ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Заяц-скакун

Дзіцячы куточак

“Навучыцеся рабіць дабро” (Ic 1, 17а)
Жыў-быў у адным лесе заяц. Скакаў ён цэлымі днямі па зялёных сцяжынках, ласаваўся морквай на палях, ганяў матылькоў каля звонкага раўчука. А калі стамляўся, адпачываў на мяккім моху пад рабінай. Добра было зайчыку ў лесе. Аднойчы раніцай паскакаў ён на высокі ўзгорак, каб паглядзець, як сонца з-за лесу ўстае.
    Раптам зайчык заўважыў, што з узгорка насустрач яму ляціць сінічка і трымае ў дзю­бе штосьці цяжкае. Падляцела яна да зайчыка, прысела і акуратна палажыла на зямлю жолуд.
    – Сінічка, навошта табе гэ­ты жолуд, ты ж іх не ясі? – здзівіўся заяц.
    – Гэта падарунак, ласунак для вавёркі.
    – Вось яно як! Падарункі можна дарыць проста так? – здзівіўся зайчык-скакун. Яму ніколі нічога не дарылі, ды і ён нікому ніколі падарункаў не рабіў.
    І толькі зайчык вырашыў скакаць далей, як перад ім, адкуль ні вазьміся, з’явіўся крот і працягнуў яму сакавіты ліст канюшыны:
    – Трымай! Я для цябе прызапасіў. Ты тут штораніцы бегаеш, я вырашыў зрабіць табе прыемнае.
Зайчык нават “дзякуй” ска­заць не паспеў, як крот шмыгнуў назад у сваю нару, толькі яго і бачылі.
    – Ого! – падумаў зайчык. – Крот за шыкоўны падарунак нават падзякі не хацеў. Трэба і мне паспрабаваць!
    Пабег заяц на поле, знайшоў спелую моркву і задумаўся:
    – Каму ж яе падарыць?
    Вярнуўся ён у лес, а на ўз­леску заўважыў медзве­дзяня.
    Узрадаваўся зайчык і кажа:
    – Прывітанне, медзведзяня! А я табе падарунак прынёс – моркву!
    Панюхаў мядзведзь моркву і толькі зморшчыўся:
    – Не, я такога не ем. Вось калі б ты мне ягад салодкіх прынёс ці мёду – іншая справа. А гэта што за падарунак?
    Зайчык яшчэ больш здзі­віўся: ён жа ўсё правільна рабіў, а нічога не выйшла. І так засумаваў зайчык, што яму нават скакаць перахацелася.
    Паплёўся ён па лесе, ідзе, ледзь не плача. Выйшаў на паляну, а там звяры ў даганялкі гуляюць.
    – Зайчык, ты чаго такі сумны? Можа, цябе хто пакрыўдзіў?
    – Не, я сёння хацеў падарунак зрабіць, але чамусьці не атрымалася. А вы, часам, не ведаеце, як трэба дарыць падарункі?
    – Ведаем! Мы цябе навучым!
    Падбег да іх зайчык і пачаў вельмі ўважліва слухаць.
    Выйшла да яго касуля і кажа:
    – Падарунак павінен быць такім, каб спадабаўся сябру. Бо ты ж не для сябе дорыш, а для яго.
    – А яшчэ падарунак павінен быць ад шчырага сэрца, – сказала лісічка. – Каб сябар адразу адчуў, што ты яго любіш.
    – Калі дорыш, не чакай узнагароды, – сказаў вожык. – Галоўнае, каб сябру было добра. Тады і табе будзе добра разам з ім. Зразумеў?
    – Дзякуй вам, – сказаў зайчык. – Сёння я даведаўся, як трэба рабіць падарункі.
    – Ну і ў што мы зараз пагуляем? – прапішчала маленькае мышаня.
    Усё загаманілі, кожны прапанаваў сваю гульню, але тут зайчыку прыйшла ў галаву выдатная думка.
    – Пачакайце! – ускрыкнуў ён. – Я ведаю, мы будзем гуляць у Дзень нараджэння!
    – І ў каго ж будзе Дзень нараджэння? – здзіўлена спытала мышаня.
    – Ва ўсіх! А гэта значыць, што ўсе будуць рабіць падарункі адзін аднаму!
    Так зайчык-скакун наву­чыўся дарыць падарункі. З тых часоў ён дарма часу не губляе. Усе ў лесе ўжо атрымалі ад яго выдатныя падарункі, і толькі крата ён ніяк не можа сустрэць. Як толькі сустрэне, мы абавязкова Вам раскажам.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.