ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мураванай Ашмянцы

Парафіі і святыні

Касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (Найсвяцейшай Тройцы) быў заснаваны ў 1790 г. каралеўскім шамбелянам і ашмянскім падкаморыем Ігнацыем Важынскім, мясцовым землеўладальнікам. Сёняшняя традыцыя лічыць датай заснавання парафіі 1650 г., датай пабудовы касцёла – 1790 г.
    У 1841 г. на сродкі Марціна Важынскага і ў 1874 г. на сродкі Караля Важынскага святыня, узведзеная ў цэнтры вёскі, была рэканструявана.
    З таго часу касцёл уяўляе сабой драўляны на каменным падмурку зальны аб’ем з трансептам, які пераходзіць у прэзбітэрый з трохграннай алтарнай часткай. Сакрыстыя прыбудавана з заходняга боку да апсіды. Пры рэканструкцыі ў ХIХ ст. да галоўнага фасада дабудаваны нартэкс з хорамі над ім і прыбудова да ўсходняга бакавога фасада. Двухсхільны дах з вальмамі над алтаром увенчаны невялікімі шлемападобнымі вежачкамі: васьміграннай над уваходам і чатырохграннымі над франтонамі трансепта. Зала, капліцы трансепта і прэзбітэрый перакрыты люстранымі скляпеннямі. Арка прэзбітэрыя ўмацавана бэлькай, характэрнай для касцёльнага дойлідства XVII ст. У галоўным алтары, выкананам у стылі ман’ярызм, змешчаны абраз Найсвяцейшай Тройцы. Бакавыя алтары знаходзяцца ў крылах трансепта: левы – Маці Божай, правы – Езуса Міласэрнага. Над нартэксам зроблены хоры з арганам.
Тэрыторыя касцёла абнесена бутавай агароджай, уваход пазначаны драўлянай двух’яруснай чацверыковай брамай-званіцай пад чатырохсхільным дахам з невялікай васьміграннай шлемападобнай галоўкай. У 1907 г. на адной восі з касцёлам у агароджы зроблены галоўны ўваход з каванымі дзвярамі, але зараз ім амаль не карыстаюцца.
    У савецкі час касцёл застаўся дзейнічаць і нават быў залічаны да помнікаў архітэктуры.
    На захад ад вёскі захавалася прыдарожная капліца – двух’ярусны цагляны і атынкаваны слуп на бутавым падмурку. На мясцовых могілках у руінным стане захавалася капліца-пахавальня кагосьці з мясцовай шляхты (надпіс знішчаны) – бятонная грабніца ў стылі неабарока з магутным крыжам наверсе.
    Ужо ў 1930 г. да парафіі ў Мураванай Ашмянцы, у якой на той час было больш за 4600 вернікаў, належала капліца ў вёсцы Піктуша. Раней паселішча таксама называлася Заройсце ці Маслаўшчына – як і сённяшняя суседняя вёска. Вядомая з 1634 г., яна належала Рыхліцкім, Сабінскім, Маславым. У 1716 г. Піктушай валодаў віленскі біскуп Караль Панцажынскі. Потым – Ясевічы, Янкоўскія, Лісецкія і інш.
    На паўднёвы захад ад вёскі, на скрыжаванні прасёлачных дарог на Гурэлі і Кібы, у 1930 г. была ўзведзена драўляная капліца, асвечаная пад тытулам Божай Міласэрнасці і прыпісаная да парафіі Мураваная Ашмянка. На ўзгорку за капліцай пабудавалі нават плябанію з нядзельнай школкай. З прыходам савецкай улады капліца была зачынена і разрабавана, з плябаніі зрабілі школу агульнай адукацыі. Аднак, з адраджэннем рэлігійнага жыцця, у 2002 г. адрадзілася і капліца ў Піктушы. Капліца ўяўляе сабою прамавугольны ў плане зруб на каменным падмурку з прыбудаванымі крухтай і сакрыстыяй, перакрыты двухсхільным дахам з вальмам над алтаром і завершаны невялікай вежачкай над уваходам. Інтэр’ер, перакрыты плоскай падшыўной столлю па бэльках, упрыгожаны алтаром з абразом Езуса Міласэрнага і бакавымі алтарыкамі з фігурамі Езуса і Марыі. Як і раней, сюды даязджае ксёндз з Мураванай Ашмянкі. З 2007 г. пробашчам парафіі з’яўляецца кс. Сяргей Якімовіч.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.