ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Касцёл св. Юды Тадэвуша ў в. Прывалка

Парафіі і святыні

Касцёл св. Юды Тадэвуша  ў в. ПрывалкаДэканат Гродна-Усход
Мястэчка Прывалка вядома з 1569 г. як каралеўскае ўладанне (двор) у Гродзенскім павеце Троцкага ваяводства ВКЛ. З 1762 г. гэта ўласнасць роду Агінскіх, з 27 лютага 1792 г. мела нават свой герб – св. арханёл Міхал са шчытом і стрэламі, які перамагае д’ябла.
    Ужо на пачатку XVII ст. мясцовая каталіцкая святыня, хутчэй за ўсё капліца, адзначалася як старажытная і «невядома кім і калі фундаваная». Касцёл жа на яе месцы быў пабудаваны па фундацыі караля Жыгімонта III Вазы ў 1609 г. і асвечаны пад тытулам св. Юды Тадэвуша. Спачатку святыня атрымала статус філіі, але па просьбе віленскага біскупа Бенедыкта Войны (1600 – 1615 гг.) кароль залічыў касцёл да парафіяльных.
У 1777 г. князь Францішак Ксаверый Агінскі, уладальнік Прывалкі з 1766 г. і мясцовы староста, аднавіў стары драўляны касцёл. Трошкі пазней, у выніку страты сродкаў для існавання, парафія была ператворана ў самастойную капеланію, якую абслугоўвалі святары з закону кармелітаў з Вільні.
    Касцёл уяўляў сабой прамавугольны ў плане вертыкальна ашаляваны аб’ём з трохграннай алтарнай часткай, фланкаванай дзвюма сакрыстыямі. Трохвугольны франтон галоўнага фасада фланкавалі дзве чацверыковыя вежы-званіцы. Святыню накрываў высокі двухсхільны гонтавы дах з вальмамі над алтаром. Касцёльны ўчастак быў абнесены бярвянай агароджай.
    У 1866 г. за ўдзел у паўстанні 1863 г. парафія была ліквідавана, а ўдзельнікі паўстання з мясцовых парафіян былі сасланы ў Сібір. У гонар ахвяр на Святой гары быў усталяваны высокі крыж (не захаваўся). У 1869 г. касцёл разам з парафіяльнымі будынкамі і зямлёю быў перададзены ва ўладанне праваслаўнай царкве ў Друскеніках. Католікі з Прывалкі былі далучаны да Гожскай парафіі. Доўгі час касцёл проста стаяў зачынены, ператвараючыся ў руіны, і толькі ў 1913 г. ён быў перароблены ў царкву. Адзінае набажэнства адбывалася ў прысутнасці двух прыехаўшых на асвячэнне храма святароў, а ў 1915 г. (падчас Першай сусветнай вайны) старажытная святыня згарэла. У хуткім часе праваслаўныя ўлады адбудавалі царкву.
    У 1918 – 1919 гг. мясцовыя католікі пабудавалі новы драўляны касцёл у неагатычным стылі і 16 ліпеня 1920 г. святыня была асвечана ксяндзом Францішкам Бернатам пад тытулам Найсвяцейшай Панны Марыі Кармельскай (Шкаплернай) і свв. Сымона і Тадэвуша. Будынак яшчэ патрабаваў заканчэння і аздаблення. З 16 ліпеня 1922 г. гэтым займаўся кс. Юзаф Буткевіч. Першым пробашчам парафіі ў 1927 г. стаў кс. Станіслаў Мацевіч. Яго паслядоўнікам у 1929 – 1937 гг. быў кс. Юзаф Цыранкевіч. Менавіта ў гады ягонай працы на сценах былі намаляваны выявы чатырох Апосталаў, упрыгожаны галоўны і бакавыя алтары. Колькасць вернікаў у Прывалкаўскай парафіі перад Другой сусветнай вайной складала амаль 1400 чалавек.
    Апошні пробашч касцёла кс. Антоні прыбыў у Прывалку 15 мая 1937г.; у гады Другой сусветнай вайны быў арыштаваны немцамі, яго далейшы лёс невядомы. З гэтага часу ў парафіі не было сталага пастыра, а ў 1962 г. савецкія ўлады зачынілі касцёл. Дэлегацыя вяскоўцаў нават ездзіла ў Маскву з просьбай адчыніць касцёл, але безвынікова. Пры савецкай уладзе касцёл быў занядбаны, нават калі на святыню падчас буры ўпала дрэва, старшыня калгаса не дазваляў яго зняць, што значна пашкодзіла інтэр’ер. Будынак плябаніі, які знаходзіцца насупраць увахода ў касцёл, быў забраны пад школу ды так і дзейнічае дагэтуль.
    У 1990 г. касцёл быў нарэшце вернуты парафіянам, якія на чале з кс. Станіславам Гаўлікам (+1996) яго адрэстаўрыравалі. 29 кастрычніка 1994 г., на свята заступніка касцёла, святыню асвяцілі пад тытулам св. Юды Тадэвуша. Цікава, што ў бутавы падмурак апсіды святыні быў пакладзены млынарны жэрнаў, а пры ўваходзе ўсталяваны два якары.
    Касцёл прамавугольны ў плане з пяціграннай апсідай, фланкаванай дзвюма сакрыстыямі, над якімі зроблены ложы фундатараў (знешне гэтыя аб’ёмы ўтвараюць падабенства трансепта). Трохвугольны франтон галоўнага фасада фланкаваны дзвюма чацверыковымі шатровымі вежамі-званіцамі. На званіцы два званы: стары з датай «1870» і новы, ахвяраваны Янам Лапацінскім у 1996 г. Касцёл накрыты двухсхільным бляшаным дахам з вальмамі над апсідай. Залавы інтэр’ер перакрыты пад­шыўной дашчанай столлю, плоскай уздоўж бакавых сцен і паўцыліндрычнай у цэнтры. Усе тры неабарочныя алтары святыні аптычна намаляваны на сценах. У першым ярусе галоўнага алтара намалявана Маці Божая з Дзіцяткам Езус, у другім – трыфорый з выявамі св. Аўгусціна, св. Францішка і св. Казіміра, на конхавым скляпенні апсіды намаляваны сюжэт Перамянення Пана. Вокны прэсбітэрыя атачаюць выявы свв. Яна Хрысціцеля і Сымона (злева), а таксама свв. Тадэвуша і Марка Евангеліста. Над вокнамі надпіс “Pod Twoją obronę ucekamy się”. Бакавыя алтары двух’ярусныя: левы прысвечаны св. Юзафу (наверсе абраз св. Антонія), правы – Укрыжаванню, наверсе абраз св. Ганны. Над нартэксам зроблены балкон арганных хораў, які абапіраецца на дзве калоны.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.