ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Урачыстасці св. Антонія ў Малой Бераставіцы

З жыцця Касцёла

Сёлетні адпуст св. Антонія ў нашай парафіі супаў з 160-годдзем касцёла. Падчас гэтай урачыстасці група моладзі і старэйшых асоб атрымала з рук кс. бпа Аляксандра Кашкевіча сакрамант канфірмацыі. Уся парафія ўдзельнічала ў арганізацыі адпусту. Вялікая колькасць вернікаў сабралася ў касцёле, каб прывітаць ардынарыя і прасіць яго ўдзяліць сакрамант хрысціянскай сталасці і пастырскае бласлаўленне.
Парафія св. Антонія Падуанскага ў Малой Бераставіцы ўзнікла ў канцы XIX стагоддзя. Адначасова з яе паўстаннем быў пабудаваны касцёл св. Антонія.
   Заснавальнікамі касцёла была сям’я Ваўкавыскіх. Яна кіравала маёнткам у Малой Бераставіцы да восені 1939 г., а перад уваходам у вёску Чырвонай Арміі іх, паддаўшыся камуністычнай прапагандзе, забілі мясцовыя сяляне. Целы былі закапаны ў ямах побач з касцёлам. У першы год нямецкай акупацыі астанкі забітых былі перанесены на могілкі.
Касцёл быў адчынены з 1851 па 1863 год. 20 мая 1863 г. у вёску ўвайшлі паўстанцы. За прыняцце паўстанцаў царскія ўлады зачынілі касцёл. У гэты час вернікі маліліся таемна, а пазней ездзілі ў Крынкі. У 1868-1919 гадах касцёл выкарыстоўваўся як праваслаўная царква.
   Гісторыя парафіі падзяліла лёс шматлікіх іншых парафій, якія закранула хваля бальшавіцкага атэізму і звязаных з ім пераследаванняў. Адразу ж пасля заканчэння Другой сусветнай вайны на нашы тэрыторыі ўвайшлі савецкія войскі. У 1946 г. тагачасны пробашч парафіі быў прымушаны ўладамі пакінуць парафію і выехаць у Польшчу.
   Вернікі засталіся без пастыра, плябанія была канфіскавана і выкарыстоўвалася для розных мэт. У ёй размяшчаліся сельсавет, ашчадная каса, клуб і, нарэшце, сталовая прафтэхвучылішча.
   У 1948 г. камсамольцы падпалілі касцёл. Вернікам прыйшлося ездзіць на набажэнствы ў суседнія парафіі, дзе працавалі ксяндзы: у Макараўцы, Індуру, Гродна.
   Час ішоў, а вернікі надалей заставаліся без пастыра. У касцёле вырас лес, і шмат хто ўжо сумняваўся ў магчымасці аднаўлення святыні.
   У 90-я гады па ініцыятыве кс. Казіміра Жыліса касцёл пачалі аднаўляць. Кс. Казімір працаваў тады ў Індуры і прыязджаў у Вялікую Бераставіцу. Гэта менавіта ён прапанаваў жыхарам пачаць працу па аднаўленні касцёла.
   Першая св. Імша ў парафіі Малая Бераставіца была адпраўлена ксяндзом Казімірам пад адкрытым небам у свята Усіх Святых у 1990 г. З гэтага моманту св. Імша адпраўлялася рэгулярна. Людзі з вялікай узрушанасцю ўспамінаюць, як яны ўдзельнічалі ў св. Імшы на свята Божага Нараджэння ў знішчаным да падаконнікаў касцёле і як прыгожа былі ўпрыгожаны снегам елачкі каля алтара. Тады ніхто не скардзіўся на холад, нават снег не перашкаджаў.
   У хуткім часе пачалося будаўніцтва: ад паловы былі адбудаваны сцены з паўкруглымі аконнымі праёмамі і нішай, была накрыта чатырохвугольная вежа, зроблены палатачны дах, папраўлена агароджа, а ў галоўным алтары, зробленым у неабарочным стылі, быў змешчаны абраз св. Антонія з Дзіцяткам.
   Некаторыя крыніцы падаюць, што св. Антонія ўшаноўвалі ў гэтым касцёле па-асабліваму. Вернікі з суседніх парафій прыходзілі сюды на адпуст, а алтар з абразом св. Антонія быў зроблены так, што вернікі на каленях маглі абыходзіць яго навокал і праз заступніцтва гэтага святога выпрошваць у Бога патрэбныя ім ласкі. З таго моманту, калі быў зачынены касцёл у Малой Бераставіцы, такім малым санктуарыем св. Антонія стала парафія Адэльск. Магчыма, культ гэтага святога калі-небудзь зноў вернецца туды, дзе ён спрадвеку ўшаноўваўся асаблівым чынам.
   Аб тым, якім вялікім было жаданне Бога і парафіянаў аднавіць касцёл, сведчыць той факт, што ўжо ў 1991 г. св. Імшу ў ім адпраўлялі пад дахам.
   Звонку апсіды святыні знаходзіцца надпіс: “Касцёл св. Антонія, заснаваны 30 верасня 1851 г.” і яшчэ дата аднаўлення: “1991 г.”. Касцёл удалося падняць з руінаў. У парафіі пачало пульсаваць жыццё.
   Вернікі парафіі ніколі не забудуць гісторыі свайго касцёла і сваіх душпастыраў.
   У 20-х гадах ХХ ст. пробашчам у Малой Бераставіцы быў ксёндз Ян Яновіч.
   Злева ад уваходу ў касцёл знаходзіцца сціплы гроб ксяндза Станіслава Барташэвіча (1875-1933). Пры царкве, пабудаванай на пачатку 60-х гадоў ХІХ ст., знаходзіцца гроб апошняга ўніяцкага ксяндза. Магіла абкладзена камянямі, а на ёй стаіць высокі крыж. Усярэдзіне магілы пусціў карані і высока выцягнуўся вяз, а на ёй надпіс: “D.O.M. Міхала Анацэвіча брэсцкага каноніка, гродзенскага і сакольскага дзекана. Памерлага ў 1837 г. 11 жніўня”.
   У 1919 г. пробашчам адноўленай парафіі ў Малой Бераставіцы стаў кс. канонік Юзаф Марцінкевіч (будучы сакульскі пробашч і дзекан). Пасля студзеньскага паўстання ксяндзу Марцінкевічу трэба было пачынаць усё з нуля. Касцёлу неабходны быў рамонт. Трэба было набыць неабходныя для літургіі і інтэр’ера касцёла рэчы, а таксама паклапаціцца аб плябаніі і гаспадарчых будынках. Парафіянаў было мала, каля 900. З дапамогай прыйшлі суседнія парафіі.
   У 1920 г. кс. бп Матулевіч заснаваў бераставіцкі дэканат, а яго дзеканам прызначыў кс. Марцінкевіча, якога праз два гады перавялі ў парафію Крынкі.
   У 1934 г. тут працаваў кс. Павел Чаплоўскі. Парафія налічвала тады звыш 1400 вернікаў, у іх быў вялізны вопыт. Ксёндз Павел працаваў тут тры гады.
   Пасля аднаўлення святыні ў 1991 г. у парафію прыязджалі розныя ксяндзы, між іншымі ўжо згаданы кс. Казімір Жыліс, кс. Раман Цесляк, кс. Павел Беланос. Сёння там працуе кс. Андрэй Казлоўскі. Ён з’яўляецца першым пасляваенным пробашчам.
   Касцёл у Малой Бераставіцы – гэта адзін з цудаў змёртвыхпаўстання святыні. Пабудаваны на ўзвышшы, ён з’яўляецца знакам моцнай веры мясцовых людзей. Нягледзячы на цяжкія гады атэізацыі і пераследавання Касцёла на гэтых тэрыторыях, вернікі надалей з’яўляюцца шчырымі і адказнымі хрысціянамі. У апошнія гады ў парафіі адбыліся вялізныя змены не толькі ў выглядзе святыні, але таксама і ў духоўнасці вернікаў. Моладзь і дзеці актыўна наведваюць урокі рэлігіі, удзельнічаюць у рэкалекцыях, пілігрымках, “канікулах з Богам”, ахвотна прымаюць удзел у касцёльных справах. А 13 чэрвеня 2009 г. у парафію ўрачыста былі ўведзены рэліквіі св. Антонія.
   Лейтматывам сёлетняй урачыстасці быў прыклад сапраўднага хрысціяніна ў сучасным свеце згодна з навукай аб хрысціянскай маралі.
   Кс. бп Аляксандр нагадаў моладзі і старэйшым людзям, наколькі важным у нашым свеце з’яўляецца сакрамант сталасці, а таксама заахвоціў да практыкавання і развіцця ў сабе дароў Святога Духа.
   Казанне абвясціў кс. Раман Катлімоўскі, які наблізіў вернікам постаць і дзейнасць св. Антонія, а таксама расказаў пра дары Святога Духа.
   Пасля выстаўлення Найсвяцейшага Сакраманту і працэсіі вернікі пацалавалі рэліквіі св. Антонія і, напоўненыя Святым Духам, вярнуліся дадому.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.