ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

У ПІЛІГРЫМЦЫ ВЕРЫ ДА МАРЫІ

З жыцця Касцёла

Вернікі на каленях нясуць інтэнцыі да Маці Божай Тракельскай Гісторыя цудатворнага абраза Маці Божай Тракельскай налічвае каля 500 гадоў. Сёння, як і стагоддзі таму, гэты абраз прыцягвае тысячы вернікаў, якія прыносяць Марыі ў малітве свае просьбы, надзеі, раны, прабачэнні. З 1994 года ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч абвясціў мясцовы касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі дыяцэзіяльным санктуарыем, куды штогод у першую суботу ліпеня накіроўваюцца пілігрымы з усёй дыяцэзіі. Сёлета ў Тракелі прыйшло каля 2000 вернікаў у пешых пілігрымках, а ва ўрачыстасцях 6-7 ліпеня прыняло ўдзел каля 15 тысяч чалавек.
Галоўную ўвагу ўсіх пілігрымаў прыцягвае цудатворны абраз Маці Божай з Дзіцяткам Езусам. Лічыцца, што ён быў намаляваны ў канцы ХVI ст. Паводле адной з легенд, абраз, прывезены з Вільні ў 1595 г., здаўна славіўся шматлікімі цудамі. Абраз прадстаўляе Маці Божую з Дзіцяткам Езусам на левай руцэ. Сваёй правай далонню Марыя ахапіла левую, якая трымае Божага Сына. З правага боку ад Яе стаіць на каленях св. Казiмiр, заступнік гэтай зямлi, са зложанымі да малітвы рукамі. Выява св. Казіміра, якi вельмi шанаваў Маці Божую, была намалявана на асобным палатне і даклеена да асноўнага падчас першай рэстаўрацыі абраза ў другой палове ХVII ст. Гістарычныя хронікі і мясцовыя паданні распавядаюць пра шматлікія цуды і аздараўленні, якія здзейсніліся перад гэтым абразом. Выяву Марыі і Дзіцятка пакрываюць металёвыя пасярэбраныя, а месцамі пазалочаныя шаты, упрыгожаныя трыма каронамi і сям’юдзесяццю шляхетнымi камянямi.
– І сёння ёсць шмат ацаленняў, але людзі не вельмі хочуць іх афішыраваць, – распавядае кусташ санктуарыя ў Тракелях ксёндз Павел Галіньскі.
   – Напрыклад, сёлета прыехаў адзін мужчына з Масквы дзякаваць Маці Божай у тракельскім абразе за шчаслівыя роды ў жонкі. На мінулы фэст у Тракелі яны прыязджалі і ўсю ноч маліліся перад абразом аб шчаслівым нараджэнні іх дзіцяці, бо жанчына мела праблемы з цяжарнасцю. Усё абышлося добра, і мужчына прыехаў з удзячнасцю да Марыі.
   Такія гісторыі аб ацаленнях можна было пачуць у Тракелях ад розных вернікаў, якія прыязджаюць з нейкімі сваімі інтэнцыямі. Я чула пра жанчыну з Літвы, якая ацалілася ад ракавай хваробы і пасля гэтага штогод прыязджае да цудатворнага абраза ў Тракелі з букетам кветак.
   Дык і не дзіва, што на працягу ўсёй ночы людзі пасля даволі цяжкай пілігрымкі і спякотных дзён чувалі перад абразом з малітвамі: Ружанцам, Вяночкам да Божай Міласэрнасці, Гадзінкамі аб Беззаганным Зачацці НПМ, песнямі. А ў касцёле ўсю ноч не сплываў ланцужок вернікаў, якія на каленях падыходзілі да цудоўнага абраза са шматлікімі інтэнцыямі.
Столькі ж вернікаў сабрала вячэрняя канферэнцыя а. Джэймса Манджакала і адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту. Звычайна даволі стрыманыя і сціплыя ў выказванні сваіх рэлігійных пачуццяў, беларускія і польскія вернікі ахвотна падпявалі па-англійску а. Джэймсу, актыўна паўтаралі ўсе рухі і лавілі кожнае слова харызматыка. Святары адзначаюць, што пасля ўжо традыцыйных прыездаў а. Джэймса ў Беларусь яны чуюць вельмі добрыя споведзі – нашыя вернікі вучацца больш глыбока перажываць сакрамант паяднання. А. Джэймс акурат увесь час і падкрэслівае важнасць духоўнага ацалення, сустрэчы з жывым Богам у сваім сэрцы. Гэта галоўная ўмова фізічнага ацалення. А сустрэць Бога ў сэрцы немагчыма без шчырай споведзі і Камуніі. А. Джэймс увесь час робіць націск на тым, што толькі Езус ацаляе людзей паводле іх веры, а не сам айцец ці нейкі іншы святар.
   На ўрачыстасць у Тракелі прыехаў шаноўны госць – біскуп Адэска-Сімферопальскі Браніслаў Бярнацкі. Разам з ксяндзом біскупам Аляксандрам Кашкевічам і святарамі нашай дыяцэзіі ён цэлебраваў св. Імшу апоўначы і Імшу суму зранку. Галоўнай тэмай яго казанняў была Маці Божая і яе штодзённая прысутнасць з кожным з нас.
   Па прыгожай традыцыі 5 новапасвечаных святароў нашай дыяцэзіі былі прадстаўлены ўсім прыбылым вернікам. Разам са святарамі, якія сёлета адзначалі 25 і 50 гадоў святарскага служэння, яны цэлебравалі ранішнюю св. Імшу, а пасля ўдзялялі ўсім прыміцыйнае бласлаўленне.
   Таксама на ўрачыстай св. Імшы суме сужэнскія пары, якія перажывалі 25 і 50 гадоў шлюбу, аднавілі свае сужэнскія абяцанні. Пасля асабістае бласлаўленне ім удзяліў ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч.
Напрыканцы хочацца звярнуць увагу на адзін момант. Такія фэсты, духоўныя сустрэчы вялікай колькасці вернікаў – сапраўдная каштоўнасць для нашай дыяцэзіі. Цудатворны абраз збірае вакол сябе людзей і нібы духоўна зараджае на ўвесь наступны год. Многія цэлымі сем’ямі ходзяць у пілігрымку да Маці Божай Тракельскай ужо не адзін год, вельмі шмат людзей прыязджае непасрэдна на саму ўрачыстасць. Хочацца выказаць падзяку кусташу кс. Паўлу Галіньскаму і яго парафіянам за прыгажосць санктуарыя, што патрабуе нямала высілкаў. Але трэба яшчэ шмат старанняў, каб наш дыяцэзіяльны санктуарый станавіўся як мага лепшым. “Мы кожны год штосьці робім і ў наступным годзе таксама нешта зменім”, – кажа кс. Павел.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.