ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Ашмяны (касцёл)

Парафіі і святыні

Касцёл св. Міхала АрханёлаДэканат Ашмяны
Першае ўзгадванне пра Ашмяны, як пра замак князёў Вялікага Княства Літоўскага, датавана 1340-мі гадамі. З 1399 г. гэта ўжо горад. Магдэбургскае права Ашмяны атрымалі ў пач. XVI ст., стаўшы цэнтрам аднайменнага павета і дэканата. Ашмянская парафія адна з першых у Беларусі, што былі заснаваны каралём Уладзіславам Ягайлам адразу пасля Крэўскай уніі 1385 г.
У XVI ст. горад быў перанесены на пару кіламетраў на захад – так з’явіліся Старыя і Новыя Ашмяны. Старыя Ашмяны набыў ордэн францішканаў і там быў заснаваны кляштар ордэна, таму да нашых дзён гэтае прадмесце мае назву Францішканы. А ў Новых Ашмянах на гандлёвай плошчы быў узведзены парафіяльны касцёл. Такім чынам да XVII ст. у горадзе дзейнічалі дзве самастойныя парафіі – і ў Новых, і ў Старых Ашмянах. У сярэдзіне XVI ст. у Ашмянах дзейнічала ажно 6 альтарый, гэта абсалютны рэкорд у Віленскай архідыяцэзіі. У XVII ст. у горадзе быў заснаваны і кляштар дамініканаў. З 1795 г., з апошнім падзелам Рэчы Паспалітай, Ашмяны ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. У XIX ст. абодва кляштары былі зачынены, але парафіяльны касцёл захаваўся. Засталіся Ашмяны і цэнтрам деканата, хоць колькасць парафій значна скарацілася.

   
Касцёл св. Міхала Арханёла
Гэта адна з першых каталіцкіх парафій Беларусі. Заснаваная каралём Ягайлам у 1387 г., адразу пасля Крэўскай уніі. У 1434 г. (1432 г.), як удзячнасць Богу за перамогу пад Ашмянамі над Свідрыгайлам, кароль Жыгімонт заснаваў пры мясцовым касцёле “калегіяту з місіянарыямі”, а па іншых крыніцах – пабудаваў новы касцёл. Кансэкраваў святыню біскуп Красіньскі. Хутчэй за ўсё, спачатку касцёлы ў Ашмянах будаваліся з дрэва, а калі паўстала першая каменная святыня, пакуль што дакладна не вядома – магчыма, у XVII ст., мяркуючы па малюнках і гравюрах ХIХ ст.
    У XIX ст. касцёл уяўляў сабой каменны прамавугольны ў плане храм з дзвюма чацверыковымі вежамі, убудаванымі ў галоўны фасад, пад высокім двухсхільным дахам з маленькай сігнатуркай над алтаром. Прэзбітэрый фланкавалі дзве вялікія дзвюхпавярховыя сакрыстыі. Да ўваходу была прыбудавана грувасткая непрапарцыянальная крухта. Касцёльны ўчастак быў абнесены бутавай агароджай на такіх жа слупках.
    Да парафіі, якая налі­чвала напрыканцы ХIХ ст. больш за 8000 вернікаў, былі прыпісаны капліцы ў Алянах, Гародніках, Палянах і капліца на мясцовых могілках. Да 1866 г. дзейнічалі яшчэ капліцы ў Вайневічах, Маствілішках, Светадуху, Сухадоле.
    У пачатку ХХ ст. старажытны касцёл ужо не мог змясціць усіх сваіх парафіян, таму ў 1900 г. намаганнямі тагачаснага пробашча і дзекана кс. Казіміра Сайкоўскага паводле праекта архітэктара Вацлава Міхневіча пачалася перабудова і пашырэнне храма ў стылі неабарока. Святыня стала трохнававай, над ёй узнесліся высокія чатырох’ярусныя вежы пад фігурнымі купаламі. Інтэр’ер цяпер упрыгожвалі 9 каменных неабарочных алтароў. Сёння гэта галоўны алтар св. Міхала Арханёла, левы бакавы НПМ Чанстахоўскай, правы св. Юрыя, і пры калонах: злева – св. Максімільяна Кольбэ, бл. Баляславы Лямант, МБ Дапаможніцы Верных, і справа – свв. Яна Боска і Дамініка Савія, Езуса Міласэрнага і яшчэ адзін алтар, пакуль што без абраза. Працы былі скончаны ў 1904 г. (па іншых звестках – у 1906 г. ці 1910 г.). Так ці інакш, 13 ліпеня 1938 г. касцёл быў урачыста кансэкраваны віленскім арцыбіскупам Рамуальдам Ялбжыкоўскім.
    Да парафіі, якая напрыканцы 1930-х гг. налічвала ўжо больш за 12000 вернікаў, па-ранейшаму належалі капліцы ў Гародніках, Палянах і на парафіяльных могілках (капліца ў Алянах адышла да барунскай парафіі). Напачатку ХХ ст. (верагодна пасля 1905 г.) далучылася капліца ў Болтупе. Новыя капліцы былі адчынены ў ашмянскай вязніцы і ў Наваполлі.
    Пасля Другой сусветнай вайны, ноччу з 23 на 24 красавіка 1948 г., быў арыштаваны кс. дзекан Валяр’ян Галяк, 13 мая ён памёр у турме. Святара патаемна пахавалі на мясцовых могілках, але спадарыня Яніна Станкевіч абазначыла месца спачыну і ў 1970 г. паставіла помнік, які існаваў да 1992 г. Касцёл быў зачынены і прыстасаваны спачатку пад сховішча, потым пад прамысловы будынак; было знішчана ўнутранае аздабленне святыні, з вежаў зняты купалы з крыжамі, скінуты званы.
    17 верасня 1989 г. святыня перададзена вернікам, праведзена рэстаўрацыя, у 2003-05 гг. касцёл рамантаваўся – заменены дах, сцены нанава атынкаваны і пафарбаваны, адрэстаўрыраваны страчаныя элементы дэкору. Адноўлены і парафіяльныя капліцы ў Гародніках, Масцвілішках і Палянах.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.