ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Касцёл пад тытулам св. Яна Хрысціцеля ў Гальшанах

Парафіі і святыні

Дэканат Ашмяны
Касцёл пад тытулам св. Яна Хрысціцеля ў Гальшанах быў заснаваны яшчэ ў XV ст. князем Альгімунтавічам Гальшанскім. Ёсць звесткі, што ў XVI ст. новыя валадары Гальшанаў, пратэстанты Сапегі, прыстасавалі касцёл пад кальвінскі збор, аднак у 1550 г. каталіцкая святыня зноў узгадваецца ў складзе Віленскай дыяцэзіі. Напрыканцы XVI ст. драўляны храм у цэнтры мястэчка быў заменены каменным касцёлам, які ў 1596 г. кансэкраваў пад гістарычным тытулам віленскі біскуп Яўстафій Валовіч. Гэта быў дзвюхвежавы трохнававы храм з развітым трансептам і паўкруглай апсідай, арыентаванай на ўсход. Падлога была выслана цэглай, дах пакрывала пляскатая чарапіца.
    У 1618 г. Павел Сапега, стайнік ВКЛ і ашмянскі стараста (з 1623 г. падканцлер ВКЛ), тагачасны ўладальнік замка і мястэчка, запрасіў у Гальшаны айцоў францішканаў канвентуальных, для якіх пры касцёле заснаваў кляштар. Касцёл пры гэтым быў капітальна перабудаваны і асвечаны 6 жніўня таго ж года. У 1637 г. тут было 15 манахаў, у манаскай студыі 6 вучняў вывучалі рыторыку і логіку. Спачатку кляштар належаў да польскай правінцыі ордэна, а пасля 1686 г. – да літоўскай. У 1687 г. канвент увайшоў у Ашмянскую кустодзію. У Гальшанах адбываліся капітулы правінцыі – у 1742, 1787 і 1829 гг. Гальшанскія францішкане мелі рэзідэнцыю пры касцёле ў Багданаве (да 1792 г.), у XVIII ст. пры кляштары дзейнічала парафіяльная школа. Парафія ў Гальшанах заўсёды ўваходзіла ў склад Ашмянскага дэканата.
У 1659 г. кляштар быў разрабаваны маскоўскімі войскамі падчас той жудаснай вайны, якая вядома ў гісторыі як “Шведскі патоп”. Прыкладна ў 1671-1675 гг. касцёл быў пашыраны – да ўвахода прыбудавалі новы дзвюхвежавы фасад. У крылах трансепта знаходзіліся капліцы – св. Францішка і фундатарская, дзе было надмагілле Паўла Сапегі (+1635).
    У пачатку XVIII ст. была перароблена ўсходняя частка касцёла, у сувязі з чым ён быў пераарыентаваны алтаром на захад. Сучасны выгляд барочнага стылю касцёл св. Яна Хрысціцеля набыў у 1770-я гг., калі быў ізноў перабудаваны амаль ад падмуркаў. Гэта велічная бязвежавая і безапсідная прамавугольная ў плане базіліка, галоўны і алтарны фасады якой вызначаны фігурнымі франтонамі, не мае сакрыстый. Інтэр’ер храма падзелены васьмю слупамі на тры навы – цэнтральная нава перакрыта цыліндрычным скляпеннем, бакавыя – крыжовымі. Галоўны акцэнт інтэр’ера – ілюзорная размалёўка алтарнай сцяны са сцэнай “Вадохрышча” ў цэнтры.
    З паўднёва-заходняга боку да касцёла прыбудаваны П-падобны ў плане двухпавярховы кляштарны корпус. Такім чынам ствараецца ўнутраны двор – клаўструм. Корпус таксама перабудоўваўся на працягу XVII-XVIII стст. і калісьці меў дзве шасцігранныя вежы на паўднёвым і заходнім (ніжні ярус захаваўся) вуглах. Уваход на тэрыторыю кляштара ў другой палове ХIХ ст. быў пазначаны двух’яруснай цаглянай і атынкаванай брамай-званіцай у стылі класіцызм.
    Кляштар фран­ціш­канаў быў ліквідаваны паводле царскага ўказа ад 19 ліпеня 1832 г., у той жа час частка кляштарнага корпуса была знішчана. Астатнія карпусы прыстасавалі пад вайсковыя казармы (да 1897 г.), пасля тут размяшчалася царкоўна-прыходская школа, а з 1915 г. – нямецкі ваенны шпіталь. Але касцёл застаўся дзейнічаць у якасці парафіяльнага. Перад Другой сусветнай вайной гальшанская парафія налічвала больш за 7000 вернікаў, капліц не было. У парафіяльнай школе пры касцёле вучыўся Адам Станкевіч (1891-1949), будучы ксёндз, вядомы тэолаг і пісьменнік. У 1932 г. пробашчам тут быў кс. Ян Матулевіч, у кляштарных мурах жылі манахіні – сёстры місіянеркі (шарыткі). Пры савецкай уладзе касцёл быў зачынены, і нават статус помніка архітэктуры рэспубліканскага значэння не ўратаваў святыню ад рабавання і занядбання. У наш час гальшанская парафія адрадзілася. 2 жніўня 1990 г. сюды вярнуліся францішкане канвентуальныя.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.