ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Гродзеншчына - зямля, акропленая пакутніцкай кроўю святароў

Карані нашай веры

Св. Імша на фартах каля в. Навумавічы  Гродзенскія душпастары ў час нямецкай акупацыі былі аб’ектам асаблівых рэпрэсій з боку акупантаў. У Гродне ў сярэдзіне 1942 г. у турме апынуліся наступныя святары: Альбін Ярашэвіч, дзекан і пробашч гродзенскай Фары; пенсіянеры Ян Крукоўскі і Тэадор Рылла; Юстын Скакоўскі, капелан касцёла сясцёр назарэтанак; Людвік Саванеўскі, прэфект Фары, да вайны рэдактар газеты “Новае Жыццё”; Казімір Шыпіла, вікарый з Фары; Станіслаў Смялоўскі, вікарый з Фары; Эмільян Войтах, вікарый пабернардынскай парафіі, а таксама айцы францішкане: Дыянізій Клімчак, Тытус Стралевіч і Аркадзь Вальтась. Адзіным святаром на свабодзе ў Гродне заставаўся кс. Антоній Курыловіч, пробашч пабернардынскай парафіі, і толькі яго парафіяльны касцёл працаваў у гэты час. Арыштаваныя святары праз пару месяцаў былі выпушчаны. Здаецца, што даўжэй у турме быў кс. дзекан Ярашэвіч, арыштаваны ў Беластоку.
Больш трагічным па сваіх выніках аказаўся арышт святароў у 1943 г. Гэта быў час, калі гітлераўскія войскі ўжо цярпелі паражэнні на фронце і больш рашуча дзейнічалі партызаны. Немцы тэрорам хацелі запалохаць людзей і здзяйснялі масавыя смяротныя пакаранні. У гэтым таксама бачна паслядоўнасць знішчэння інтэлігенцыі, у тым ліку і каталіцкіх святароў. Здзяйсняліся карныя аперацыі ў вёсках, нп. Шаўлічы ў парафіі Ваўкавыск, дзе было забіта звыш 360 чалавек, Сіні Камень і Шкленск у парафіі Азёры, а таксама Ясёнава ў парафіі Ліпск (Ломжыцкая дыяцэзія).
13 ліпеня 1943 г. пад Гроднам, на фартах каля вёскі Навумавічы, расстралялі 50 вязняў з Ліпска, сярод іх бласлаўлёную Мар’яну Бярнацкую, што аддала жыццё за сваю нявестку, якая чакала дзіця. Праз два дні на тым самым месцы была расстраляна чарговая вялікая група вязняў, у асноўным з інтэлігенцыі. У гэтай групе сваё жыццё аддалі шэсць ксяндзоў: д-р Вітольд Кузьміцкі, дамброўскі дзекан, Юстын Скакоўскі, капелан касцёла сясцёр назарэтанак у Гродне, Казімір Шыпіла, вікарый з гродзенскай Фары, францішканін з гродзенскага кляштара а. Дыянізій Міхал Клімчак, Браніслаў Руткоўскі, пробашч з Ліпска, і Юзаф Плоньскі, пробашч з Рыгалаўкі. Два апошнія ксяндзы былі святарамі Ломжыцкай дыяцэзіі. Далей пададзены кароткія звесткі пра гродзенскіх ксяндзоў.

    Кс. Казімір Шыпіла
    Кс. Шыпіла нарадзіўся ў 1912 г. На жаль, не ўдалося высветліць, адкуль ён паходзіў і дзе вучыўся да паступлення ў семінарыю. У духоўную семінарыю ў Вільні паступіў у 1931 г. Вучыўся разам з кс. Вітольдам Петкуном, кс. Пятром Мазеўскім і кс. Вітольдам Астроўскім. Святарскія пасвячэнні прыняў з рук кс. б-па Рамуальда Ялбжыкоўскага ў віленскай катэдры 20 чэрвеня 1937 г. Першай парафіяй, куды ён быў накіраваны як вікарый, была парафія Заблудава. У снежні 1938 г. быў пераведзены ў Гродна ў парафію св. Францішка Ксаверыя. Тут яго застала вайна і абедзве акупацыі. У сярэдзіне 1942 г. кс. Казімір быў арыштаваны разам з іншымі гродзенскімі святарамі. Праз два месяцы яго выпусцілі. 15 ліпеня 1943 г. ён быў зноў арыштаваны і расстраляны разам з многімі вязнямі на фартах каля вёскі Навумавічы. Гэтыя фарты – гэта фрагмент гродзенскай крэпасці, пабудаванай яшчэ царскімі ўладамі перад I Сусветнай вайной.

    Кс. Юстын Скакоўскі
    Кс. Юстын Скакоўскі хутчэй за ўсё паходзіў з латвійскіх тэрыторый. Нарадзіўся ў 1876 г. Скончыў духоўную семінарыю Магілёўскай архідыяцэзіі і ў 1901 г. прыняў святарскія пасвячэнні. З 1907 г. быў рэктарам філіяльнага касцёла ў Дрысе над Дзвіной (сёння Верхнядзвінск) і школьным прэфектам. Яго лёс у час I Сусветнай вайны невядомы. Потым быў святаром Рыжскай дыяцэзіі і працаваў у Латвіі. У 1934 г. з’яўляецца ў Віленскай архідыяцэзіі як адміністратар парафіі Нёман у Лідскім дэканаце. З 1935 г. быў капеланам касцёла сясцёр назарэтанак (Звеставання НПМ) у Гродне і прэфектам школ. Пры гэтым касцёле працаваў і падчас вайны. Падзяліў пакутніцкі лёс іншых гродзенскіх святароў. Разам з імі на працягу прыблізна двух месяцаў сядзеў у турме ў Гродне ў 1942 г., а 15 ліпеня 1943 г. разам з іншымі вязнямі быў расстраляны пры фартах каля Навумавіч пад Гроднам, і там спачыла яго цела.

    Францішканін а. Дыянізій Міхал Клімчак
    Айцец Дыянізій быў манахам кляштара канвентуальных францішканаў у Гродне. Паходзіў з Львова, дзе нарадзіўся ў 1907 г. У францішканскі ордэн уступіў у 1923 г. Праз год склаў першыя манаскія шлюбы. Святарскія пасвячэнні прыняў у 1932 г. Перад самай вайной прыбыў у Гродна і тут у цяжкіх ваенных і акупацыйных умовах кіраваў касцёлам і парафіяй пры касцёле Маці Божай Анёльскай. Разам са сваімі сабратамі перажываў спачатку савецкую акупацыю, а затым нямецкую. У час саветаў частка сабратоў была вымушана пакінуць кляштар. Святары занялі месцы, пазбаўленыя святароў ці былі дапамогай у душпастарстве, нп. у Казловічах, Адамавічах, Мікелеўшчыне. Адзін з іх, а. Інакенцій Юзаф Гуз, вясной 1940 г. быў арыштаваны саветамі ў Адамавічах і пасаджаны ў турму. Яму ўдалося ўцячы з турмы, але падчас пераходу нямецкай мяжы ён быў злоўлены гітлераўцамі і ў хуткім часе аддаў сваё маладое жыццё ў Заксенхаўзене. Сёння ён залічаны да бласлаўлёных. А. Дыянізій жа разам з сабратамі сядзеў у турме ў Гродне ў 1942 г., а 14 ліпеня 1943 г. быў арыштаваны разам з вязнямі і на наступны дзень расстраляны пры сёмым фарце каля Навумавіч пад Гроднам. Спачыў у брацкай магіле.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.