ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Навошта Святому Айцу Сінод Біскупаў?

Задай пытанне

Увогуле, разважаючы над значэннем і роляй сіноду, трэба памятаць, што гэтая з’ява мае багатую гісторыю ў жыцці Касцёла. У перакладзе з грэчаскай мовы слова “сінод” азначае ‘супольная дарога’ і сваімі каранямі сягае першых вякоў хрысціянства. У розных кутках тагачаснага свету біскупы і святары збіраліся на спецыяльных з’ездах (таксама вельмі часта і свецкія асобы бралі ўдзел у гэтых сустрэчах). Прычынай такіх сустрэч былі цяжкасці і праблемы, з якімі сутыкаліся тыя ці іншыя правінцыі Касцёла. Праблемы маглі быць вельмі разнастайнымі: арганізацыйныя справы, ерасі, тэалагічныя спрэчкі... Па сутнасці, першыя сіноды збіраліся ўжо ў апостальскія часы, але больш шырокае распаўсюджанне яны атрымалі пасля 313 года, калі хрысціянства было афіцыйна прызнана ў Рымскай імперыі. З цягам часу ў гісторыі заходняга хрысціянства роля сінодаў страціла сваё былое значэнне.
Новае жыццё ім даў II Ватыканскі Сабор, а асабліва папа Павел VI, які ў 1965 годзе сваім дакументам “Apostolica Sollicitudo” аднавіў дзейнасць гэтага інстытута. Згодна з гэтым дакументам, сінод стаў цэнтральным інстытутам Касцёла, свайго роду прадстаўніцтвам бікупаў усяго свету, якія збіраюцца на рэгулярнай аснове пад кіраўніцтвам Святога Айца. Найважнейшыя задачы гэтых сустрэч: падтрымліваць сталыя кантакты са Святым Айцом, клапаціцца аб добрым веданні актуальных праблем і цяжкасцей Касцёла, дзяліцца вопытам у вырашэнні розных практычных пытанняў, звязаных з рэлігійным жыццём. Так, напрыклад, на сінодах разважалі аб ролі свецкіх асоб у Касцёле, разглядалі пытанні выхавання і падрыхтоўкі святароў і інш. Актуальны сінод, які распачаўся некалькі дзён таму, таксама носіць практычны характар – дыскутуе над праблемамі новай евангелізацыі, стараецца даць адказ на пытанне, як данесці Хрыста і Яго Навіну чалавеку ў сучасным свеце.
    Як мы бачым, сінод носіць выразна дарадчы характар. Ён неабходны Святому Айцу, каб больш дакладна, з “першых вуснаў” даведацца аб тых цяжкасцях, з якімі сутыкаецца кожная лакальная супольнасць Касцёла. Другая мэта гэтай сустрэчы – выкарыстаць парады, веды і багаты жыццёвы вопыт біскупаў, для таго, каб максімальна эфектыўна выпрацаваць шляхі вырашэння тых ці іншых праблем, звязаных з духоўным жыццём вернікаў.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.