ГРОДНА
Панядзелак,
06 снежня
2021 года
 

Ашмяны (кляштары)

Парафіі і святыні

Дэканат Ашмяны
Кляштар дамініканаў і касцёл Найсвяцейшай Тройцы
 
Кляштар ордэна братоў-прапа­вед­нікаў быў зафундаваны ў Ашмянах Анджэем Пачабутам, пісарам земскім ашмянскім і яго жонкай Даротай з Аборскіх у 1667 г. Драўляны комплекс быў узведзены ў паўночнай частцы гандлёвай плошчы, па былой вул. Жупранскай. Апошні касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы быў пабудаваны пасля пажару ў 1797 г. Кляштар быў разлічаны на 12 манахаў, пры кляштары дзейнічала школа на 10 вучняў.
    У гісторыі святыні памятная тра­гічная дата 15 красавіка 1831 г., калі расійскія вайскоўцы пасля сутычкі з паўстанцамі забілі ў горадзе каля 500 жыхароў, якія хаваліся ў касцёле, у тым ліку дзяцей і жанчын.
    У 1850 г. кляштар быў ліквідаваны, апошнім прыёрам дамініканаў стаў кс. Пётр Ажэхоўскі. У 1872 г. будынак касцёла быў разабраны (на гэтым месцы пабудавана праваслаўная царква) і намаганнямі ашмянскага бурмістра Эльяша Высоцкага і дзекана кс. Казіміра Сайкоўскага перанесены на каталіцкія могілкі ў якасці капліцы. Могілкавая святыня была асвечана пад тытулам Найсвяцейшай Марыі Панны. Капліца ў стылі класіцызм уяўляла сабой прамавугольны ў плане аб’ём, які складаўся з малітоўнай залы, амаль квадратнага прэзбітэрыя і дзвюх сакрыстый, перакрыты адзіным двухсхільным дахам. Галоўны фасад быў пазначаны чатырохкалонным порцікам. Пры савецкай уладзе капліца была зачынена і з часам ператварылася ў руіны. Але у маі 2004 г. пачалася яе рэстаўрацыя. 
      
Кляштар франціш­канаў
і касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
   Першапачаткова кляштар ордэна францішканаў быў заснаваны ў Ашмянах яшчэ напрыканцы XIV ст. Але ўжо на пачатку XV ст. кляштар быў скасаваны. Паўторна, у 1505 г., кляштар францішканаў быў зафундаваны тут каралём польскім і вялікім князем літоўскім Аляксандрам Яге­лонам. Аселі законнікі на сваім старым месцы, у Старых Ашмянах, якія цяпер, дзякуючы манахам, набылі назву Францішканы. Касцёл канвента быў асвечаны пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны. Кляштар быў разлічаны на 5 манахаў.
    Хутчэй за ўсё, першапачаткова ўвесь комплекс быў узведзены з дрэ­ва, але ў першай палове XVII ст. касцёл ужо быў пабудаваны з каменю, паколькі, як пазначаюць архіўныя крыніцы, у 1655 г. рускія войскі цалкам знішчылі кляштар, і пасля вызвалення тут “былі толькі руіны касцёла”. У 1812 г., падчас вайны, кляштар быў спалены. У 1822 г., увабраўшы ў сябе старажытныя руіны, над гарадскім прадмесцем Старыя Ашмяны, ці Францішканы, узнёсся новы касцёл у стылі класіцызм. Манахі пабудавалі яго з цэглы, атынкаваным быў толькі галоўны фасад з чатырохкалонным дарычным порцікам. Храм быў аднанававым з трохгранным прэзбітэрыем (з закругленымі знешнімі вугламі), які застаўся яшчэ ад папярэдняга касцёла. Да паўночнага фасада (таму тут і не было вокнаў) была прыбудавана двухпавярховая сакрыстыя (а магчыма, і кляштарны корпус). Перакрывалі святыню цыліндрычныя скляпенні з распалубкамі над прамавугольнымі вокнамі, над уваходам знаходзіліся хоры на дзвюх апорах. Верагодна, касцёл быў бязвежавым, толькі над двухсхільным дахам у алтарнай част­цы ўзвышалася сігнатурка. Злева перад касцёлам была ўзведзена каменная званіца. Манахі да 1830 г. абслугоўвалі ўласную капеланію ў Гародніках.
    У 1832 г. кляштар быў зачынены (апошнім гвардыянам стаў кс. Цвароўскі), касцёл перароблены ў “цэйхгауз”, астатнія пабудовы разабраныя. Па іншых звестках, кляштар быў зачынены толькі пасля паўстання 1863-64 гг.
    Пасля Другой сусветнай вайны комплекс ізноў быў разбураны, касцёл па сённяшні дзень знаходзіцца ў руінах. Нядаўна на гары над прадмесцем былі ўсталяваны драўляныя крыжы.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2021

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2021 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  25

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.