ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Не можна спаць, трэба адказваць на заклікі часу

З жыцця Касцёла

29 кастрычніка госцем нашай рэдакцыі быў кс. абп Тадэвуш Кандрусевіч. З нагоды Імянін, сустрэчы з моладдзю ў Пабрыгіцкім касцёле, а таксама з нагоды 70-ай гадавіны смерці св. Максіміліяна Кольбэ з кс. аб-пам Тадэвушам Кандрусевічам размаўляў кс. Павел Салабуда.
Ваша Эксцэленцыя, калі параўнаць Мінскую дыяцэзію 20 гадоў таму і сучасную метраполію, ці ёсць якія-небудзь відавочныя змены?
    Безумоўна, што змен вельмі шмат. Ёсць і колькасныя, і якасныя змены. Павялічылася колькасць вернікаў, узнікла больш парафій, аднак іх усё яшчэ замала. Трэба прыкласці яшчэ вельмі шмат сіл для фармацыі людзей. Хаця на працягу апошніх гадоў шмат ужо было зроблена, аднак трэба думаць пра новыя формы душпастырства, перш за ўсё, з удзелам моладзі, а таксама пра спецыялізаваныя душпастырствы. Гэта датычыцца розных груп людзей, напрыклад, Душпастырства хворых, моладзі, Душпастырства працаўнікоў СМІ. Над гэтым трэба яшчэ шмат працаваць і развіваць гэтыя справы. Магчыма, трохі лепш выглядае сітуацыя з працай з моладдзю, але трэба ісці далей у гэтым напрамку, бо ад таго, якой будзе моладзь, залежыць будучыня Касцёла і ўсяго грамадства.

Ксёндз Арцыбіскуп, у рэдакцыю прыходзяць лісты з пытаннем, чаму ў Касцёле на Беларусі не моляцца за Айчыну. Можа, трэба вызначыць спецыяльныя дні для малітвы за Айчыну. Як бы Вы гэта пракаментавалі?

    Гэта няпраўда. Мы ж амаль падчас кожнай св. Імшы ў малітве вернікаў молімся за нашу Айчыну. Калі гаварыць пра спецыяльныя дні, то я не магу тут вырашаць, гэта вырашае Канферэнцыя Біскупаў Беларусі. Але я яшчэ раз паўтару, што калі ўзяць у рукі малітву вернікаў, то там вельмі часта можна сустрэць просьбу за Айчыну. Падчас большых урачыстасцей, напрыклад, трансліруемых па тэлебачанні, заўсёды ёсць малітва за Айчыну.

    Падчас асвячэння табліцы з малітвай “Ойча наш” на беларускай мове Вы сказалі: “Гэта вельмі важная рэлігійная падзея не толькі для католікаў, але і для ўсіх жыхароў Беларусі”. Ці сёння Касцёл у Беларусі дапамагае грамадству адкрыць сваё культурнае багацце?
    Вядома, што дапамагае і развівае гэтае багацце. За апошні час былі выдадзены такія кніжкі, як, напрыклад, “Дакументы II Ватыканскага Сабора” і іншая рэлігійная літаратура. Гэта Касцёл працуе над касцёльнай тэрміналогіяй. Хто ўнёс іх у беларускую культуру? Каталіцкі Касцёл. Усе гэтыя выданні і асвячэнне табліцы ў Іерусаліме – гэта падзеі не толькі рэлігійнага характару, яны таксама звязаны з культурай. А калі гаварыць пра табліцу, то таксама і міжнароднага ўзроўню, бо ўпершыню ў Святой Зямлі была змешчана табліца на беларускай мове.

    Ксёндз Арцыбіскуп, мы размаўляем пра культуру, пра грамадства. Ці на Вашу думку Беларусь адкрыта на Бога і Касцёл?
   Гэта, перш за ўсё, залежыць ад чалавека. З пункту гледжання закона, ніхто не забараняе чалавеку маліцца. Я ведаю, як выглядае сітуацыя ў іншых дзяржавах. Мы атрымліваем пляцы пад будаўніцтва касцёлаў, друкуем свае кнігі і г.д. Мы, безумоўна, не маем свайго тэлеканала і радыёстанцыі. Але нават калі б такая магчымасць і была, то мы, перш за ўсё, не справімся ў фінансавым плане. Але я лічу, што на ўсё свой час. Цяпер, напрыклад, мы працуем над адкрыццём “Радыё Марыя” ў фармаце WEB. Заахвочваю ўсіх да малітвы аб здзяйсненні гэтага праекта.

    Падчас асвячэння табліцы ў Святой Зямлі Вы сказалі, што трэба прадстаўляць беларускую культуру, нашу Айчыну. Ваша Эксцэленцыя наведвае розныя краіны, розныя гарады. Падчас сваіх візітаў Вы расказваеце пра нашу краіну, пра Касцёл у Беларусі. Што Вы гаворыце тым, каго сустракаеце ў Італіі, Літве, Польшчы і ў іншых краінах?
    Перш за ўсё, гэта залежыць ад таго, якая тэматыка канферэнцыі, на якой я выступаю, бо трэба прытрымлівацца тэмы, але калі ёсць прадстаўнікі той ці іншай краіны, то я гавару аб тым, што там ёсць Касцёл, што Касцёл там жыве. І хто не ведае, дзе знаходзіцца Беларусь, той хаця б паглядзіць на карту. Часта людзі задаюць пытанні, як Касцёл існуе ў нас. І калі я гавару, што ў працэсіі Божага Цела цэнтральным праспектам Мінска ідзе некалькі тысяч чалавек, тады яны ўспрымаюць гэта вельмі пазітыўна. Якія словы? Перш за ўсё – гэта мая прысутнасць, сустрэча з прадстаўнікамі СМІ, якія часта пытаюцца пра сітуацыю Касцёла ў Беларусі, пытанні датычацца таксама экуменічнага дыялогу. І як сказаў Ян Павел II, Еўропа павінна дыхаць дзвума лёгкімі. Беларусь дыхае менавіта дзвума лёгкімі: заходняе і ўсходняе хрысціянства.
 
    Вы прыгадалі пра веру. Наступны год Папа абвяшчае Годам веры. Як бы Вы ахарактарызавалі веру жыхароў Беларусі?
    Спачатку трэба выказаць пашану старэйшым людзям, якія захавалі гэтую веру ў цяжкія савецкія часы, у часы пераследу. Яны з’яўляюцца прыкладам для нас, таму што яны не толькі захавалі веру, але і перадалі яе малодшаму пакаленню. З іншага боку, сёння гэтая вера падвяргаецца выпрабаванням, выклікам секулярызму, маральнаму рэлятывізму, лібералізму і г.д. Гэтаму асабліва паддаюцца маладыя людзі. І таму перад Касцёлам стаіць вялікая задача: правядзенне новай Евангелізацыі, пошук новых шляхоў, каб данесці гэтую веру да чалавека, а таксама тое, як дакрануцца да яго розуму, сэрца, каб гэты дар веры чалавек убачыў і прыняў. Магчыма, найбольшая трагедыя заключаецца ў тым, што Езус ідзе вуліцамі нашых гарадоў, ідзе ў розных сітуацыях, ідзе ў касцёлах, якія будуюцца, ідзе ў рэлігійнай літаратуры, а людзі гэтага не бачаць. Але трэба сказаць, што ў параўнанні з іншымі краінамі свету, асабліва краінамі Заходняй Еўропы, вера ў Беларусі жывая. Але нельга адпачываць на лаўрах, бо небяспека секулярызму прыходзіць і да нас. Таму трэба так дапасоўваць душпастырскія праграмы, каб не паўтарыць памылак іншых краін, а нават і цывілізацый.

    Сёння ўжо не толькі духоўныя асобы, але і свецкія людзі гавораць аб вясне Касцёла ў Беларусі. Ці гэтая вясна ўжо скончылася? Якая цяпер пара года ў Касцёле Беларусі?
    Можа, трошкі інакш паставім пытанне. Ва ўзросце 20-ці гадоў чалавек ужо сталы, але яшчэ нявопытны, можа нарабіць шмат памылак, таму ён шмат вучыцца. Таксама і Касцёл вучыцца розуму, набіраецца вопыту, каб магчы дарасці да гэтага сталага ўзросту. Заўсёды могуць быць пэўныя замаразкі. Таму трэба адыходзіць ад слова “вясна”, бо сэнс таго, што было 15 гадоў таму, адрозніваецца ад таго, што ёсць сёння.

    Падчас аднаго з інтэрв’ю Вы сказалі, што Касцёл не павінен спаць. Мы спалі, спім ці будзем спаць надалей?
    Трэба разумець знакі часу. Сёння я сустрэўся з моладдзю, і я вельмі задаволены. Маладыя людзі задавалі мне шмат пытанняў, я пачуў шмат новага. Гэта пытанні веруючых людзей. І я не магу спаць. Я павінен адказаць на іх. Заўсёды існуе спакуса трохі адпачыць, як апосталы каля Пана Езуса, калі Ён маліўся. Таму нельга спаць, трэба адказваць на заклікі часу, бо калі мы гэтага не зробім, то застанемся на пероне, а цягнік жыцця паедзе без адказу на пытанні і з нявырашанымі праблемамі. І людзі таксама паедуць з нявырашанымі праблемамі. Але яны будуць хацець іх вырашыць і будуць шукаць адказаў у сектах, магіі ці ўвогуле адыдуць ад веры.

    Да нас прыязджаюць кардыналы і арцыбіскупы з Ватыкана. Кожны з іх гаворыць пра вялікія спадзяванні на Касцёл у Беларусі. Гаворыцца, што наш Касцёл малады, жывы, што ён развіваецца. А якія Вашы спадзяванні?
    Каб Касцёл быў дынамічны, трэба, каб ён не спаў. Усё робіць Бог, а мы толькі прылады ў Яго руках. Добра, што Ён нас выбраў. Добра мы зрабілі ці дрэнна, няхай асудзяць вернікі і сам Бог. Але жыць толькі гісторыяй, толькі тым, што мінула, гэта не з’яўляецца рухам наперад. „Qui non progredid – regredid”, г.зн. “Хто не ідзе наперад – адыходзіць назад”. Таму я хацеў бы, каб Касцёл быў дынамічны, каб умеў разпазнаваць знакі часу і своечасова адказваць на іх. Сёння адзін чалавек задаў мне пытанне: чаму я заявіў аб сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне. Бо такое цяпер становішча, і Касцёл павінен неадкладна адрэагаваць. Я хачу, каб Касцёл развіваў свае структуры, матэрыяльную базу. Сёння мы не можам правесці многія праграмы, не маючы развітай матэрыяльнай базы. Я хачу, каб было дастаткова ксяндзоў, манахаў, падрыхтаваных кадраў. Часта людзі задаюць мне пытанне: “Калі ў Мінску будзе пабудаваны касцёл?” Адказ просты: калі вы яго пабудуеце. Ніхто за нас гэтага не зробіць, мы павінны самі гэта зрабіць. Напэўна, нашыя людзі не багатыя, але мае вочы таксама не заплюшчаныя. Калі я выязджаю, я бачу, якія дамы пабудаваны за Мінскам. Мы таксама шукаем спонсараў. Яны ахвотна дапамагаюць, калі бачаць, што мы таксама нешта робім. Я зацікаўлены ў фармацыі моладзі, у фармацыі спецыялізаванага душпастырства ва ўсіх накірунках, таксама важнымі з’яўляюцца ўрокі рэлігіі ў школе, але для гэтага трэба мець спецыяльна падрыхтаваных людзей. Вялікую ўвагу трэба надаць развіццю СМІ. Казанні, Евангелле без сродкаў масавай інфармацыі будуць кульгаць.

    Ваша Эксцэленцыя, мы ўвесь час назіраем сувязь Касцёл – Царква – дзяржава. У цэнтры заўсёды знаходзіцца чалавек. Як сёння выглядае гэтая сувязь?
    Гэта працоўная сувязь. Сутнасць дыялогу заключаецца ў вырашэнні існуючых праблем. Такія пытанні, як атрыманне зямлі пад будаўніцтва касцёла, атрыманне дазволу на некаторыя дабрачынныя праграмы, дапамога дзяржавы пры рэстаўрацыі фрэсак, дапамога ў рамонце касцёла Божага Цела ў Нясвіжы, можна вырашыць. І яшчэ такі чалавечы момант: у лячэнні і пахаванні кардынала Казіміра Свёнтэка вялікую дапамогу аказала дзяржава. Кожную нядзелю па радыё трансліруецца св. Імша, такое ёсць не ва ўсіх краінах свету. Літургіі на Божае Нараджэнне ці Вялікдзень, Крыжовы шлях у Мінску – у гэтым дзяржаўнае тэлебачанне таксама прымае ўдзел. Ужо на працягу двух гадоў трансляцыя ўрачыстасці ў Будславе трансліруецца онлайн у інтэрнэце. Безумоўна, праблемы ёсць. Каб вырашыць іх, мы сядаем за стол і агаворваем іх. Не сакрэт, што працягваецца падрыхтоўка пагаднення паміж Беларуссю і Ватыканам. Мы разлічваем на пазітыўнае заканчэнне гэтага працэсу. Гэта дасць больш моцную юрыдычную базу для існавання і дзейнасці Касцёла ў Беларусі.

    Узнікае пытанне, якое цікавіць не толькі мяне, але і чытачоў. Вы запрашаеце шмат кардыналаў і арцыбіскупаў. Сумесна закранаеце розныя тэмы, удзельнічаеце ў сімпозіумах у Мінску. Уносіце шмат новых ідэй, вынікі якіх мы добра бачым. У Кракаве Вы сказалі, што хацелі б, каб у Беларусі адбыўся I з’езд, які датычыць Божай Міласэрнасці; у Святой Зямлі Ваша Эксцэленцыя сказаў, што абраз Маці Божай з Будслава таксама павінен быць там. Адкуль такі павеў Святога Духа, гэта ж усё служыць развіццю Касцёла і веры?
    Не трэба спаць, трэба глядзець наперад, трэба ставіць перад сабой заданні, магчымыя для выканання. Напрыклад, Кангрэс Божай Міласэрнасці правесці можна, ён не будзе мець міжнародны маштаб, але ў рамках Дзён моладзі ўдасца яго арганізаваць. Маці Божая ажно просіць: у 2013 г. адбудзецца 400-годдзе абраза ў Будславе. Чаму б тады ж не асвяціць такі самы абраз у Назарэце, дзе змяшчаюцца абразы з розных краін свету? Ёсць Маці Божая Вастрабрамская, ёсць з Украіны, ёсць Чанстахоўская, а з Беларусі няма. Гэта таксама магчыма. І калі Вы пра гэта напішаце, я буду ўдзячны, таму што трэба шукаць спонсараў, а можа, хтосьці дапаможа. Але адных спонсараў не хопіць, спачатку трэба атрымаць дазвол. У мяне ўжо ёсць вопыт.

    Вы сказалі: “Ведаеце, я не хачу цяпер ставіць дыягназ, бо трэба спачатку ўбачыць, трэба тут пажыць”. Падсумоўваючы нашу размову: у чым, на Вашу думку, заключаецца ўнікальнасць характару Касцёла ў Беларусі?
    Наш Касцёл традыцыйны. Часы пераследавання не зламалі веру, захаваліся традыцыйныя набажэнствы. Адразу ж, калі з’явілася магчымасць, Касцёл увёў нацыянальную мову. Можа, напачатку з беларускай мовай былі цяжкасці, але людзі прызвычаіліся. На сённяшні дзень ужо ўсе літургічныя тэксты выдадзены па-беларуску, і нічога не перашкаджае, каб св. Імша цэлебравалася на гэтай мове. Сёння на беларускай мове выдаецца таксама больш грунтоўная літаратура, таму гэты Касцёл, будучы прывязаным да традыцыі, набажэнстваў, пілігрымак, Ружанца, Ружанцовых колаў, прымае таксама і нешта новае. Здаецца, што гэта Касцёл, які злучае ў сабе “vetera et novo”, старое і новае, каб з аднаго і другога ўзяць найлепшае. Касцёл, які стараецца заўважыць свае памылкі і выправіць іх, а абапіраючыся на гэтым традыцыйным стылі жыцця, уносячы нешта новае, ідзе наперад.

    Дзякуй за размову.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.