка да гэтай урачыстасці ўключана ў адзначэнне Года веры, таму дэвіз гэтага Года гучыць: “Марыя – Маці нашай веры”. Распачалася перэгрынацыя копіі абраза Маці Божай Будслаўскай у нашай архідыяцэзіі, яна наведае таксама некаторыя парафіі ў іншых дыяцэзіях. Хочацца адзначыць, што санктуарый у Будславе – нацыянальны. У хуткім часе будзе выдадзена паштовая марка, а таксама адчаканена спецыяльная манета з нагоды гэтага юбілею. Таксама ў гэтым годзе адбудзецца перэгрынацыя рэліквій св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус. Я памятаю 1999 год, калі адбылася перэгрынацыя гэтых рэліквій у Расіі. Гэта былі проста нацыянальныя рэкалекцыі. Я лічу, што гэта прынясе вялікую духоўную карысць. Акрамя таго, ксяндзы з супольнасці салезіян таксама плануюць перэгрынацыю рэліквій св. Яна Боска. Такім чынам, гэтыя рэліквіі павінны прыбыць і да нас. Безумоўна, гэтую праграму Года веры мы павінны працягваць у кожнай дыяцэзіі, рабіць тое, што было прадстаўлена ў душпастарскім лісце. А затым нас чакае заканчэнне Года веры, вялікім акцэнтам якога будзе тое, што людзі публічна вызнаюць сваю веру. Вельмі заахвочваем вывучаць Катэхізіс і вучэнне II Ватыканскага Сабору.
   
    - Ксёндз Арцыбіскуп, на святы Божага Нараджэння Вы разам з Апостальскім нунцыем здзейснілі візіт нашым братам праваслаўным. Што Вы ім пажадалі?
    - На пачатку я адзначыў, што перыяд Божага Нараджэння ў Касцёле яшчэ не скончыўся, а ў Царкве толькі-толькі пачынаецца, таму гэта таксама час супольнага вызнання веры, уцелаўлення Божага Сына. Я падкрэсліў, што мы разам сёння, у час выклікаў секулярызаванага свету, павінны данесці людзям праўду аб уцелаўлёным Богу, Богу, які, можа, у Старым Запавеце і быў далёкім і недасягальным, але які ў чалавечым целе прыйшоў да нас. Простых пастушкоў, а затым Мудрацоў з Усходу да Езуса прывяла Бэтлеемская зорка. Гэтай Бэтлеемскай зоркай павінен быць Касцёл, біскупы і святары. Я пажадаў праваслаўнай Царкве, каб яна была сёння гэтай зоркай і каб мы супольна вялі людзей да Бога, каб святкаванне Божага Нараджэння не было толькі гістарычным успамінам ці культурнай падзеяй, а ў першую чаргу, каб яно стала рэчаіснасцю нашага сэрца, нашай душы, каб праз наша супольнае абвяшчэнне Евангелля і прапаведаванне праўды пра Бога, пра прыход Збаўцы на свет, Езус нарадзіўся ў нашых душах і сэрцах, якія стануць Бэтлеемам нашага часу.
   
    - Ваша Эксцэленцыя, у Год веры я хачу задаць Вам вельмі простае і канкрэтнае пытанне: чаму Вы верыце?
    - Я атрымаў веру на святым хросце. Мае бацькі і святары выхоўвалі ўва мне гэты дар веры. Жыццё вяло мяне так, што ў часы праследавання веры я бачыў, што ідэі камунізму і матэрыялізму не могуць прывесці чалавека да шчасця. Я ўдзячны Божаму Провіду, што ён вёў мяне такімі шляхамі веры. Сёння іншы час – час, калі трэба супрацьстаяць не забароне веры, але таму, што сучасны чалавек сам выбірае. А я як біскуп павінен дапамагчы іншым у выбары дарогі, якая вядзе да Бога, а не ад Бога. Бо, на жаль, чалавек аддаляецца ад Бога, а калі я сам не буду мець гэтай моцнай веры, то як я змагу яе прадставіць? Калі я сам гэтага не маю, то не магу даць іншаму. Таму я адчуваю, што навучаючы іншых і абвяшчаючы Божае слова, якое з’яўляецца адной з крыніц нашай веры, я сам павінен узрастаць у веры.
    Людзі ўсё менш і менш лічаць грэх грахом... хаця чэргі каля канфесіянала перад святамі вялікія...
    Гэта праблема сучаснага свету, праблема, якую Святы Айцец Бенедыкт XVI назваў духоўнай пустыняй. Сучасны чалавек знаходзіцца ў гэтай духоўнай пустыні і проста не мае пачуцця граху. Усё добра, Бог міласэрны і добры, а Касцёл заахвочвае любіць бліжніх, але я ж нікога не забіў, нікога не абрабаваў. Мы лічым, што калі мы не захоўваем Божых запаведзей, то гэта наша асабістая справа, але гэта не так. Гэта не асабістая справа, гэта справа ўсіх: мы жывём у супольнасці, мы ўплываем на іншых людзей. Сёння ў кожнай кватэры ўжываецца шмат розных электрапрыбораў.
    Часта можна пачуць, што недзе выбіла засцерагальнікі, здарыўся пажар, бо моц гэтых прыбораў большая, чым можа вытрымаць сетка. Так і з чалавекам, які не хоча быць у межах Божага закону, здараецца катастрофа, няма гармоніі. Чалавек павінен жыць Божай мудрасцю, гэта значыць, глядзець на жыццё, на рэчы, на сябе, на ўвесь свет праз прызму вучэння Касцёла, праз прызму Божага вучэння, праз Евангелле, дзейнічаць згодна з Божым законам, быць у межах Божага закону. Калі мы будзем казаць, што межы, якія Бог паставіў у нашым жыцці, абмяжоўваюць нашу свабоду, то вядома, што тады мы не згаджаемся з Богам. Але мы ж не гаворым, што чырвонае святло абмяжоўвае нашу свабоду.
   
    - Нягледзячы на дэкларацыю прыналежнасці да каталіцкай веры, толькі невялікі працэнт вернікаў актыўна ўдзельнічае ў жыцці Касцёла. Што з’яўляецца прычынай?
    - Ёсць яшчэ адна вельмі важная справа: не ўсе ўдзель­нічаюць у нядзельнай св. Імшы. Калі б паставіць у нашых касцёлах лічыльнік і праверыць, колькі людзей прыходзіць асвячаць ежу, то ў звычайныя нядзелі ад такой колькасці вернікаў касцёлы лопнулі б. Гэта вынік секулярызму, які негатыўна ўплывае на хрысціянскі свет. А ў нас ён небяспечны, таму што вельмі шмат людзей страцілі карані, падрэзаныя пасля 70-ці гадоў атэізацыі. Традыцыі былі парушаны. Прыгадаем сабе: 20 гадоў таму людзі беглі ў касцёл, рамантавалі, дапамагалі. Сёння існуе некалькі прычын таго, што людзі ўжо не такія актыўныя, бо вартасць грошай ужо не тая, якой была некалі, цяпер ёсць іншы бог – матэрыялізм. Некаторыя кажуць: “Навошта мне гэты касцёл тут, я паеду ў цэнтр”. Яны не разумеюць, што потым трэба будзе вучыць дзяцей катэхезе і яны маглі б хадзіць у касцёл бліжэй. Што ж датычыцца будаўніцтва святынь, то некалі можна было пабудаваць гаспадарчым спосабам, а цяпер павінна будаваць фірма. Чалавек, можа, і хацеў бы прыйсці дапамагчы, але ён не можа, бо не належыць да фірмы. З фірмай падпісваецца дамова. Існуе цэлы шэраг такіх прычын, але ёсць пэўная халоднасць, адыход ад веры, таму Святы Айцец заклікае вяртацца да сваёй веры. Здаецца, што вера з’яўляецца важным дадаткам да жыцця, але яна не з’яўляецца самім жыццём чалавека, і гэта вельмі сур’ёзная праблема.
   
    - Падчас адной св. Імшы Вы сказалі: “Ад таго, што чалавек сваім жыццём піша на зямлі, залежыць вечнасць”. А што сваім жыццём пішаце Вы?
    - Гэта, пэўне, бачыць Бог і іншыя людзі. Я стараюся выконваць свае абавязкі як мага лепш, але бясспрэчна, магчыма, не заўсёды ўсё атрымліваецца. Можа, я часам залянівы, можа, трэба было больш старацца, але я толькі чалавек і прашу Божай дапамогі, ведаючы, што Пан Бог дасканалы. А ад таго, як мы будзем пісаць старонкі нашага жыцця, будзе залежаць развіццё Касцёла на нашай зямлі, наша вечнасць і вечнасць тых, да каго мы пасланыя.
   
    - Ксёндз Арцыбіскуп, што б Вы хацелі пажадаць чытачам “Слова Жыцця” на 2013 год?
    - Сама газета ў сваёй назве з’яўляецца вельмі важнай, бо Божае слова вядзе да веры, а вера дае жыццё. Таму я жадаю, каб гэтае Божае слова, якое абвяшчае Ваша газета, было, як гаворыць св. апостал Павел, як меч двусечны, вастрэйшае, чым меч двусечны. Каб яна дапамагла чытачам выкараніць дрэнныя звычкі, узмацніць сваю веру і рабіць добрыя ўчынкі.
   
    - Дзякуй за размову.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.