ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Катэхеты аб рэлігійным выхаванні дзяцей

З жыцця Касцёла

Як прайшоў гэты катэ­хетычны год? Ці ахвотна дзеці пазнавалі Бога?
С. Людміла з Кангрэ­га­цыі Сясцёр Служак НПМ Беззаганнай, пар. Гродна-Аўгустовак:
Супрацоўнічаючы з Божай ласкай, супра­цоўні­чаючы з дзецьмі і іх бацькамі, мы стараліся як мага больш плённа перажыць чарговы катэхетычны год. Цяжка ацаніць, як прайшоў гэты год, бо мы цяпер пакуль толькі сеялі, а плёну трэба яшчэ пачакаць. Тое, наколькі мы жывём з Богам, наколькі стараемся рэалізаваць у сваім жыцці Евангелле, будзе сведчыць аб нашым жыцці. Як і кожны год, найахвотней на катэхезу хадзілі дашкольнікі, дзеці, якія рыхтуюцца да Першай св. Камуніі. Мы ўвесь час павінны прыкладаць намаганні, каб прыцягнуць да Бога астатніх дзяцей, зацікавіць іх жыццём з Богам.

Што трэба рабіць, каб заахвоціць дзяцей хадзіць на ўрокі рэлігіі?
С. Юзэфа з суполь­насці сясцёр Найсвяцейшай Сям’і, пар. Гродна-Дзевятоўка:
Каб у дзяцей з’явілася жаданне хадзіць на катэхезы, вельмі важна, каб катэхет жыў тым, чаму вучыць. Заняткі павінны быць разнастайнымі, таму што з-за выкарыстання адных і тых жа метадаў дзеці стамляюцца і губляюць цікавасць. Дзецям падабаецца маляваць, разгадваць крыжаванкі, слухаць гісторыі і прыдумваць іх самім. Праца ў групах дапамагае дзецям адкрыць саміх сябе, дае магчымасць зрабіць нешта самастойна, праявіць ініцыятыву, а таксама адкрыць сябе на іншых. Больш за ўсё дзецям падабаецца ўдзельнічаць у сцэнках, іграць пэўныя ролі. Таксама дзеці з радасцю і вялікім жаданнем удзельнічаюць у разнастайных конкурсах. Для того, каб дзеці хадзілі на ўрокі рэлігіі, катэхет павінен удзяляць увагу кожнаму вучню, паказаць, што ўсе для яго роўныя. Дзеці павінны адчуваць, што катэхет любіць іх, верыць у іх і яму дарагое кожнае дзіця.

Ці сённяшні малады чалавек хоча пазнаваць Бога?
Сп. Наталля, катэхетка з пар. св. Юзафа ў Гродне:
Асабліва малады чалавек нешта шукае ў жыцці, хоча ўсё зразумець, растлумачыць самому сабе сэнс жыцця, яго цікавяць пытанні аб існаванні Бога. Але не кожны задумваецца аб гэтым. Жаданне пазнаваць Бога могуць заглушаць разнастайныя мінучыя рэчы, сярод якіх у наш час асаблівае месца займаюць камп’ютар, тэлевізар, мабільны тэлефон, плэер і г.д. Празмерна імі карыстаючыся, чалавек увесь час нечым заняты, яго думкі адходзяць у віртуальны свет, сэнсам жыцця становіцца дасягненне неістотных, імгненных, практычных, а часам эгаістычных мэт, якія не маюць ніякай каштоўнасці. Гонячыся за ўсім гэтым і ўсё глыбей апускаючыся ў гэтую бездань, у маладога чалавека няма жадання і, як часта кажуць, няма часу спыніцца, спытацца ў сябе: “Хто я? Для чаго і для каго я жыву?”, паглядзець на сваё жыццё збоку, так, як на яго глядзіць Бог. А які Бог? Хто Ён?
Такім чынам, тое, як сучасны малады чалавек пазнае Бога, залежыць ад яго самога, ад яго штодзённага выбару, ад яго супрацоўніцтва з ласкай Бога, які сам нагадвае пра сябе ў глыбіні душы кожнага чалавека.

Якую ролю адыгрываюць бацькі ў рэлігійным выха­ванні дзяцей?
Барбара Сайнок, працуе з сем’ямі пры Кан­ферэнцыі Біску­паў на тэрыторыі Бела­русі:
Я лічу, што бацькі найважнейшыя ў рэлігійным выхаванні дзяцей, таму што яны з’яўляюцца для іх прыкладам. Гэта не катэхет, а бацькі становяцца першымі настаўнікамі, гэта іх, кленчачых падчас малітвы, бачаць дзеці. Яны ведаюць, што ёсць Хтосьці важнейшы і мацнейшы за бацькоў, што ёсць Хтосьці такі вялікі, што перад Ім можна сагнуць калені. Бацькі найбольш з’яўляюцца выхавацелямі рэлігійнага жыцця тады, калі дзейнічаюць згодна з Божымі запаведзямі, калі даюць асабісты прыклад, тады ў дзяцей фарміруецца ўвесь маральны пазваночнік. Яны ведаюць, што Пан Бог найважнейшы, што малітва найважнейшая, а каб быць шчаслівым, у жыцці трэба кіравацца хрысціянскімі каштоўнасцямі. Ніхто не праводзіць з дзецьмі столькі часу, як іх бацькі, таму яны маюць шанс. Толькі яны маюць шанс пабудаваць новы погляд на свет, погляд у святле веры. Толькі яны могуць выхаваць у дзіцяці тое, што з’яўляецца найважнейшым у жыцці. І тое, што дзеці атрымаюць ад бацькоў, не дасць ім больш ніхто. Яны заўсёды будуць вяртацца да тых каштоўнасцей, якія ў іх заклалі бацькі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.