ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Юзафа Рамесніка ў Скідзелі

Парафіі і святыні

Дэканат Гродна-Усход
Горад Скідзель вядомы з пачатку XVI ст. як вялікакняжацкі (пазней каралеўскі) двор з воласцю ў Гродзенскім павеце ВКЛ. З 1796 г. да 1939 г. Скідзельская сядзіба належала знакамітаму роду Чацвярцінскіх. На тэрыторыі свайго сядзібнага комплексу, які знаходзіўся на паўночна-ўсходняй ускраіне мястэчка, Чацвярцінскія і пабудавалі ў 1870 г. з чырвонай вонкавай цэглы невялікую святыню ў неагатычным стылі, якую мясцовыя жыхары называлі “княжацкі касцёл” і якая была асвечана пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і як капліца далучана да парафіі Кашубінцы.
    Касцёл – прамавугольная ў плане святыня з пяціграннай апсідай і адзінай сакрыстыяй. Галоўны фасад фланкаваны дзвюма круглымі вежамі-званіцамі. Касцёл накрыты двухсхільным бляшаным дахам з вальмамі над апсідай. Залавы інтэр’ер перакрыты зоркавымі неагатычнымі скляпеннямі. У галоўным алтары ізноў змешчаны тытульны абраз Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, намаляваны ў 1991 г.
У савецкі час старажытны касцёл быў зачынены, потым, як і шмат іншых нашых святынь, прайшоў шлях ад сховішча да руіны. Плябанія, аднапавярховы будынак з чырвонай вонкавай цэглы, была перабудавана пад жылы дом. У 1991 г. будынак святыні нарэшце вярнулі парафіянам, аб чым сведчыць мемарыяльная дошка пад хорамі. У 1993 г. у адбудаванай святыні ўрачыста прайшла першая святая Імша.
    Будаўніцтва новай святыні пачалося дзякуючы намаганням кс. Адама Рудніцкага ўжо ў новай, паўднёва-заходняй, частцы Скідзеля – касцёл добра бачны з шашы Гродна-Мінск. Вуглавы камень асвяціў сам Папа Ян Павел II 22 мая 1995 г. у Сочаве ў Польшчы. Фундамент будучага касцёла і звон былі асвечаны 1 мая 1997 г. гродзенскім біскупам Аляксандрам Кашкевічам (у гэты ж дзень Эксцэленцыя адслужыў першую св. Імшу ў часовай капліцы). Са студзеня 1999 г. пробашчам парафіі стаў кс. Цэзары Міх, які працягнуў будаўніцтва. Першае набажэнства прайшло ў яшчэ недабудаванай святыні 1 мая 2000 г. А 1 мая 2004 г. кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч урачыста кансэкраваў касцёл пад тытулам св. Юзафа Рамесніка. Такім чынам, скідзельская парафія цяпер мае падвойны тытул Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Юзафа Рамесніка.
    Новы касцёл мае ромбавідны план, перакрыты двухсхільным метала-чарапічным дахам, да алтарнай сцяны дабудаваны двухпавярховы аб’ём плябаніі. Галоўны ўваход у святыню пазначаны вежай-званіцай, утворанай дзвюма магутнымі пілонамі і завершанай фігурным неабарочным спічаком.
    Вялізная залавая прастора касцёла перакрыта плоскай падшыўной дашчанай столлю з невялікім нахіламі да вуглоў. На алтарнай сцяне змешчана велічнае разьбянае Укрыжаванне. Вельмі цікава выканана з латуні дэкараванне табернакулюма і алтара вінаграднымі гронкамі. Над уваходам навісае балкон арганных хораў.
    У 1999 – 2001 гг. пробашчу ў парафіі дапамагалі сёстры назарэтанкі, у 2002 – 2004 гг. – безхабітовыя сёстры сарцанкі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.