ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Адпачываем душою!

На скрыжаванні

Ангеліна  ПакачайлаХвала Хрысту!
   Цёпла ад сонца і ад нашай з Вамі сустрэчы на старонках газеты “Слова Жыцця”. На гэты раз, паважаныя Чытачы, мы паразважаем аб сутнасці адпачынку душы і цела, а таксама ў пункце “справа месяца” вызначым найбольш важнае – адпачынак душы.
    Будзем маліцца аб добрай працы і паспрабуем глянуць на рэчы з іншага боку. Мажліва, гэта зменіць нашыя адносіны. Выберам мелодыю для будзільніка і звернемся да кнігі Анджэя Зубэрбіра “Ці ведаю, у што веру” ў якасці хрысціянскай энцыклапедыі.
    Разважаем, аналізуем, робім высновы. Прыкладаем намаганні, спрабуем, дзейнічаем.
    Наперад і толькі з Богам.

  ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ: “Устань, ідзі: вера твая выратавала цябе” (Лк 17, 19).

    Вера – гэта тое, на што абапіраешся пры жыцці. Яна вядзе да праўды і здольна падтрымаць у самыя цяжкія хвіліны жыцця. І нават калі ўвесь свет адвернецца ад Цябе, памятай, вера застанецца з Табой. Яна дапаможа вытрымаць усе цяжкасці, беды і нягоды. Ты толькі павінен змагацца з сумненнямі, якія могуць зараджацца ў душы, і ўпэўнена крочыць наперад.

   Мэта месяца: паглядзець на рэчы па-іншаму

    Кажуць, нейкія дзеянні не могуць змяніць жыццё. Але некаторыя думкі здольны паўплываць на тое, каб захацелася гэтае жыццё змяніць, перайначыць. Таму найперш неабходна па-іншаму паглядзець на рэчы, якія ўжо змаглі замацавацца ў памяці як належнае. Іншы пункт гледжання можа перамяніць адносіны, натхніць і дапамагчы паўплываць на сітуацыю. Неабходны час, каб спыніцца і зрабіць пераацэнку жыцця. І не трэба баяцца сваіх думак: яны могуць першапачаткова здзівіць. Але праз час здзівіць і жыццё, якое пераменіцца ад Вашага ўмяшання.
   
   Прадмет разважанняў месяца: адпачынак

    Прынята лічыць, што адпачынак – гэта той стан, калі чалавек расслаблены для аднаўлення сіл. Тады цела не напружана, адчувае спакой. А што душа? Яна можа адпачываць?
    Насамрэч, душа адпачывае, калі яна працуе. Менавіта ў тыя хвіліны яна поўніцца сіламі і здольна на вялікія справы.
    Як зрабіць свой адпачынак карысным і для душы, і для цела адначасова? Разважаем летам, калі нам выдалася такая магчымасць.
     
Інтэнцыя месяца: каб кожны змог знайсці нязменную працу ў бяспечнай сферы

    Праца – гэта той кавалак жыцця, без якога нельга абысціся. Праца нас корміць, нечаму вучыць. І добра, калі яна прыносіць задавальненне. Але мінімальнае патрабаванне да яе – каб яна хаця б была. Наступнае – каб прыносіла карысць. І перадапошняе – каб не шкодзіла Табе, бо Ты маеш права на ахову сваёй асобы. Калі ўсё гэта скласці, атрымаецца, што праца здольна прыносіць поспех і радасць. Галоўнае – жаданне знайсці ключ.
  
Грэгар Іаган МендэльАсоба месяца: Грэгар Іаган Мендэль

   Сёння ў рубрыцы прадстаўлены не святы, а чалавек, які пры жыцці сумяшчаў працу і служэнне Богу. Прыклад таго, як можна існаваць і прыносіць карысць людзям, адначасова радуючы Бога.
    Іаган нара­дзіўся 20 ліпеня 1822 года ў горадзе Хейнцэндорф Аўстрыйскай імперыі. Праз два дні быў ахрышчаны. Выхоўваўся ў хрысціянскай сям’і, меў дзве сястры. Спачатку вучыўся ў філасофскім інстытуце, затым пастрыгся ў манахі Аўгустынскага манастыра. Адбылося гэта ў 1843 годзе. Потым 4 гады вучыўся ў багаслоўскім інстытуце ў Брунэ. У 1847 годзе стаў святаром.
    З 1856 па 1863 год Іаган Грэгар эксперыментаваў у манастырскім садзе з гарохам (яго цікавіў працэс гібрыдызацыі раслін). Пасля чаго ім былі сфармуляваны законы, якія тлумачаць механізм наследавання. Зараз яны вядомыя як “Законы Мендэля”.
    У 1868 годзе ён быў абраны на пасаду абата манастыра. Больш біялагічнымі даследаваннямі ён не зай­маўся. Сучаснікі яго не прызнавалі. Але цяпер вынікі яго даследаванняў шырока вядомыя.
    Да якіх святых маліцца ў ліпені?
    Святы апостал Тамаш (3 ліпеня), святая Брыгіта (23 ліпеня), святы апостал Якуб (25 ліпеня), святыя Яўхім і Ганна, бацькі Марыі (26 ліпеня), святая Марта (29 ліпеня).
   
    Справа месяца: адпачыць душою
   Як ужо было сказана раней, душа адпачывае падчас руплівай працы над сабой. Толькі тады яна не адчувае пустэчы, а напаўняецца сэнсам, як пустая шклянка вадою. Душа прыемна стамляецца, але хоча выказваць эмоцыі, хоча дзейнічаць. Па целе прабягае дрыготка задавальнення.
    Адпачынак душы – гэта праца сэрца.
    І калі яно стукае хутчэй, душа радуецца.
    Няхай жа лета прынясе Вам не толькі сонечнае цяпло, але і дождж у душы, пасля якога абавязкова павінна заззяць рознакаляровая вясёлка.
   
 Кніга месяца: “Ці ведаю, у што веру”,
   Анджэй Зубэрбір
   Вельмі часта тое, што мы робім пастаянна, набывае характар паўсядзённасці. Але гэтага нельга дапускаць у пытаннях веры. Калі ў малітве мы кажам “Ойча”, то яно кожны раз павінна гучаць з пашанай і вялікасцю.
    Кніга дапамагае растлумачыць тыя словы, якімі мы карыстаемся пры выяўленні хрысціянскай веры. Нагадаць аб тым, які вялікі сэнс закладзены ў хрысціянскіх паняццях. Дапамагае не разгубіць на шляху смак веры, таго, што жыве ў сэрцы верніка.
    “Не трэба імкнуцца прачытаць гэтую кнігу на адным дыханні, ад пачатку да канца, – кажа аўтар. – Але нават калі хто так і зробіць, няхай пасля паставіць яе дзесьці пад рукою. Пры неабходнасці, калі пачуе альбо прачытае якіясьці словы, звязаныя з верай, і не зможа іх зразумець, то возьме кнігу «Ці ведаю, у што веру»”.
   
    Песня месяца: “Раніца”, ave
   Ці можаце Вы адказаць, якая мелодыя падымае Вас з раніцы? Нейкая папсовая песенька з адсутнасцю сэнсу або гукі артылерыі, здольныя прымусіць суседзяў змяніць да Вас адносіны?
    Прапаную песню гурта ave “Раніца”. Яе словы прымушаюць скінуць коўдру і зірнуць у вакно, бо “...Цёплы прамень абудзіў мяне”. Аптымістычным настрой робіць ідэя, словы якой падказваюць, навошта жыць: “Яшчэ ёсць час, яшчэ адзін крок паправіць усё, што не так…”. Хочацца смачна пазяхнуць і пачаць планаваць сёння.

Няхай сэрца працуе, а душа адпачывае.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.