ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Год веры і хворыя

З жыцця Касцёла

Кожны чалавек у сваім жыцці меў дачыненне з цярпеннем, звязаным з нейкай фізічнай хваробай, і гэты час цярпення, хваробы або іншых цяжкіх перажыванняў з’яўляецца адначасова часам выпрабавання веры. Многія людзі праходзяць праз гэтае выпрабаванне пераможцамі, і іх вера ўзмацняецца. Іншыя не вытрымліваюць і з балючым досведам аддаляюцца ад Бога.
Хворыя, якія не могуць працаваць, а часам нават уставаць з ложка, вельмі часта маюць пачуццё, што яны непатрэбныя ці што яны з’яўляюцца цяжарам для іншых. Да болю, які прыносіць сама хвароба, дадаецца духоўнае цярпенне, выкліканае пачуццём слабасці і бездапаможнасці.
    “Хвароба можа прыводзіць да неспакою, да замыкання ў сабе, часам нават да роспачы і бунту супраць Бога, але яна таксама можа стаць шляхам да большай сталасці, можа дапамагчы лепш распазнаць у сваім жыцці тое, што не вельмі істотна, каб звярнуцца да таго, што істотна. Вельмі часта хвароба пабуджае да пошукаў Бога і вяртання да Яго” (ККК 1501).
Як вядома, цярпенне і хвароба – гэта вынік першароднага граху і асабістых грахоў чалавека, яны з’яўляюцца для яго адчувальным абмежаваннем і слабасцю. Евангелле гаворыць, што да такіх абмежаванняў чалавека Хрыстос не заставаўся абыякавым. Ён не толькі выражаў спачуванне, але і лячыў хворых, якія сустракаліся на Яго шляху. Спачуванне Хрыста да хворых і шматлікія аздараўленні ад розных хвароб з’яўляюцца выразным знакам таго, што “Бог ласкава наведаў народ свой” (Лк 7, 16) і што Божае Валадарства ўжо блізка. Езус мае не толькі моц аздараўлення, але і моц прабачэння грахоў. Ён прыйшоў, каб аздаравіць усяго чалавека, душу і цела; Ён лекар, які патрэбен хворым. Яго спачуванне да ўсіх пакутуючых заходзіць так далёка, што Езус атаясамліваецца з імі: “Я быў хворы, і вы наведалі Мяне” (Мц 25, 36). Але каб гэтае аздараўленне адбылося, Хрыстос патрабуе таго, што, хутчэй за ўсё, з’яўляецца самым цяжкім – ВЕРЫ.
    “Часта Езус патрабуе ад хворых веры. Каб аздаравіць іх, Ён карыстаецца знакамі, такімі, як дотык слінай і накладанне рук, накладанне гразі і абмыванне. Хворыя стараюцца дакрануцца да Яго, «бо ад Яго выходзіла магутнасць і аздараўляла ўсіх» (Лк 6, 19). Такім чынам, у сакрамантах Хрыстос надалей «дакранаецца» да нас, каб аздаравіць” (КKK 1504). Вера ў хворым чалавеку абуджае надзею, што ў хваробе Хрыстос стаіць каля іх для таго, каб яны не паддаліся спакусе пераканання, што існуе дрэнны час і дрэнны лёс, а таксама дрэнныя абставіны. Вера ў прысутнасць Хрыста каля веруючага чалавека пераконвае ў прыпадабненні хворага да пакутуючага, але і ўваскрослага Збаўцы. Яна прыгадвае таксама пра Яго запрашэнне да жыцця праз цэлую вечнасць у Доме нябеснага Айца.
    Хваробы – паўсюдная з’ява, але яны не былі запланаваны Богам у плане стварэння. Належны і вышэйшы сэнс ім надае толькі вера і еднасць з пакутуючым Хрыстом, каб дапоўніць тое, чаго не хапае з пакут Хрыста для збаўлення свету (пар.: Кал 1, 24).
    У апостальскім лісце “Porta Fidei” на Год веры Святы Айцец Бенедыкт XVI дае канкрэтную падказку, як мы павінны перажываць цярпенні, звязаныя з хваробай, і якую ролю ў гэтым адыгрывае вера: “Няхай словы апостала Пятра кінуць апошні позірк на святло веры: «З гэтага радуйцеся, хоць цяпер мусіце пасмуткаваць крыху дзеля шматлікіх выпрабаванняў, каб выпрабаваная ваша вера выявілася шмат даражэйшай за золата – яно, хоць і выпрабавана ў агні, ды ідзе на загубу, – на славу, пахвалу і гонар пры з’яўленні Езуса Хрыста. Яго, хоць не бачылі, вы любіце і хоць цяпер не бачыце Яго, але верыце і цешыцеся радасцю невымоўнаю і найслаўнейшаю, дасягаючы праз веру вашу збаўлення душ» (1 П 1, 6-9). Жыццё хрысціян ведае пачуццё радасці і цярпення. Як многія святыя адчувалі адзіноту! Як шматлікія вернікі, таксама і ў наш час, адчуваюць маўчанне Бога тады, калі хацелася б пачуць Яго суцяшальны голас! Жыццёвы вопыт, дазваляючы зразумець таямніцу Крыжа і ўдзельнічаць у пакутах Хрыста (пар.: Кал 1, 24), з’яўляецца ўступам да радасці і надзеі, якія ўзначальвае вера: «калі я слабы, тады я дужы» (2 Кар 12, 10). Мы з усёй упэўненасцю верым, што Пан Езус перамог зло і смерць. Мы давяраемся Яму з тым упэўненым даверам: Ён прысутны сярод нас, перамагае моц злога (пар.: Лк 11, 20), а Касцёл, бачная супольнасць Яго міласэрнасці, трывае ў Ім як знак канчатковага паяднання з Айцом”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.