ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Самая вялікая радасць у жыцці

Дзіцячы куточак

Жыў-быў маленькі хлопчык Міхась. Ён быў вельмі сумны, таму што ўсе займаліся толькі сваімі справамі і ніхто не хацеў лічыцца з ім.
   Адзінымі радаснымі днямі былі толькі тыя дні, калі блізкія дарылі яму падарункі. Але праходзіла трохі часу, і радасць ад падарункаў чамусьці знікала.
   І вось, аднойчы познім вечарам, калі хлопчык ужо быў у ложку, ён пачуў лёгкі шум. Ён яшчэ нават не паспеў спалохацца, як перад ім з’явіўся маленькі анёл.
   – Хто ты? – спытаў Міхаська.
   – Я – анёл, які прыносіць радасць сумным дзецям.
   – Значыць, ты прынёс мне падарункі?! – узрадаваўся хлопчык.
   – Не, – адказаў анёл.
   Міхась раззлаваўся, а потым ізноў засумаваў.
– Паслухай, Міхась, – сказаў анёл, – паглядзі, колькі ў цябе розных падарункаў, яны раскіданы па тваім пакоі! Няўжо ты не радуешся, калі глядзіш на іх?
   – Я шчаслівы, калі іх атрымліваю, але потым пачуццё шчасця чамусьці адыходзіць, а падарункі ўжо не цешаць, – адказаў Міхась.
   – Дык вось, – сказаў анёл, – я хачу паказаць табе тое, што заўсёды будзе дастаўляць табе радасць і шчасце. Але спачатку мы перанясёмся ў краіну, дзе жывуць шчаслівыя людзі.
   Анёл прамовіў словы малітвы, і яны апынуліся ў дзіўнай краіне. Вакол былі квітнеючыя паляны, прыгожыя хаты, каля якіх гулялі маленькія дзеці з усмешкамі на тварах.
   – Чаму яны так радуюцца? – спытаўся хлопчык.
   – Паглядзі на іх, і ты сам знойдзеш адказ, – сказаў анёл.
   І Міхаська пачаў хадзіць ад хаты да хаты, ад двара да двара. Ён убачыў, як адзін старэйшы хлопчык гуляў з маленькім, другі майстраваў падарункі бацькам, трэці дапамагаў наводзіць парадак у хаце, чацвёрты складаў для ўсіх вясёлыя гісторыі. Кожны штосьці рабіў для іншых.
   Міхась нахмурыў бровы і паглядзеў на анёла.
   – Ты яшчэ не здагадаўся, чаму ўсе яны такія радасныя? – спытаў анёл. – Я падкажу табе. Усе яны дораць радасць іншым, дзеляцца сваімі прыгожымі пачуццямі, дораць сваё сяброўства, клопат і дапамогу. Яны не атрымліваюць, а аддаюць, дораць. Самы вялікі падарунак, самая вялікая радасць у жыцці – калі ў цябе ёсць здольнасць рабіць іншых шчаслівымі і радаснымі. А гэтая здольнасць ёсць ва ўсіх, толькі не ўсе аб гэтым ведаюць. І ты можаш увесь час быць шчаслівым, таму што ў цябе ніхто не можа забраць гэтую цудоўную здольнасць аддаваць сваю любоў, клопат і цяпло другім людзям.
   – Я хачу застацца ў гэтай краіне, тут вельмі хораша! – сказаў Міхась.
   – Ты таксама можаш аддаваць сваё душэўнае цяпло і клапаціцца пра іншых. – Анёл ізноў прамовіў словы малітвы, і хлопчык апынуўся ў сваім пакоі.
   Ён ужо ляжаў у сваім ложачку і думаў пра тое, каб хутчэй наступіў заўтрашні дзень. Ён зможа намаляваць штосьці прыгожае ў падарунак бацькам, абавязкова дапаможа бабулі па хаце і складзе вясёлую гісторыю для суседскага хлопчыка, які таксама часта бывае сумным.
   І Міхась заснуў у прадчуванні заўтрашняга дня, дзе не будзе месца суму, дзе не трэба нічога чакаць, дзе радасць і шчасце залежаць толькі ад яго.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.