ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Перамененыя праз перамогу Езуса Хрыста

На шляху да святасці

Кс. Уладзімір Гуляй, выкладчык ВДС  у ГроднеУжо ў 45-ы раз увесь хрысціянскі свет будзе маліцца за адзінства хрысціян. Малітвы будуць адбывацца на працягу ўсяго тыдня. Яны распачаліся 18 студзеня і скончацца 25 студзеня на свята Навяртання св. апостала Паўла. Айцы ІІ Ватыканскага Сабору ў спецыяльным дакуменце пра экуменізм настойвалі на супольнай малітве, згадваючы тое, што “гэты святы план паяднання ўсіх хрысціян у еднасці аднаго і адзінага Касцёла Хрыста сягае па-за людскія сілы і здольнасці” (Unitatis redintegratio, 24).
   У межах Тыдня па ўсім свеце адбываецца шэраг канферэнцый, сустрэч і набажэнстваў, арганізаваных Экуменічнай Радай, Канферэнцыяй Біскупаў і іншымі органамі Касцёлаў розных краін.
   Падчас гэтых сямі дзён хрысціяне ў кожнай святыні, таксама і ў нашай дыяцэзіі, моляцца аб адзінстве. А галоўнае набажэнства будзе адпраўлена ў гродзенскай катэдры 24 студзеня ў 18.30. Усе прысутныя прымуць удзел у набажэнстве Божага слова, а таксама ў набажэнстве святла. Дэвізам Тыдня малітвы за адзінства хрысціян з’яўляюцца словы: “Перамененыя праз перамогу Езуса Хрыста”, узятыя з І Ліста св. Паўла да Карынцян (1 Кар 15, 51-58).
   Гэта будзе ўжо другая ўрачыстая малітоўная сустрэча ў нашай катэдры. Першая такая сустрэча пад дэвізам “І вы – сведкі гэтага” (Лк 24, 48) адбылася ў 2010 годзе. У літургіі Божага слова, якую ўзначальваў кс. бп Аляксандр Кашкевіч, прынялі ўдзел таксама прадстаўнікі праваслаўнай, лютэранскай і грэка-каталіцкай Цэркваў. Шчыра запрашаем усіх вернікаў на малітву, а ў сваіх штодзённых малітвах памятаем пра адзінства хрысціян.

   Адным з найбольш значных рэзультатаў, якія вынікаюць з вучэння II Ватыканскага Сабору, з’яўляецца факт, што яго мысленне і маўленне былі адзначаны экуменічным вымярэннем. З таго часу экуменізм глыбока ўвайшоў у жыццё Касцёла і з’яўляецца цяпер абавязковым элементам яго сутнасці і дзейнасці. Дзякуючы экуменічнай адкрытасці II Ватыканскага Сабору, стала магчымым сапраўднае збліжэнне паміж Рыма-каталіцкім Касцёлам і хрысціянамі, якія належаць да іншых Касцёлаў ці хрысціянскіх супольнасцей. Адносна Магістэрыя Касцёла адбыўся пераломны момант: экуменізм, які раней адмаўлялі, сёння ўспрымаецца як інструмент Святога Духа, а жаданне і пошук адзінства з’яўляюцца ласкай, дарам ад Бога. Таму хрысціянства не можа быць абыякавым да справы адзінства, ігнаруючы экуменічную праблематыку, бо інакш яно было б няпоўным, скалечаным і хворым хрысціянствам. Хрысціяне ўсё выразней разумеюць скандал, якім з’яўляецца падзел хрысціянства, і тое, што драма разладу, якая існуе паміж вучнямі Хрыста, супярэчыць Яго малітве і волі.
   У першай прысвечанай экуменізму энцыкліцы “Ut unum sint” (“Каб былі адзіным”), чытаем: “Бог прагне адзінства ўсяго рассеянага чалавечага роду. Таму Бог паслаў свайго Сына, каб, паміраючы за нас і ўваскрасаючы, Ён адарыў нас сваім Духам любові. Напярэдадні крыжовай ахвяры Езус сам маліўся да Айца за сваіх вучняў і за ўсіх, хто ў Яго верыць, каб яны былі адзіным, як адзіная жывая супольнасць. Адсюль вынікае не толькі абавязак імкнення да адзінства, але таксама і адказнасць перад Богам і Яго задумай, якая ляжыць на тых, хто праз хрост становіцца Целам Хрыста – Целам, у якім павінны поўнасцю рэалізавацца паяднанне і адзінства” (№6). Экуменізм з’яўляецца настойлівым пошукам відавочнай еднасці хрысціянства, таму гэтае імкненне павінна пранікаць Касцёл ва ўсёй яго рэчаіснасці, на ўзроўні як паўсюднага, так і мясцовага Касцёла.
   Разважаючы на тэму экуменізму, трэба звярнуць увагу на тое, што толькі Касцёл, які ўсведамляе сваю тоеснасць, адчувае адказнасць за даручаную яму праўду і які моцна паяднаны сакраментальнай сувяззю, можа распачаць дыялог з іншымі хрысціянскімі супольнасцямі. Асновай такога дыялогу павінна быць ісціна, адкрытая ў Божым Аб’яўленні. Ідучы шляхам паяднання, не атрымаецца ісці напрасткі або паскарацца коштам праўды. Час паяднання павінен наспяваць, а нам трэба клапаціцца і прыкладаць намаганні для таго, каб гэты час надышоў. Адзінства неабходна пастаянна будаваць, размаўляючы паміж сабой і ўзмацняючы давер. На гэтым шляху мы зможам разумець, шанаваць і прымаць адрозненне іншага чалавека, іншага веравызнання.
   Каб як мага лепш адказаць на гэтае пакліканне, неабходна выконваць наступныя ўмовы: 1) сталае аднаўленне Касцёла ва ўсё большай вернасці яго пакліканню. Такое аднаўленне з’яўляецца сілай руху да адзінства; 2) навяртанне сэрца. Навяртанне нараджаецца з жадання адзінства. Як таксама з гэтага жадання нараджаецца ўнутраная змена, якая палягае на глыбейшай вернасці Евангеллю. Чым больш мы будзем паяднаны з Езусам, тым бліжэй мы будзем адзін да аднаго; 3) супольная малітва, з якой нараджаецца пастанова навяртання сэрца. Заклік “навяртайцеся” азначае: змяняйце мысленне, глядзіце на сваё жыццё інакш, глыбей, з большай чуллівасцю да патрэб іншага чалавека; 4) узаемнае братэрскае пазнанне. Навяртанне сэрца ў рытме любові. Любоў стварае адзінства асоб і супольнасцей. Прымаючы Любоў і жывучы паводле Яе, мы звяртаемся да Бога як да найбольш дасканалай крыніцы адзінства, якая з’яўляецца адзінствам Айца, Сына і Святога Духа, каб з гэтай крыніцы чэрпаць моц стварэння еднасці паміж людзьмі, каб цярпліва адкрываць яе паміж раздзеленымі братамі і сёстрамі; 5) экуменічная фармацыя вернікаў, а асабліва святароў. Трэба пазнаваць дух братоў і сясцёр іншых веравызнанняў. Нельга абмяжоўвацца толькі аналізам іх дактрыны. Гаворка ідзе пра поўнае разуменне дакладнай цэласнай рэчаіснасці іншага Касцёла; 6) дыялог паміж тэолагамі і сустрэчы паміж хрысціянамі розных Касцёлаў і супольнасцей. Паяднанне паміж Касцёламі можа наступіць толькі тады, калі яны наблізяцца адзін да аднаго з дактрынальнага пункта гледжання, адкрываючы супольную вернасць адной і той жа веры, перададзенай нам Апосталамі, адкінуўшы на другі план пытанне канкрэтных дактрынальных ці тэалагічных фармулёвак; 7) супрацоўніцтва паміж хрысціянамі ў розных галінах службы людзям. Супольная дзейнасць хрысціян датычыцца як інтэнсіўных акцый на карысць супакою ў свеце, так і ратавання годнасці чалавечай асобы і выкарыстання Евангелля ў грамадскіх пытаннях (пар.: ККК 821).
Сусветны дзень малітвы ў Асізі, 27 кастрычніка 1986 г.   Атрыманне відавочнага адзінства Касцёла бачыцца як пэўная таямніца, якая датычыцца не столькі знешняй структуры Хрыстовага Касцёла, колькі нашага навяртання. На самым сваім глыбокім вымярэнні экуменізм азначае паглыбленне еднасці з Богам у Тройцы Адзіным. Можа, мы падзелены таму, што мы яшчэ вельмі далёка ад Хрыста? Ці разумеем мы тое, як далёка мы адышлі ад Духа Вячэрніка, дзе вучні з Хрыстом складалі адно сэрца? Ці заўсёды мы ўсведамляем тое, што збліжаючыся з нашымі братамі і сёстрамі іншых хрысціянскіх веравызнанняў, мы на самай справе збліжаемся з Езусам? Ці драматычныя і балючыя падзелы не з’яўляюцца вядомай нам “восцю”, каб стала нагадваць нам пра тое, як далёка мы яшчэ ад нашага Настаўніка і Збаўцы?
   Такім чынам, імкненне да адзінства не з’яўляецца толькі пабожным жаданнем асобных людзей, але задачай хрысціянскага сумлення кожнага члена Касцёла. А Тыдзень малітвы за адзінства хрысціян – гэта перш за ўсё цуд змены, які адбываецца ў кожным з нас кожны дзень нанова.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.