ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Весці іншых да Хрыста

З жыцця Касцёла

З кс. Антоніем Грэмзам, душпастырам моладзі, а таксама настаўнікаў і выхавацеляў, размаўляў кс. Павел Салабуда.
Як Вы ацэньваеце пяцігадовую дзейнасць Акадэмічнага душпастырства “OPEN”?
Гродна – гэта горад вышэйшых навучальных устаноў, а таму ён з’яўляецца студэнцкім горадам. Наша душпастырства “OPEN”, назву якому прыдумала сама моладзь, мае на мэце дапамагаць маладому чалавеку адкрываць сябе на Бога, Касцёл і людзей. За пяць гадоў дзейнасці АД “OPEN” бачны шматлікія дасягненні. Я быў ініцыятарам узнікнення Душпастырства, якога ў Гродне вельмі не хапала. Назіраючы за моладдзю, якой я апекаваўся на працягу гэтых гадоў, я заўважыў, што яна хоча быць разам, а супольнасць Касцёла ўспрымаць больш па-сямейнаму. Моладзь хоча, каб душпастыры клапаціліся аб сапраўдных патрэбах маладога чалавека і грамадства, каб гэта быў клопат не толькі тэарэтычны, але, перш за ўсё, выражаны ў апостальскім запале і ўчынках. Я не хачу сам даваць ацэнку Акадэмічнаму душпастырству і сабе. Як душпастыр я заўсёды хацеў максімальных дасягненняў. Я ведаю, што моладзь здольна зрабіць шмат добрых спраў, ёй трэба толькі дапамагчы ў адпаведны момант. Ацэнку я пакідаю тым, хто назірае за дзейнасцю і ўдзелам моладзі Гродна і дыяцэзіі ў рэлігійным жыцці. Наша моладзь вельмі актыўная: яна прымае ўдзел у дыяцэзіяльных сустрэчах моладзі, папскіх чуваннях, дабрачынных акцыях.

   Вы шмат часу праводзіце ў асяроддзі моладзі. Якія праблемы найбольш непакояць маладых людзей?
    Праводзячы сярод веруючай моладзі апытанні па непакоячых яе праблемах, я заўважыў, што найважнейшым застаецца пытанне: як не змарнаваць свайго жыцця ў святле такой колькасці прапаноў, якія падсоўвае свет? Асабліва праблематычна знайсці правільную дарогу жыцця. Многія з маладых людзей вагаюцца ў прыняцці важных рашэнняў і шукаюць сэнс сапраўднай любові.

    Лічба членаў Душпас­тырства нязначная. Што можна было б зрабіць, каб павялічыць яе?
    У Гродне вучыцца і працуе некалькі тысяч маладых людзей. Да Акадэмічнага душпастырства належыць каля ста чалавек. Гэтая лічба не вельмі істотная. На пытанне: як паспяхова заахвочваць маладых людзей да ўдзелу ў Душпастырстве, я неаднакротна чуў адказ моладзі: “Мы не гонімся за лічбай, нам важна сталая фармацыя тых, хто свядома прыйшоў у Душпастырства”. І, безумоўна, гэта праўда. Сведчыць пра Бога будуць тыя, хто жыве ідэяй Душпастырства. Найлепшай ацэнкай дзейнасці нашага Душпастырства з’яўляецца адказ моладзі, што “ў нас добра і па-сямейнаму” і, што ў наступны раз яны абавязкова запросяць з сабой на сустрэчу сваіх сяброў з навучальнай установы. Для рэкламы Душпастырства патрэбны сведчанні моладзі аб тым, што Касцёл цікавіцца праблемамі маладых людзей і стараецца іх зразумець.

    Які павінен быць душ­пастыр моладзі?
    Душпастыр моладзі павінен прымаць кожнага без выключэння чалавека, быць гатовым зразумець яго. Важна таксама разумець праблемы моладзі, каб не быць абыякавым да іх, а ўмець паказаць правільны жыццёвы шлях. Ва ўсім гэтым я стараюся кіравацца словамі бл. Яна Паўла II, які, будучы душпастырам акадэмічнай моладзі ў Кракаве, гаварыў маладым людзям: “Не так важна тое, што я вам скажу, але тое, што вы мне скажаце”. Душпастыр павінен пазбягаць любой формы дыктатуры, прытворства і няшчырасці. Добры душпастыр моладзі – гэта не свайго роду гуру, а той, хто хоча весці іншых да Хрыста.

   Ці сучасная моладзь мае свае аўтарытэты? Каго хочуць пераймаць маладыя людзі?
    Спачатку я хачу аспрэчыць думку, што сённяшняя моладзь не мае аўтарытэтаў. Маладыя людзі выбіраюць за свой аўтарытэт мужных сведкаў, якія жывуць тым, што абвяшчаюць. Сёння, на жаль, іх вельмі мала. Бясспрэчна, рэлігійным аўтарытэтам моладзі нашага горада і дыяцэзіі застаецца бл. Ян Павел II. Многія маладыя людзі з гонарам гавораць, што з’яўляюцца пакаленнем Яна Паўла II. Моладзь надае вялікае значэнне сваім святым заступнікам, стараецца браць з іх прыклад. І гэта таксама з’яўляецца задачай душпастыраў: указаць на прыгажосць жыцця святых, асабліва святых заступнікаў моладзі, такіх, як: св. Казімір, св. Станіслаў Костка, бл. Пётр Юрый Фрасацці і многія іншыя.

    Якая яна – сучасная моладзь? Чаго ёй больш за ўсё не хапае?
    На сустрэчы Душпастырства моладзі прыходзіць пераважна найлепшая моладзь, якая ведае, Каго і чаго шукае ў Касцёле. Цяжэй з тымі, хто знаходзіцца па-за Касцёлам. Значнай з’яўляецца праблема слабой веры моладзі і адсутнасці культуры правядзення часу без алкаголю. Гэта вынік сямейнага выхавання і каштоўнасцей, якія малады чалавек выбірае, як найважнейшыя. Сярод іх ёсць пошук задавальнення любой цаной, што звычайна заканчваецца залежнасцю і духоўным разладам. Мы жывём у час пошуку матэрыяльных выгод, а не клопату аб развіцці духоўнасці. Моладзь таксама патрабуе добрых рэальных перспектыў уласнага развіцця, марыць аб шчаслівай сям’і і сужэнстве, хоча адыгрываць сваю ролю ў фарміраванні будучыні грамадства.

    Якія Вы маеце планы на будучыню?
    Я рады, што 7 кастрычніка разам з моладдзю ў Лідзе, Шчучыне, Ваўкавыску і Смаргоні нам удалося арганізаваць малітоўную акцыю “Ружанец праз мабільны тэлефон”. У будучым мы плануем праводзіць нашы ўжо традыцыйныя дабрачынныя акцыі ў Цэнтры карэкцыі дзяцей-інвалідаў, збор ахвяр “Пячэнне за пячэнне”. Усе сродкі, сабраныя моладдзю, будуць прызначаны на пакупку падарункаў і неабходных рэчаў для хворых дзяцей. У гэтым годзе Еўрапейская сустрэча моладзі Тэзэ адбудзецца ў Берліне. Наша моладзь таксама прыме ў ёй удзел. Акрамя гэтага, мы марым арганізаваць сярод моладзі нашага горада евангелізацыйную акцыю.

    Што б Вы хацелі сказаць маладым людзям, якія знаходзяцца далёка ад Хрыста?
    Я не хачу пераконваць іх у тым, да чаго яны самі павінны дайсці. Я толькі хачу іх заахвоціць, каб яны паспрабавалі зрабіць першы крок у напрамку Хрыста. Трэба трошкі добрай волі, каб спытацца пра Хрыста, пачаць маліцца і шукаць праўды. Нічога не згублена нават тады, калі адчуваецца пустата. “З якім павядзешся, такім і станеш”, – жартаўліва гаварыў бл. Ян Павел II. Таму маладым людзям, якія не маюць блізкага кантакту з Касцёлам, я жадаю быць бліжэй да тых іх равеснікаў, якія будуць сябрамі не толькі на вуліцы, у навучальнай установе і на працы, але таксама ў касцёле, падчас супольнай малітвы і хрысціянскага адпачынку.

    Душпастырства нас­таў­нікаў існуе ўжо 10 гадоў. Як чле­ны Душпастырства наведваюць яго?
    Душпастырства настаўнікаў і выхавацеляў можна аднесці да найбольш элітных супольнасцей. У кожную другую нядзелю месяца працаўнікі асветы і выхавання збіраюцца на св. Імшу і супольную сустрэчу. У сталай душпастырскай фармацыі прымаюць удзел пераважна жанчыны. Гэта, напэўна, звязана са спецыфікай працы. У рэгулярных сустрэчах і фармацыйных майстар-класах удзельнічае ад 30 да 50 чалавек. Гэта пастаянная лічба ўдзельнікаў Душпастырства. Безумоўна, хацелася б, каб кола зацікаўленых з кожным годам павялічвалася. Для гэтага патрэбна большае супрацоўніцтва Касцёла і школы, а таксама выхаванне новых працаўнікоў каталіцкай інтэлігенцыі.

    Якія тэмы Вашых сустрэч?

    Тэматычны дыяпазон сустрэч шырокі: ад рэлігійных тэм (нп., аб веры, Святым Пісанні), да тых, што звязаны з педагагічнай і выхаваўчай працай (нп., цяжкі вучань, настаўніцкая дапамога). З таго часу, як я з’яўляюся душпастырам настаўнікаў і выхавацеляў, я стараюся выбіраць тэмы, якія найбольш непакояць членаў Душпастырства. Я рыхтую канферэнцыі і спецыяльныя дыскусіі. Мы таксама запрашаем дакладчыкаў з лекцыямі. Часта самі настаўнікі рыхтуюць канферэнцыі па выбраным імі праблемам, напрыклад, аб супрацоўніцтве настаўнікаў і бацькоў, аб хрысціянскім выхаванні, сістэме каштоўнасцей, ролі катэхезы ў школе, аб дапамозе дзецям з паталагічных асяроддзяў і інш.

    Чаму, на Вашу думку, у Беларусі няма каталіцкіх дзіцячых садкоў і школ? За мяжой такія школы карыстаюцца вялікім поспехам.
    Аддаць дзіця ў веравызнаўчую школу – гэта права бацькоў. Менавіта дзякуючы ініцыятыве бацькоў павінны рабіцца першыя крокі ў напрамку заснавання такіх школ для дзяцей і моладзі. З моманту прыняцця савецкай канстытуцыі 1918 г. “Аб аддзяленні Царквы ад дзяржавы і школы ад Царквы” да сённяшняга дня ў школах абавязвае свецкая сістэма навучання. Калі на тое дазволяць умовы, пасля змены гэтай сістэмы ў каталіцкіх школах будуць неабходны каталіцкія настаўнікі і выхавацелі.

Ці сустрэчы ў коле нас­таўнікаў і выхавацеляў даюць магчымасць бліжэй пазнаёміцца? Ці ў планах на будучыню ёсць заснаванне Клуба каталіцкай інтэлігенцыі?
    Душпастырства настаўнікаў і выхавацеляў складае супольнасць людзей з падобнымі зацікаўленасцямі і поглядамі.
    Душпастырства дапамагае настаўнікам пераадольваць цяжкасці ў школе і сям’і, а таксама дзяліцца асабістым вопытам веры і выхавання маладога пакалення. Пацвярджэннем неабходнасці супольнасці быў I З’езд настаўнікаў Гродзенскай дыяцэзіі ў дыяцэзіяльным санктуарыі ў Тракелях у 2011 г., які быў падрыхтаваны дзякуючы дапамозе членаў Душпастырства настаўнікаў з Гродна. Каля 150-ці настаўнікаў з розных куткоў нашай дыяцэзіі далі прыгожае сведчанне сваёй веры і супольнай малітвы. Заснаванне Клубаў каталіцкай інтэлігенцыі патрабуе даўжэйшай перспектывы і, перш за ўсё, большай душпастырскай каардынацыі не толькі сярод настаўнікаў, але таксама і сярод іншых прафесійных груп.

    Аб чым павінен памятаць настаўнік-католік?
    Перш за ўсё, клапаціца пра тое, каб працу настаўніка ўспрымаць не як прафесію, а як пакліканне, каб спадарожнічаць дзецям і моладзі ў іх сталенні. Пры гэтым памятаць аб тым, што паспяховасць навучання будзе залежаць ад вернасці Хрысту, найлепшаму Настаўніку.

    Ці Душпастырствы моладзі і настаўнікаў маюць перспектывы развіцця?
    Душпастырствы моладзі і настаўнікаў – гэта роднасныя апостальскія групы. Я лічу, што перспектыва іх развіцця ў нашай дыяцэзіі не губляе сваёй актуальнасці. Выхаванне і духоўная фармацыя свецкіх асоб у Касцёле з’яўляецца адным з важных указанняў навучання II Ватыканскага Сабору. Сёння цяжка сабе ўявіць, што такая важная для Касцёла дзейнасць, накіраваная на выхаванне сталых людзей і адказных за Касцёл вернікаў, можа стаць занядбанай.

    Вялікі дзякуй за размову.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.