ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Дыяцэзіяльныя дні моладзі ў Лідзе

З жыцця Касцёла

За апошнія 7 гадоў гэта была самая шматлікая сустрэча моладзі нашай дыяцэзіі. “Радуйцеся заўсёды ў Пану!” – гэтыя евангельскія словы былі асноўным лейтматывам усёй сустрэчы 28-30 красавіка ў парафіі Святой Сям’і ў Лідзе.
Моладзь супольна малілася, удзельнічала ў катэхезах, адарацыях, прыступала да сакраманту паяднання, спявала, танцавала, паказвала тэатральныя сцэнкі і шчыра радавалася цёпламу надвор’ю і цудоўнай вялікай сям’і. Упершыню за ўвесь час правядзення сёлетнія Дыяцэзіяльныя дні моладзі наведаў Апостальскі нунцый у Беларусі ксёндз арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці. Яго Эксцэленцыя хоць і прывык да беларускай гасціннасці, але надзвычай радасным прыёмам моладзі быў моцна ўсцешаны.
    Як адбываліся гэтыя насычаныя дні, чытайце далей, а поўную версію рэпартажаў з Дзён моладзі ў Лідзе можна знайсці на старонцы grodnensis.by.

ДЗЕНЬ ПЕРШЫ

    Сустрэча распачалася суполь­ным Ружанцам падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту. Затым уся моладзь уключылася ў малітву падчас святой Імшы, якую ўзначаліў кс. пробашч Юзаф Ханьчыц. Божае Слова да моладзі скіраваў яе галоўны арганізатар кс. Антоні Грэмза. Ён гаварыў аб радасці, якая з’яўляецца наступствам вольнага ад граху сэрца. Смутак апаноўвае чалавека тады, калі ён не слухае свайго сэрца і згаджаецца ўпусціць у яго грэх. Сапраўдны хрысціянін не трывае ў граху, бо прагне радасці – радасці свабоднага сэрца, а яна магчыма толькі ў Езусе Хрысце.
    Аб вытоках хрысціянскай радасці казаў падчас канферэнцыі а. Валерый Мазюк CssR, пробашч парафіі Волпа. Ён гаварыў аб тым, дзе трэба шукаць Бога, як змагацца са злым духам, які спакушае нас да граху. І ва ўсім гэтым нельга быць сумным. Чалавеку патрэбна вера ў Бога, які яго любіць і не можа не любіць. А. Валерый гаварыў аб тым, што чалавеку цяжка жыць, калі ён мае бруднае сумленне. Але Езус гаворыць, каб мы, як малыя дзеці, якія прыносяць бацькам свае раны для аздараўлення, прыносілі Яму ўсё тое, што папсавалі, каб Ён гэта аднавіў. Пасля канферэнцыі моладзь сабралася перад уваходам у касцёл, дзе семінарыйны гурт “AVE” завяршыў сваёй музычнай праграмай першы дзень сустрэчы.

    ДЗЕНЬ ДРУГІ
    Гэта быў самы насычаны дзень сустрэчы. Зранку моладзь сабралася на супольную малітву, у якой гучалі розныя інтэнцыі. Затым маладыя людзі былі раздзелены на 5 груп, у якіх яны разам з кіраўнікамі абмяркоўвалі 5 умоў добрай споведзі.
    Кіраўнікам груп даводзілася добра выкладацца, каб разварушыць хлопцаў і дзяўчат зранку ды пад гарачым сонцам.
    Кс. Уладзіслаў з парафіі Гродна-Паўднёвы размаўляў з моладдзю на тэму “Выкананне прызначанай пакуты”. Сярод іншага ён адзначаў:
    – Адзін з самых важных момантаў споведзі – знайсці добрага спаведніка, які адпавядаў бы духоўным патрабаванням верніка. Такім добрым спаведнікам будзе сталы духоўны кіраўнік, які будзе добра ведаць вас. Святар падобны да лекара, – працягваў кс. Уладзіслаў. – Часам здараецца, што святар нам даў недастатковую пакуту. Аднак, ён лепш ведае, якіх духоўных лекаў вы патрабуеце.
    Пасля катэхезаў удзельнікі ўсіх груп прэзентавалі вынікі сваёй супольнай працы, некаторыя групы рабілі гэта ў выглядзе інсцэніровак.

Кс. Антоні Грэмза, галоўны арганізатар Дзён моладзі: якая наша моладзь
– Наша моладзь маладая: і духам, і сэрцам. Яна шукае адказы на розныя пытанні. Напэўна, у гэтых пошуках яна далучае свае асабістыя праблемы, якія сустракае ў жыцці. Гэта праблемы веры: дзе знайсці сэнс жыцця, дзе знайсці радасць, якая патрэбна, каб не сумаваць, каб заўсёды жыць з радасцю ў нашай веры. Сёння каталіцкая моладзь хоча ведаць праўду і лепш яе разумець. Недастаткова гаварыць моладзі аб праўде, трэба даваць прыклад жыцця паводле праўды нашай веры.

    Адной з самых важных, урачыстых і радасных падзей Дзён моладзі стала св. Імша апоўдні, на якую прыбылі Апостальскі нунцый у Беларусі кс. абп Клаўдыа Гуджэроці і Пастыр нашай дыяцэзіі кс. бп Аляксандр Кашкевіч. Моладзь, якая запоўніла ўвесь касцёл, вельмі горача і шчыра вітала дарагіх гасцей спевамі і воплескамі.
    Кожнае згадванне ксяндза арцыбіскупа Клаўдыа Гуджэроці суправаджалася шумнымі авацыямі ў касцёле. Асаблівае прывітанне Яго Эксцэленцыя выказаў старшыні Лідскага райвыканкама Аляксандру Астроўскаму і яго супрацоўнікам, якія прыйшлі на св. Імшу, за дапамогу і садзейнічанне ў арганізацыі Дзён моладзі.
   
Удзельніца і адна з арганізатарак:
    – Я лічу, што Дні моладзі – гэта вельмі важная падзея ў жыцці кожнага хрысціяніна, бо гэта яшчэ адзін шанец, праз які кожная маладая душа можа адкрыцца на Бога, наблізіць да Яго сваё сэрца. А таксама гэта вельмі добры прыклад для людзей няверуючых.

– Дарагая моладзь, зноў вас збірае Езус Хрыстус, – казаў ксёндз біскуп Аляксандр. – Я радуюся сустрэчы з кожным з вас. Вы ствараеце асаблівую Божую сям’ю моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. Я радуюся, што тут ёсць прадстаўнікі з Мінска-Магілёўскай і Пінскай дыяцэзіі. Жадаю вам, каб сапраўдная Божая радасць была паміж намі.
    У казанні абп Гуджэроці разважаў над тэмай добрага пастырства, нядзелю якога 29 красавіка адзначаў Касцёл. Для кожнага з нас Езус з’яўляецца Добрым Пастырам, а нас можна назваць яго авечкамі. Але авечкі – гэта не тыя, хто не мае сіл, але тыя, хто патрабуе апекі. Калі мы прыгнечаныя, адчуваем сябе маленькімі, гэта значыць, што ў той момант Езус нам кажа: “Ты мая авечка, і я вазьму цябе пад сваю апеку”. Унутры кожнага з нас ёсць голас, які гаворыць, што любіць нас, – гэта голас Бога. Але здараецца, працягваў ксёндз арцыбіскуп, у цяжкія часы мы кажам, што шукаем Езуса, але не бачым Яго. І адказ мы знойдзем у Евангеллі: “Я аддаў жыццё за цябе”. Яго Эксцэленцыя нагадаў, як часта мы кажам нашым блізкім людзям, што любім іх. “Але хто гатовы аддаць за сваю любоў, за блізкага чалавека сваё жыццё?” – спытаў на св. Імшы ксёндз арцыбіскуп. Спачатку ў касцёле няўпэўнена ўзнялося некалькі рук, а пасля моладзь больш рашуча ўзняла рукі.

Апостальскі нунцый ксёндз арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці:
    – Гэта штосьці неверагоднае – бачыць гэтую актыўную і жывую моладзь, гэта вялікі дар і для Касцёла, і для грамадства.
    Для мяне беларуская моладзь – гэта моладзь, якая мае пэўную чысціню свайго сэрца і пэўную простасць у сабе, гэта тое, чаго не маюць маладыя людзі ў іншых частках свету. У тых маладых людзей сфарміравалася штосьці такое, што ёсць у людзей, насычаных і вялікай колькасцю фінансаў, і прапановамі вялікага рынку. Таму сэрцы гэтых маладых людзей, у Беларусі, гатовыя даваць значна больш, яны не спяць. Тут моладзь задае складаныя пытанні, напрыклад, пытанні сэнсу жыцця.
    Моладзь Беларусі яшчэ не заражаная вірусам кансумпцыі. Яна вельмі адкрытая на справы веры. І гэта найлепшая тэрыторыя для працы Касцёла. Гэта азначае, што гэтыя кветкі жыцця раскрытыя і ёсць магчымасць да іх увайсці.

    Таксама кс. абп Клаўдыа Гуджэроці ў сваім казанні закрануў тэму кожнага хрысціяніна як Сына Божага. Ён заклікаў моладзь адчуць, аддаць сябе ў рукі Божай любові наколькі гэта магчыма, дазволіць адчуць на сабе пацалунак Божай любові. “Так, як гэта робяць у вашых парках закаханыя пары”, – дадаў Яго Эксцэленцыя.
    Таксама ў гэты дзень моладзь з парафій Гродзенскай дыяцэзіі змагла прадэманстраваць перад усімі сабранымі свае здольнасці і таленты падчас традыцыйнай прэзентацыі сваіх парафій на тэму “Пан Езус нас вельмі любіць”.
    Яшчэ адным яркім момантам другога дня стала інсцэніроўка моладзі парафіі Гродна-Дзевятоўка “Крыж жыцця”. У гэтай парафіі ўжо некалькі гадоў дзейнічае тэатр імя Яна Паўла II пад кіраўніцтвам спадарыні Марыны.
    Маладыя людзі запрасілі ўсіх да ўдзелу ў падарожжы на цягніку па жыцці чалавека і па розных непрадбачаных сітуацыях, якія яго на гэтай дарозе чакаюць. Гледачы ўбачылі асобныя станцыі, якія адлюстроўвалі крытычныя, але вельмі рэальныя сітуацыі, з якімі чалавеку неаднойчы даводзіцца сутыкацца ў жыцці.
    Вечарам у касцёле адбылася супольная адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, падчас якой моладзь магла паспавядацца. А на заканчэнне другога дня дыяцэзіяльнага свята адбыўся канцэрт гурта «Miłość» лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа.

  ДЗЕНЬ ТРЕЦІ
 
   Раніца трэцяга дня пачалася з малітваў, а пасля ўсе прысутныя змаглі прыняць удзел у супольных танцах, якія праводзіў а. Павел.
    Затым моладзь прыняла ўдзел у св. Імшы на заканчэнне Дзён моладзі, якую ўзначаліў кс. бп Аляксандр.
    Прысутнасць біскупа моладзь сустрэла моцнымі апладысментамі. І біскуп са свайго боку звярнуўся да моладзі, кажучы, што дрэннае надвор’е гэтага свету, якое мае ўплыў на маладога чалавека, не здолее перамагчы радасць чыстага, вольнага ад граху сэрца, якое ведае, у каго гэтую радасць шукаць. Біскуп заахвоціў моладзь, каб яна не баялася цемры, не паддавалася спакусам і не трывала ў граху, а ўсё гэта перамагала моцаю Езуса, які з’яўляецца яе найлепшым Сябрам.
    Пасля св. Імшы адбыўся канцэрт семінарыйнага гурта “AVE”. І ў добрым настроі, з чыстымі сэрцамі і запалам моладзь Гродзенскай дыяцэзіі вярталася ў свае родныя парафіі, каб там сведчыць аб тым, што наша радасць ёсць у Пану, а Пан з’яўляецца нашай радасцю.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.