ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Парафіяда-2012: хваліць Бога спевам, малітвай і рухамі!

З жыцця Касцёла

Пераможцам сёлетняй Парафіяды па выніках усіх спаборніцтваў стала парафія з Росі. Моладзь прыехала на Парафіяду першы раз і адразу перамагла. Прыемна здзівіла колькасць удзельнікаў: гэтым разам у Гродна на спаборніцтвы прыехала каля 380 чалавек з 27 парафій у параўнанні з 300-мі ў мінулым годзе. А яшчэ, арганізатары і ўдзельнікі штодня дзякавалі Богу за цудоўнае надвор’е на працягу ўсіх дзён Парафіяды, што дадавала пазітыву гэтым сустрэчам.
   Назіраючы за ўдзель­нікамі спаборніцтваў ужо чацвёрты год, галоўны арганізатар Парафіяды кс. Артур Малафей кажа, што агульны ўзровень падрыхтоўкі дзяцей і моладзі ў розных спаборніцтвах павышаецца з кожным годам. Асабліва гэта заўважна ў некаторых відах спартыўных дысцыплін і тэатральным конкурсе. Дзеці за некалькі гадоў упадабалі гэтае вясёлае і маштабнае мерапрыемства, таму больш адказна да яго рыхтуюцца.

Усё пачынаецца са “Святыні”
Чацвёртая па ліку Парафіяда распачалася св. Імшой, якую ўзначаліў кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч. На пачатку літургіі кс. Артур Малафей прывітаў усіх удзельнікаў Парафіяды, а таксама прысутных гасцей і спонсараў: прадстаўніка Генеральнага консульства РП у Гродне сп. Яцэка Даліву, прадстаўніцу Таварыства “Парафіяда” імя св. Іосіфа Каласанца з Варшавы сп. Марыю Куель, спадарства Баляслава і Таццяну Івашко, сп. Станіслава Занеўскага.
   Сп. Марыя Куель звярнулася да ўдзельнікаў Парафіяды ў Гродне:
   – Дарагія ўдзельнікі, жадаю вам сапраўднай радасці, выдатных уражанняў, добрай забавы, новых сяброў. А арганізатарам жадаю атрымаць шмат задавальнення ад рэалізацыі такога важнага мерапрыемства, якім з’яўляецца Парафіяда.
   Яна выказала спадзяванне, што Парафіяда стане адданнем хвалы Богу: не звычайнай, штодзённай, але праз спорт і культуру, а таксама спрычыніцца да развіцця талентаў і пазітыўнага погляду на свет і людзей у яе ўдзельнікаў. Напрыканцы літургіі ўдзельнікі спаборніцтваў урачыста вынеслі сцяг Парафіяды, а пасля была складзена прысяга.

Гэта былі сапраўдныя міні-спектаклі
Конкурсная праграма другога дня Парафіяды аб’ядноўвала спаборніцтвы пад агульнай назвай “Тэатр”. Яна распачалася конкурсам на веданне Бібліі і гісторыі жыцця Касцёла. Найлепш у тэстах зарыентаваліся вернікі самай малодшай катэгорыі – агулам яны паказалі лепшыя вынікі, найгорш чамусьці сябе паказалі ў веданні Бібліі самыя старэйшыя ўдзельнікі. Лёгкімі дзецям падаліся пытанні, якія датычыліся нейкіх дзеянняў у Бібліі. Цяжкімі былі пытанні, якія патрабавалі ведання некаторых урыўкаў Святога Пісання даслоўна.
   – Сёлета мы рыхтавалі тэсты на веданне Бібліі, якія тычыліся разумення веры, канкрэтна дзеянняў Езуса Хрыста, – распавёў кс. Віктар Ханько, старшыня камісіі “Тэатр” Парафіяды. – Па выніках тэстаў ствараецца ўражанне, што дзеці часам не пазначылі правільны адказ з-за няўважлівасці, а не з-за няведання Бібліі, бо часам пытанні былі на кемлівасць. Хоць некаторыя малодшыя ўдзельнікі запоўнілі тэст практычна на 90% правільна. У старэйшых удзельнікаў пытанні былі часам даволі складаныя.
   Прапануем чытачам адно пытанне з тэстаў для самай малодшай катэгорыі (Вы маеце магчымасць праверыць сваю кемлівасць і веданне Бібліі): “Што, паводле Езуса, трэба зрабіць, калі пачынаеш маліцца?” Варыянты адказаў: прабачыць; заспяваць песню; зрабіць знак крыжа; стаць на калені.
   Адным з самых відовішчных конкурсаў быў паказ малых тэатральных форм. Дзеці браліся за пастаноўку даволі складаных і глыбокіх тэм. У журы прысутнічалі ўжо вядомыя ўдзельнікам Парафіяды асобы: сп. Святлана Лычкоўская, салістка эстрадна-сімфанічнага аркестра “Nota Band”, сп. Анатоль Кандыба, загадчык музычнай часткай Гродзенскага драматычнага тэатра, кс. Андрэй Радзевіч. Уражаннямі ад паказу тэатральных выступаў падзяліўся сп. Анатоль Кандыба:
   – Я назіраю Парафіяду ўжо 4 гады. У цэлым, стала нашмат больш тэатралізацыі, нашмат больш творчага падыходу ў параўнанні з конкурсамі першых гадоў. Аднак, узровень розных груп даволі розны. Ёсць над чым працаваць кіраўнікам парафіяльных тэатральных груп. А дзеці стараліся, і гэта было бачна: рэквізіт, касцюмы, дэкарацыі. Была б адна рэкамендацыя: мы ўсё-такі жывём у ХХI ст., і хацелася б бачыць больш сучасную форму рэалізацыі зместу, больш набліжаную да моладзевай тэматыкі. Напрыклад, цікава глядзелася пантаміма.
   Больш удзельнікаў сабралі музычныя конкурсы: “Sacro song” (конкурс рэлігійнай песні) і “Музыка маім жыццём”. Трохі засмучала, што пераважнай большасцю, асабліва ў другім конкурсе, былі дзяўчаты, якія спявалі ці па адной, ці дуэтамі, ці трыо. Хлопцы былі заўважаныя літаральна ў некалькіх нумарах. Большую магчымасць разгарнуцца даваў, канешне, конкурс “Музыка маім жыццём”. Парафіядаўцы спявалі папулярныя хіты расійскай, польскай, замежнай эстрады, перараблялі песні, спрабавалі ставіць сцэнічныя нумары. Аб тым, які ўзровень музычных выканаўцаў быў сёлета, падзялілася меркаваннем сп. Святлана Лычкоўская:
   – Было шмат яркіх дзяцей. Уразіла тое, што дзеці ўдала папулярызуюць рэлігійныя песні – гэты конкурс было цікава слухаць, і было бачна, што слухачы таксама ведалі гэтыя песні і падпявалі. Цікавымі былі рэлігійныя песні, пакладзеныя на сучасныя вядомыя мелодыі. А ўжо ў вольнай катэгорыі дзеці раскрыліся яшчэ больш, спрабавалі і касцюмы рабіць сцэнічныя, і рухі былі. Хоць бачылася часам і скаванасць. Думаю, што з гадамі ўдзельнікі будуць улічваць атрыманы вопыт і будуць спяваць усё лепш.
   Пасля конкурсаў усіх удзельнікаў Парафіяды чакаў канцэрт гурта з парафіі Гродна-Дзевятоўка.

У частцы трыяды “Стадыён” дадаліся новыя дысцыпліны
У трэці дзень Парафіяды ўсе ўдзельнікі сабраліся на гродзенскім стадыёне “Нёман”. Яны ўрачыста прайшлі на галоўны стадыён, несучы высока над галавой таблічкі з назвамі сваіх мясцовасцей і парафій. Удзельнікаў прывітаў парафіядны камітэт на чале з дырэктарам стадыёна Францішкам Лецягам, які выступіў з прамовай і пажадаў усім поспехаў і высокіх вынікаў у спаборніцтвах.
   Пасля малітвы і гімна ўдзельнікі Парафіяды разышліся па месцах, дзе праводзіліся спартыўныя конкурсы. Дзеці і моладзь паказвалі свае здольнасці ў розных відах спорту: бегу, футболе, валейболе, шашках, бадмінтоне і інш.
   Мы спыталіся аб уражаннях ад Парафіяды ў яе ўдзельнікаў.
   – Я вельмі рады, што ёсць такое мерапрыемства, дзе дзеці і моладзь могуць паказаць свае здольнасці і таленты, а таксама засведчыць веру ў Бога. Тут я хварэю за сваю каманду, а таксама заводжу новыя знаёмствы, – расказаў Максім з парафіі Божай Міласэрнасці на Вішняўцы. – Я вельмі задаволены тым, што прыехаў сюды, хоць знаходжуся тут першы раз. Мы спачатку молімся ў касцёле, каб усё было добра, затым едзем, каб прыняць удзел у конкурсах і спаборніцтвах, – падзяліўся ўражаннямі адзін з удзельнікаў.
Сваімі ўражаннямі падзяліўся таксама ксёндз Артур Малафей:
   – У гэтым годзе ў частцы трыяды “Стадыён” мы дадалі некаторыя віды спорту, каб дзеці маглі як мага больш сябе рэалізаваць. Вялікая ўвага надаецца не толькі фізічнаму, але і духоўнаму боку Парафіяды. Больш за ўсё мяне ўразіла тое, што незалежна ад таго, якая каманда прымала ўдзел у спаборніцтвах, усе прысутныя ўзнагароджвалі пераможцу апладысментамі, а калі хтосьці не дабіваўся пазітыўных вынікаў, апекуны груп прыходзілі з падтрымкай і суцяшэннем для гэтых удзельнікаў.
   Пасля цяжкага, але вельмі плённага дня, удзельнікі Парафіяды адправіліся ў Квасоўку, дзе ўсіх чакаў пачастунак і вясёлы вечар з канцэртам.

Дзякуй за свята для дзяцей і моладзі
Закрыццё Парафіяды распачалося ўра­чыс­тай св. Імшой у касцёле Беззаганнага Зачацця НПМ, якую ўзначаліў кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч. Пасля літургіі адбылося ўзнагароджванне пераможцаў, што працягвалася амаль 2 гадзіны пад дзіцячыя воклічы радасці за атрыманыя ўзнагароды. Кожнае агучанае імя пераможцы суправаджалася бурнымі апладысментамі. Стоячы на п’едэстале, моладзь, відаць, адчувала сябе сапраўднымі героямі. Удзельнікам было чым ганарыцца: некаторыя везлі ў парафію адразу некалькі медалёў.
   – За падарункі ўдзельнікам Парафіяды хачу выказаць вялікую падзяку сужэнскім парам: Таццяне і Баляславу Івашко, Ірэне і Валянціну Лаўрыш, Галіне і Станіславу Занеўскім, – адзначае кс. Артур Малафей. – Асобнае дзякуй гродзенскаму “Caritas” у асобе яго дырэктара кс. Віталія Дабраловіча. Таксама шмат дапамог дырэктар Гродзенскага мясакамбіната Анатоль Грышук. Хачу яшчэ выказаць удзячнасць тым пробашчам, якія прымалі ўдзельнікаў Парафіяды ў сваіх парафіях: кс. Станіславу Станеўскаму (Гродна-Дзевятоўка), кс. Аляксандру Раманоўскаму (Гродна-Паўднёвы), кс. Яну Занеўскаму (Квасоўка), які арганізаваў парафіядаўцам вечар адпачынку ў Квасоўцы, кс. Эрнэсту Будыну з парафіі Гродна-Вішнявец за арганізацыю начлегаў для ўдзельнікаў Парафіяды.
   Арганізатары Парафіяды таксама выказваюць падзяку дырэктару ААТ “Шклозавод “Нёман”, г. Бярозаўка, Ігару Міхайлавічу Бацяну за правядзенне рэкламнай акцыі на Парафіядзе.
   Як падкрэслівалася падчас усёй Парафіяды, самае важнае было не перамагчы, а супольна ўхваліць Бога прыгожымі спевамі, выступамі і спартыўнымі дасягненнямі, а таксама падзяліцца радасцю ад пачутых канцэртаў і ўзятых вяршынь у спаборніцтвах. Атмасфера падчас усіх дзён Парафіяды адчувалася сапраўды вельмі прыязнай і сяброўскай. Напэўна, таму, што шмат увагі надавалася духоўнаму аспекту: штодзённай літургіі, малітвам, канферэнцыям, рахункам сумлення.
    Чакаем наступнай Парафіяды!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.