ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Цудоўны сюрпрыз

Лісты чытачоў

Кс. Андрэй Радзевіч з пілігрымамі ў парафіяльным касцёле ў Міры

У нашай парафіі Святой Тройцы ў Росі існуе міністранцкая супольнасць, якая налічвае 25 чалавек. Мы вельмі добра разумеем, што міністрант – гэта памочнік ксяндза падчас адпраўлення святой Імшы і іншых набажэнстваў.
Назва “міністрант” паходзіць ад лацінскага слова “ministrare”, што азначае “служыць”. Мы служым Богу, калі прычыняемся да таго, каб літургія была прыгожай. Нам вельмі падабаецца быць міністрантамі, быць блізка каля алтара, але мы таксама адчуваем вялікую адказнасць, якая ляжыць на нас. Таму нашыя міністранцкія абавязкі мы стараемся выконваць сумленна.
   Для тых міністрантаў, якія ў мінулым годзе прымалі найбольш актыўны ўдзел у жыцці міністранцкай супольнасці, у канцы снежня быў зроблены сюрпрыз. На канікулах нашыя ксяндзы арганізавалі нам цудоўную пазнавальную экскурсію, якая дала нам сілу і дапамагла ў пазнанні гісторыі свайго краю, яго велічы і прыгажосці, а таксама ў пазнанні Божай волі.
Наша экскурсія пачалася са святарскага бласлаў­лення на заканчэнне ранішняй св. Імшы, пасля чаго мы вырушылі ў дарогу. Першым нашым прыпынкам быў касцёл у Жалудку, дзе мы ўбачылі цудоўную шопку з маленькім Езусам, якому мы аддалі пашану ў малітве. Другім прыпынкам быў Навагрудак, дзе адбылася наша першая сустрэча з сёстрамі назарэтанкамі, пра гісторыю якіх мы ўжо шмат ведалі. Пасля смачнага абеду, які прыгатавалі нам сёстры, мы накіраваліся на беларускую “жамчужыну” – возера Свіцязь. Гэта сапраўдны прыродны цуд! Тут раз­мешчаны ландшафтны запаведнік плошчай 1039 га. Звыш трохсот відаў раслін, большасць з якіх занесена ў Чырвоную кнігу. На паўднёвым беразе векавыя дубы, на паўднёва-заходнім – старажытныя курганы. Тут, пад дубам, Адам Міцкевіч і пісаў сваю знакамітую “Свіцязянку”. Вяртаючыся са Свіцязі, мы затрымаліся на месцы пакутніцкай смерці сясцёр назарэтанак. Гэта асаблівае месца, якое ўзрушвае сэрца кожнага чалавека і якое заслугоўвае пашаны. Там мы прыгадалі сабе, наколькі вялікую любоў да Бога і бліжняга мелі сёстры назарэтанкі з Навагрудка, што нават аддалі сваё жыццё, ратуючы жыцці іншых людзей. Каля крыжа, якраз на тым месцы, дзе былі расстраляны сёс­тры назарэтанкі, мы памаліліся аб заступніцтве бласлаўлёных мучаніц над нашымі сем’ямі. Затым мы пабывалі ў Навагрудскім замку. У нас была пешая экскурсія па Навагрудку, падчас якой мы наведалі касцёл Святога Міхала Арханёла. Потым, вярнуўшыся ў кляштар сясцёр назарэтанак, мы вячэралі і разважалі над тым, што ўзрушыла нашыя сэрцы. Гэта застанецца ў нашай памяці на ўсё жыццё.
   Наступны дзень мы распачалі св. Імшой у навагрудскай Фары. Там нам пашчасціла папрысутнічаць пры тым, як сёстры назарэтанкі аднаўлялі свае вечныя шлюбы. Гэта было цудоўна і захапляльна!
   Затым быў Мірскі замак, дзе мы дакрануліся сэрцам да мінуўшчыны сваёй Радзімы і пакланіліся праху апошніх уладальнікаў замка князёў Святаполк-Мірскіх. Мы таксама наведалі касцёл Святога Мікалая, дзе працуе добра знаёмы нам ксёндз Аляксандр Севасцьяновіч. Там мы ўбачылі цудоўна адноўлены алтар і сустрэлі вельмі добразычлівых людзей. Нельга таксама забыць пра тое, што ксёндз Аляксандр прыгатаваў для нас вельмі смачны абед, і мы атрымалі салодкі пачастунак ад Святога Мікалая на далейшую дарогу.
   Пасля абеду мы накіраваліся ў Нясвіж. Гэты горад – сапраўды цудоўны гістарычны помнік нашай краіны з вельмі прыгожым касцёлам Божага Цела. Нас уразіла прыгажосць фрэсак на сценах гэтай святыні, а таксама веліч грабніц князёў Радзівілаў. Акрамя гэтага, мы наведалі і Нясвіжскі замак, які зачараваў нас сваёй прыгажосцю. З падарожжа мы прывезлі шмат фотаздымкаў і ўражанняў, якімі падзяліліся з бацькамі і сябрамі. Мы выражаем сваю ўдзячнасць нашым ксяндзам, а асабліва кс. Андрэю Радзевічу, за такую цудоўную пілігрымку, якая нас духоўна абагаціла і натхніла на тое, каб і далей знаёміцца са сваёй мінуўшчынай, а таксама выклікала гонар за сваю Радзіму і за яе духоўныя скарбы. Шчырае дзякуй!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.