ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Што перашкаджае людзям маліцца?

На шляху да святасці

Маліцца можна заўсёды, бо час хрысціяніна – гэта час уваскрослага Хрыста, які застаецца з намі ва ўсе дні, таму малітва і хрысціянскае жыццё - непадзельныя. Св. Ян Хрызастом некалі казаў, што «часта і шчыра маліцца можна нават на кірмашы ці падчас самотнай вандроўкі. Таксама ў крамах, купляючы ці прадаючы, або нават падчас прыгатавання ежы». Аднак не кожны з нас можа дасягнуць такога стану ў малітве, каб цалкам акунуцца ў Бога.
У Евангеллі мы даволі часта чытаем пра тое, што Езус адыходзіць для малітвы ў пустыню, каб Яго ніхто не бачыў і не турбаваў. Сучасны чалавек даслоўна “вырывае” час для таго, каб з’яднацца з Богам, аднак на гэтым шляху можа быць шмат розных перашкодаў, ад якіх трэба асабіста адмежавацца. Сярод іх вылучым тыя, што найчасцей перашкаджаюць у паўсядзённым жыцці знаходзіць у сэрцы час і месца для Бога.

   Недастатковая сканцэнтраванасць
   Гэта звычайная перашкода ў нашай малітве. Не паспеў чалавек зрабіць знак крыжа і адгаварыць “Ойча Наш”, як прыгадвае сабе тысячы нейкіх спраў: што трэба некуды бегчы, нешта рабіць, у галаве пралятае рой неістотных думак. Пачынае маліцца - і раптам звоніць тэлефон альбо чайнік пачынае кіпець; і такіх перашкодаў могуць быць тысячы. Таму патрэбна знайсці адпаведны час і месца для малітвы, калі цяжка абстрагавацца ад знешніх фактараў.
   Таксама вельмі важна засяродзіцца на малітве як эмацыянальна, так фізічна і духоўна, бо самая глыбокая малітва – гэта калі ёсць ты і Бог і больш нічога ў дадзены момант не існуе. Калі ты размаўляеш з чалавекам аб нечым вельмі цікавым, то канцэнтруешся менавіта на ім. Так і з Богам - мы павінны не толькі гаварыць, але яшчэ і слухаць.

   Стомленасць
   З аднаго боку, гэта свайго роду форма духоўнай ляноты. Аднак бываюць сітуацыі, калі чалавек на самой справе настолькі змучаны працай і штодзённымі абавязкамі, што ўжо не ў стане скіраваць свае думкі да Пана, асабліва напрыканцы дня, бо яшчэ з раніцы энергіі і жадання для малітвы дастаткова.
   Каб не адмаўляцца ад сустрэчы з Богам з-за стомленасці, якая накопіцца да вечара, некаторыя людзі моляцца на працягу дня, калі ідуць куды-небудзь пешшу ці едуць у грамадскім транспарце. Моляцца “на хаду”, трымаючы у руках маленькі драўляны ружанчык, альбо проста ў сваіх думках.

   Адсутнасць жадання маліцца
   Адзін прапаведнік некалі трапна заўважыў, што перш чым пачаць славіць Бога, трэба прыняць рашэнне, што я хачу Яго славіць. Гэта вельмі важна, бо часам людзі моляцца проста дзеля таго, каб маліцца, не маючы аніякай духоўнай патрэбы. Яны праз сілу, без усякага энтузіязму гартаюць старонкі малітоўніка, але ці ёсць у гэтым нейкі сэнс? Можа, варта спачатку суцішыцца, паразважаць і запрасіць Святога Духа, каб Ён усяліўся і даў сапраўднае жаданне маліцца? На вялікі жаль, сёння нямногія разумеюць, што трэба аддаваць усе сілы для таго, каб добра маліцца. Нельга жыць, як жывецца, верыць, як верыцца і маліцца, як моліцца, бо з такім падыходам спадзявацца на лепшае “заўтра” хіба не прыходзіцца.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.