ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

З каталіцкага друку (30)

Прэса

“Зялёнае святло на дарозе да мар”
    Моніка Бурчанюк,
   29.05.2012

Аўтарка разважае, чаму мы ў размове са знаёмымі на пытанне: “Як справы?” заўсёды знойдзем, на што панаракаць. Адкуль у нас бярэцца жыццёвы песімізм, горыч і незадаволенасць уласным жыццём? На гэтую тэму сп. Моніка размаўляе з псіхолагам з Таварыства хрысціянскіх псіхолагаў Эмільянам Валендзікам.
Чаму наракаем? Эмільян Валендзік кажа, што нараканне з’яўляецца для нас выгадным спосабам заставацца на месцы, у бяздзеянні. Калі мы гаворым: “не хачу рызыкаваць”, “не маю шанса на поспех”, мы запальваем чырвонае святло на сваёй дарозе. Віраванне жыцця вакол нас і знаёмствы з рознымі людзьмі павялічваюць верагоднасць таго, што мы будзем сутыкацца з праблемамі або канфліктамі. Некаторых людзей гэта паралізуе і прымушае “збаўляць хуткасць жыцця”, стаяць на месцы, бо так больш бяспечна, і наракаць. Каб магчы ісці па жыцці з аптымізмам, трэба разумець, што для мяне важна, чаго я жадаю, чаго не хачу, і ведаць, чаго ад мяне чакае свет. Абмен гэтай інфармацыяй у вялікай ступені адбываецца на эмацыянальным узроўні, таму клопат за гэты бок нашага жыцця бясспрэчна будзе ўплываць на нашую актыўнасць, адкрытасць, рабіць так, што мы будзем больш ахвотна браць “лейцы ва ўласныя рукі”, замест таго, каб уцякаць у бездапаможнасць і нараканне.
    Ці павінны мы радавацца кожнай хвіліне жыцця і дзякаваць за яе? На гэтае пытанне, кажа псіхолаг, кожны павінен адказаць сабе сам. Жыццё – гэта рух, радасць і актыўнасць наперакор рызыцы, а таксама пачуццё ўдзячнасці за кожную магчымасць зрабіць мой кавалак свету прыгажэйшым, за кожную магчымасць пазнання праўды. Гэта можна адчуць як здабываючы вяршыні найвышэйшых гор свету, так і робячы першыя няпэўныя крокі на бальнічным калідоры пасля аперацыі на сцегнавы сустаў. Важна не капітуляваць у барацьбе за нашыя мары ад страху перад невядомым заўтра, каб цешыцца кожнай магчымасцю і, нягледзячы на страх, спрабаваць яе выкарыстаць.



“Сакрамант хворых ці паміраючых?”
Моніка Бялкоўская, 
   22/2012

Аўтарка спрабуе разважаць над тэмай хваробы для веруючага чалавека: якую матывацыю можа знайсці вернік для яе перажывання? У Бібліі пра хваробу можна прачытаць шмат. Што характэрна, яна ніколі не з’яўляецца карай за індывідуальны грэх. Кніга Іова дазваляе нам, піша аўтарка, знайсці тэалогію хваробы: пакутуючы Іоў не разважае над сваім няшчасцем у маральнай плоскасці, у плоскасці віны і кары, але кажа Богу: “Дагэтуль я толькі чуў пра Цябе, а зараз убачылі Цябе мае вочы”.
    Аўтарка закранае тэму сакраманту намашчэння хворых, які часам называюць “апошнім намашчэннем”. Яго можна атрымаць у кожнай цяжкай хваробе, а таксама перад аперацыяй і ў сталым узросце. Гэты сакрамант можна паўтараць, нават у той самай хваробе, калі назіраецца яе рэцыдыў ці пагаршэнне стану. Важна, каб яго прымаў чалавек свядомы і прытомны. Кожны сакрамант, нагадвае сп. Моніка, з’яўляецца падтрымкай на пэўным этапе чалавечага жыцця. Сакрамант намашчэння – гэта падтрымка ў стане хваробы. Як і ўсе іншыя, гэты сакрамант з’яўляецца сустрэчай з Хрыстом і патрабуе ад чалавека веры.
    Пасля даўняга падкрэслення ролі сакраманту намашчэння хворых як падрыхтоўкі да смерці, варта сёння заўважыць, што кожная хвароба з’яўляецца цярпеннем, крыжам, які трэба несці – а праз гэта таксама і этапам дарогі да ўваскрасення. Езус хоча несці з намі наш крыж. Без Яго кожнае цярпенне будзе безнадзейным і бессэнсоўным. Прыняцце сакраманту намашчэння хворых з’яўляецца прыняццем цярпення і прыняццем яго сэнсу, даручэннем сябе міласэрнаму Айцу і адшуканнем супольнасці з Хрыстом – укрыжаваным і ўваскрослым, падводзіць вынік аўтарка.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.