ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Каб гэтая газета была Словам, якое робіць Жыццё прыгажэйшым

З жыцця Касцёла

   Кс. пралат Яраслаў Грынашкевіч, Галоўны рэдактар  у 1997-2006 гг.Гадавіны – гэта важна. Яны ствараюць нагоды, каб затрымацца на хвілінку, ацаніць плён мінулай працы. Гадавіны падказваюць, што мінулае, безумоўна, з’яўляецца важным, але ўлічваецца будучыня і планы, звязаныя з ёй, каб было магчыма ў радасці святкаваць чарговыя юбілеі.

   Такая нагода, як 15-годдзе “Слова Жыцця” павінна ўспрымацца як падзяка за ўсё дабро, якое стала магчымым дзякуючы ўзнікненню каталіцкай газеты.

   Дазвольце мне, дарагая Рэдакцыя і шаноўныя Чытачы, коратка ўзгадаць яе пачатак. Першы нумар “Слова Жыцця” выйшаў на пачатку сакавіка 1997 года, і ад гэтага нумара адлічваецца час існавання газеты. Але, хіба, яна “пачалася” на некалькі гадоў раней, ... у Рыме. Восенню 1994 года ў пасяджэннях Сіноду Біскупаў прымаў удзел наш гродзенскі Ксёндз Біскуп Аляксандр. Гэта тады падчас сустрэчы (я вывучаў там сродкі масавай інфармацыі) Ксёндз Біскуп уразіў мяне прапановай: “Прыедзь у Гродна і дапамажы нам заснаваць каталіцкую газету”.

   Я спачатку ўспрыняў гэта як жэст ветлівасці, але кс. бп Аляксандр “не адступаўся”. Ён расказаў пра Касцёл на Гродзеншчыне, пра яго патрэбы і задачы, якія б ён бачыў для каталіцкага выдання. Паступова я пачаў разумець яго намеры, інтэнцыі і выгляд будучай газеты.

   Касцёл і людзі Гродзеншчыны не былі для мяне чужымі. Зацікаўленасць планамі Біскупа ўзрастала. Пасля заканчэння навучання ў мяне не было сумненняў: я як ксёндз буду працаваць у Гродне, буду спрабаваць выдаваць газету. Я паведаміў пра гэта кс. б-пу Аляксандру ў верасні 1996 года. Рэчаіснасць вельмі разыходзілася з уяўленнямі. Але хутка з’явіліся цудоўныя людзі, якія далучыліся да гэтай справы. У пачатках рэдакцыі бясцэннымі былі кс. Тадэвуш Крыштопік, а таксама спадарыні Данута Рапейка і Гэлена Вішнеўская. Нас падтрымлівалі ксяндзы прафесары з семінарыі і Дыяцэзіяльная курыя. Спраўдзілася правіла, што сапраўды Божыя справы заўсёды знойдуць падтрымку. Таксама і матэрыяльную. Усё гэта садзейнічала памятнаму дню, калі 15 гадоў таму ў гродзенскай друкарні я ўзяў у рукі першы нумар “Слова Жыцця”, каб адразу ж пасля гэтага ўручыць яго Ксяндзу Біскупу.

   Сёння я дзякую Богу за гэты ўспамін і за гады працы ў рэдакцыі. Такімі важнымі былі галасы – званкі нашых чытачоў, знакі ветлівасці, супрацоўніцтва многіх, многіх людзей, як, хаця б, парафіян з Макараўцаў, якія з памяркоўнасцю ставіліся да свайго пробашча – рэдактара. Дзякуй Богу і людзям, што сёння газета такая сталая! Што вакол яе адбываецца столькі спраў, важных для карысці Касцёла на Гро-дзеншчыне і ў Беларусі! Да “паўналецця” не хапае толькі трох гадоў.

   Усім, хто стварае “Слова”, пачынаючы ад кс. Паўла – Галоўнага Рэдактара, праз Рэдакцыйны Калектыў, аж да самага малодшага Чытача, я перасылаю сардэчныя пажаданні, каб гэтая газета была словам, якое робіць жыццё прыгажэйшым.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.