ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Самы стары алтар катэдры будзе адноўлены

З жыцця Касцёла

Алтар св. Міхала Арханёла ў левай наве Фарнага касцёла з’яўляецца старэйшым нават за сам касцёл. Па словах ксяндза пробашча Яна Кучынскага, падчас рэстаўрацыі алтару нададуць яго першапачатковы стыль, аздобіўшы захаванай арыгінальнай разьбой, але зменяць каларыстыку алтара.
Паводле гістарычных кры­ніц, алтар датуецца 1664 годам. Ён быў збудаваны ў драўляным касцёле св. апосталаў Пятра і Паўла, а пазней быў перанесены ў касцёл св. Францішка Ксаверыя (катэдру). Паводле гістарычных даведак, у Фарным касцёле гэты алтар служыў як алтар Маці Божай Кангрэгацкай. Ёсць звесткі, што ён служыў і галоўным алтаром. Пасля яго перанеслі ў капліцу св. Міхала Арханёла ў левай наве.
– Калі мы распачалі рэстаўрацыйныя працы, то даведаліся, што ніз алтара быў перароблены, – распавядае кс. пробашч Ян Кучынскі. – Зараз невядома, калі адбывалася гэтая перапрацоўка. Бачна, што дрэва нестарое – яму будзе дзесьці каля ста гадоў. Верхняя частка алтара захавалася арыгінальнай. Яна знаходзіцца ў моцна пашкоджаным стане. Магчыма, яна не рамантавалася з тых часоў, а толькі перафарбоўвалася. У пэўны час яна мела цёмна-сіні колер, які быў характэрны ўсяму касцёлу.
    Па словах святара, алтар цікавы тым, што мае зусім іншы выгляд, чым усе астатнія алтары касцёла. Таксама ён цікавы сваёй накладной разьбой, якая больш нідзе не сустракаецца. Напрыклад, на астатніх алтарах катэдры разьба больш-менш падобная. У той час як на гэтым алтары яна інакшая. Гэтыя рэзьбіны аказаліся за алтаром. Калісьці яны адпадалі ад старасці і іх закідвалі, тады хтосьці мудра паскладваў іх за алтар, кажа кс. Ян.
    – Зараз, пачынаючы рэстаўрацыю, мы знайшлі шмат той разьбы, якая будзе адноўлена і зноў прымацавана да алтара. Гэтая разьба – своеасаблівая мастацкая знаходка, бо разьба, якая была на алтары, прымацавана кімсьці з іншых алтароў, а мы знайшлі менавіта арыгінальную. Такім чынам, мы прыдадзім алтару тую форму і выгляд, якія ён меў раней.
    Аднак каларыстыка алтара св. Міхала Арханёла будзе зменена, распавядае кс. Ян:
    – Калі мы зрабілі рэстаўрацыю галоўнага алтара, у вочы моцна пачаў кідацца бакавы. Галоўны алтар мае колер шэраватага мармуру, алтар Маці Божай Кангрэгацкай – больш блакітна-зялёны, белы мармур, а алтар св. Міхала Арханёла – пад шэра-зялёны мармур. Такім чынам ён моцна вылучаўся з унутранага ўбранства храма. Таму мы вырашылі распачаць яго рэстаўрацыю. І не памыліліся. Бо калі пачалі ставіць рыштаванні, убачылі, што наверсе ўсё дрэва проста спарахнела. У нейкі момант алтар мог і зваліцца, а гэтага знізу не было бачна. Зараз мы працуем над тым, каб умацаваць алтар, захаваць яго пачатковы выгляд і надаць яму новую каларыстыку, падобную да алтара Маці Божай Кангрэгацкай. Гэта робіцца з мэтай, каб у касцёле была адна колеравая гама.
    Праўдападобна, што гэты алтар быў пастаўлены ў гэтым месцы на хуткую руку – у яго ззаду не было ніякай канструкцыі. Ён проста стаяў на дошках. Таму зараз робіцца канструкцыя, каб яго ўмацаваць.
    – Давядзецца замяніць там некаторыя часткі, бо яны ўжо непрыдатныя, спарахнелыя, – працягвае кс. Ян. – А тыя часткі, якія магчыма захаваць, мы, канешне, пакінем, умацоўваючы спецыяльнымі хімічнымі сродкамі. Другая частка рэстаўрацыйных прац – каларыстыка. Алтар набудзе выгляд мармуровага. Сам абраз св. Міхала Арханёла знаходзіцца ў вельмі добрым стане, але мы таксама будзем яго рэстаўрыраваць.
    Навуковым кіраўніком рэстаўрацыйных прац з’яўляецца гродзенскі мастак і рэстаўратар Уладзімір Кіслы, які аднаўляе і абраз. Таксама працуюць рэстаўратары з Мінска – Уладзімір Нікіцін, які адказны за рэстаўрацыйныя працы алтара. Раней планавалася скончыць рэстаўрацыю алтара да свят Божага Нараджэння, аднак, убачыўшы стан алтара, рэстаўратары зразумелі, што працы зацягнуцца даўжэй.
    Да св. Міхала Арханёла моляцца ў розных інтэнцыях, але ў першую чаргу – аб абароне ад злога духа, ад яго спакус. Аб фізічным здароўі моляцца да Маці Божай Кангрэгацкай, а да св. Міхала моляцца аб здароўі духоўным.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.