ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Казка пра дзве свечкі

Дзіцячы куточак

Прынёс чалавек у капліцу дзве свечкі, запаліў іх і паставіў перад абразом. Свечкі заплакалі сваімі гарачымі васковымі слязамі і зразумелі, што ім не прыйдзецца ўжо доўга жыць. Свечкі сталі прасіць чалавека, каб ён патушыў іх. Ім не хацелася згараць да канца, а хацелася пажыць даўжэй. А чалавек кажа ім у адказ:
   – Вы створаны для таго, каб дарыць людзям святло, і абедзве робіце добрую і важную справу – асвятляеце абраз. Людзі, якія прыходзяць у капліцу, каб паразмаўляць з Богам, удзячны вашаму свячэнню. Бо калі ў капліцы цёмна, ваш агонь дапамагае ім бачыць абраз. Усё сваё кароткае жыццё вам трэба гарэць і свяціць людзям, бо для гэтага вы прызначаны.
   – Хай людзі як-небудзь без мяне абыдуцца, – сказала доўгая тоўстая свечка. – Я хачу жыць толькі для сябе. Мне не хочацца дарыць людзям сваё святло, і я зусім не жадаю ахвяраваць жыццё дзеля кагосьці іншага. Лепш схавайце мяне ад людзей у цёмным далёкім кутку, дзе мяне ніхто не заўважыць і не стане падпальваць.
   Выканаў чалавек просьбу таўстай свечкі. Патушыў яе, занёс у далёкі куток і паклаў у непрыкметным месцы.    Засталася тоўстая свечка адна ў цемры, вельмі хутка ёй стала сумна і нецікава жыць.
   – Ну, нічога, – стала яна сябе супакойваць, – хоць у цемры і сумна, затое я пражыву даўжэй за ўсе астатнія свечкі...
   А тым часам чалавек вярнуўся да кароткай тоненькай свечкі, і яна вырашыла спытаць яго:
   – Ці праўда, што маё святло важнае для людзей? Няўжо яны не змогуць без мяне размаўляць з Богам?
   – Не, людзі заўсёды маліліся і будуць маліцца нават у поўнай цемры, – адказаў чалавек. – Але без цябе яны могуць не заўважыць чагосьці важнага для сябе і свайго сэрца.
   – Тады я гатова свяціць людзям да самага канца свайго жыцця, – пакорна сказала тоненькая свечка, – можа, дзякуючы майму святлу людзі заўважаць штосьці важнае, патрэбнае і карыснае для сябе.
   Тоненькая свечка з гэтага моманту стала гарэць ярчэй і імкнулася яшчэ лепш асвятліць людзям абраз. Яна зразумела, што лепш згарэць, ахвяруючы святло іншым, чым доўга ляжаць у цемры, думаючы толькі пра сябе. Тоненькая свечка ведала, што хутка згарыць, але працягвала свяціць ярка. Яна была шчаслівая і цешылася таму, што сваім агеньчыкам можа вельмі дапамагчы людзям. І сапраўды, людзі паволі пацягнуліся на яе яркае святло і сталі даўжэй маліцца. Яны прыносілі з сабой свае свечкі і запальвалі іх ад яркага полымя маленькай тоненькай свечкі. Неўзабаве ад мноства падпаленых свечак вакол абраза стала так светла, як днём, а перад абразом стала збірацца шмат людзей, якія жадалі маліцца.
   Тым часам тоненькая свечка дагарала. Яна запаліла мноства свечак, дапамагла людзям сваім святлом, а цяпер, згасаючы, была задаволена сваім кароткім, але палымяным жыццём.
   Раніцай прыйшоў святар, ён дастаў рэшткі тоненькай свечкі, занёс іх у майстэрню, дадаў воску, і згарэлая тоненькая свечка зноў стала новай, гатовай свяціць людзям.
   Вы можаце спытаць, што ж здарылася з тоўстай свечкай, якая вырашыла жыць у адасобленым цёмным куце. Ну што ж, я адкажу Вам: яна пакрылася тоўстым слоем пылу, а калі праз некалькі гадоў чалавек знайшоў яе, ён зразумеў, што такой свечцы не месца ў капліцы, бо яна будзе дрэнна гарэць і смярдзець, ад яе будзе многа дыму. Узяў чалавек гэтую свечку і кінуў яе разам з дровамі ў печку.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.