ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Душпастыр, навуковец, спартсмен

З жыцця Касцёла

13 чэрвеня, ва ўрачыстасць св. Антонія, у парафіяльным касцёле ў Адэльску ксёндз арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч разам са шматлікімі вернікамі дзякаваў за 30 год святарскай службы. Гэта была прыгожая нагода, каб паразмаўляць з Кс. Арцыбіскупам. Найчасцей, калі мы сустракаемся, то размаўляем пра справы, звязаныя з Касцёлам у Беларусі, пра яго праблемы і задачы. Але гэтая ўрачыстасць кіравала больш да асобы Кс. Арцыбіскупа.
- Ваша Эксцэленцыя, бл. Ян Павел II сказаў аб святарстве, што гэта Дар і Таямніца. А што пра гэта думае Кс. Арцыбіскуп пасля 30 год святарскай паслугі?
   - Сапраўды, святарства з’яўляецца вялікім дарам і вялікай здзіўляючай таямніцай. Ці просты хлопец з Адэльска мог падумаць, што стане ксяндзом, нават больш – біскупам? Калі б хтосьці сказаў пра гэта каля 50 год таму, то ўсе высмеялі б мяне. Але Бог вядзе і ў свой час дае знакі. Калісьці перада мной адкрывалася тэхнічная кар’ера: я быў інжынерам, меў з калегамі-інжынерамі пэўныя дасягненні, марыў аб кар’еры навукоўца, пачаў прыкладаць у гэтым напрамку намаганні і ўжо здаў экзамены ў аспірантуру. Аднак у Вострай Браме я прыняў іншае рашэнне: паступаю ў духоўную семінарыю. Калі я сказаў пра гэта майму сябру, той адказаў так: “Я ведаю, ксяндзоў мала, але чаму менавіта ты павінен ісці ў семінарыю?” А таму сапраўды, святарства – гэта вялікія таямніца і дар, бо, апрача святара, ніхто іншы на свеце не можа перамяніць хлеб і віно ў Цела і Кроў Хрыста, ніхто іншы не можа дараваць грахоў. Сваёй паслугай святар дае людзям Бога, чаго ніхто іншы не можа зрабіць.

- Растлумачце, калі ласка, як той малады Тадэвуш, які быў выкрэслены са спіса студэнтаў педінстытута, які з групай інжынераў сканструяваў хуткавярчальны шліфаваль-ны станок, які пасля апатэнтавання знайшоў прамысловае прымяненне на аўтамабільным заводзе “Волга”, стаў ксяндзом?

   - Калі сведку веры, кардынала Казіміра Свёнтка, выпускаючы яго з турмы на свабоду, спыталі, як гэта сталася, што ён выжыў, той адказаў: “Так хацеў Бог”. Мой адказ такі ж самы: так хацеў Бог.

   - Душпастырская праца ў Вільні, Друскеніках, Гродне, а з другога боку - навуковыя дасягненні, якія былі ўвенчаны доктарскай дысертацыяй па тэалогіі на тэму “Паглыбленне навучання аб Касцёле ў працах і дакументах II Ватыканскага Сабора”. Чаго было больш у маладым святары: навукоўца ці душпастыра?
   - Навука заўжды мяне захапляла. Калі ў 60-х гадах мінулага стагоддзя я вучыўся ў Політэхнічным інстытуце ў Ленінградзе, гэта быў час нязвыклага развіцця атамных даследаванняў. Мне гэта падабалася ў такой ступені, што ў імя навукі я быў гатовы пайсці ўнутр рэактара. Калі я вучыўся ў каўнаскай семінарыі, то мяне вельмі цікавілі дагматычная тэалогія, кананічнае права і літургіка. Тады было вельмі мала літаратуры, але ўжо ў семінарыі я спрабаваў пісаць працы. Працягваў гэта і пасля яе заканчэння. Я працаваў у касцёле св. Тэрэзы, ля якога знаходзіцца Вострая Брама, але, не зважаючы на тое, што было шмат працы (тады ўсе ехалі ў Вострую Браму), вучыўся на факультэце тэалогіі ў Каўнасе. Я імкнуўся спалучыць навуковую працу з душпастырствам. Я разумеў, што буду лепшым пастырам, калі набуду больш ведаў. Гаворачы коратка, ува мне заўжды былі навуковец у душпастыры і душпыстыр у навукоўцы, але заўсёды на першым месцы - святар, душпастыр. Ці гэта ўдалося – няхай судзяць іншыя. Але да гэтага навукоўца і душпастыра трэба яшчэ дадаць аматара-спартсмена. Спорт заўжды быў і да сённяшняга дня застаецца маім захапленнем. Спорт дапамагае мне ў працы.

   - Канец 90-х гадоў, у былым Савецкім Саюзе – “перабудова”. У Мінску – першы апостальскі адміністратар кс. біскуп Тадэвуш Кандрусевіч, а таксама першы арцыбіскуп Тадэвуш у Маскве. Адкуль Ваша Эксцэленцыя чэрпаў сілы і энтузіязм? Як дайшло да таго, што пад кіраўніцтвам арцыбіскупа пачалася “духоўная перабудова”?
   - Я заўжды праз рукі Марыі ўсё давяраў Богу. Калі Бог хоча здзейсніць якую-небудзь справу, то прызначае да яе людзей. Мы павінны быць інструментам у Яго руках. Трэба разам з Марыяй сказаць сваё “Fiat” і працаваць. Не шукаць уласнай славы, не разглядацца за цяплейшым месцам, але проста сумленна выконваць даручанае заданне. Зразумела, трэба чытаць знакі часу, каб не спазніцца і своечасова прыняць адпаведнае рашэнне. Як да абеду патрэбна лыжка, так і рашэнне павінна быць прынята ў адпаведны час.

   - Пасля рэгістрацыі Апостальскай Адмі­ністратуры ў Расіі на яе тэрыторыі зна­ходзілася 6 парафій і 2 касцёлы (у Маскве і Ленінградзе), 2 капліцы і 3 святары, з якіх два мелі звыш 80 год. Праз пяць год зарэгістраваных парафій было 86, абслугоўвала іх 86 духоўных асоб, у тым ліку 37 дыяцэзіяльных святароў і 51 - манаскіх. У 1999 г. душпастырскую паслугу для 300 000 вернікаў выконвала ўжо 118 святароў у 116 парафіях. Якім чынам Кс. Арцыбіскуп сабраў у Расіі столькі святароў?
   - Проста я гаварыў пра Расію, пераслед Касцёла падчас атэізму, патрэбу “духоўнай перабудовы”, фацімскае прароцтва навяртання Расіі. Нічога не зробіцца само. Каб гэтае навяртанне стала фактам, патрэбны духоўныя асобы. Найчасцей святары адклікаліся пасля казанняў. У Фаціме пасля св. Імшы і казання на англійскай мове падышоў адзін амерыканец і сказаў: “Я прыняў рашэнне: іду ў семінарыю, але з думкай, каб працаваць для Касцёла ў Расіі. Прашу мяне накіраваць у семінарыю”. Ён стаў ксяндзом і вельмі многае зрабіў для Касцёла ў Расіі. Апрача таго, я заўжды меў пры сабе пячатку, і калі ксёндз выражаў згоду, ён тут жа атрымліваў дэкрэт. Вядома, я ездзіў па свеце і шукаў святароў. Маліўся, каб ксяндзы адказалі на мой заклік і паехалі туды, дзе веру пераследавалі на працягу трох пакаленняў, дзе толькі што з’явіліся ўмовы для яе адраджэння, дзе людзі прагнуць кожнага слова праўды. І гэта прынесла плён. За ўсё гэта я дзякую Богу.

   - 1989 год. Ксёндз Арцыбіскуп засноўвае семінарыю ў Гродне, а ў 1993 г. – у Маскве. Каб на постсавецкай прасторы той самы чалавек заснаваў дзве семінарыі! Несумненна, гэта вялікі поспех. Якую неабходнасць бачыў Арцыбіскуп у адкрыцці семінарыі? Якія былі планы на будучыню?
   - Семінарыя з’яўляецца Сэрцам дыяцэзіі, Сэрцам мясцовага Касцёла, які, як жывы арганізм, патрабуе сваёй крыві. Пераліванне крыві неабходна, каб вылечыць арганізм чалавека, але ён патрабуе таксама ўласнай крыві, каб далей функцыянаваць самастойна. Аналагічна і з Касцёлам. Я адчуваў неабходнасць засноўваць семінарыі і засноўваў іх. А Бог блаславіў. Я прагну і ўсё яшчэ мару заснаваць у будучым факультэт тэалогіі або нават Вышэйшую каталіцкую школу.

   - Новыя святыні, святары, багатая душпастырская дзейнасць, тысяча візітаў да чыноўнікаў, сотні размоў з імі… А вынік – вяртанне зачыненых касцёлаў і паўставанне новых, так, як, напрыклад, у Беларусі, дзе ў 1989 – 1991 гг. было вернута 97 касцёлаў. Што Арцыбіскуп гаварыў чыноўнікам у Маскве і Мінску? Якія аргументы прыводзіў?
   - Такія, што, насамрэч, патрэбны кіназалы, спартзалы, фабрыкі і г.д., але дом малітвы павінен быць домам малітвы і месцам сустрэчы чалавека з Богам. Улада таксама добра бачыла, што недастаткова толькі эканамічнага ці палітычнага развіцця. Неабходна духоўнае выхаванне. І гэта дзейнічала. Часам было вельмі цяжка, здавалася, што амаль немагчыма, але, як гаворыць руская прыказка, “Терпение и труд все перетрут”, асабліва калі праца ўзмоцнена малітвай.

   - З аднаго боку - будаўніцтва і вяртанне касцёлаў, а з другога – іншыя душпастырскія задачы, між іншым, фармацыя свецкіх католікаў, а таксама апостальская дзейнасць праз друк, радыё і рэлігійныя выдавецтвы, адкрыццё Інстытута каталіцкай тэалогіі ў Маскве, выданне шматлікіх кніг і малітоўнікаў на рускай мове. Да таго ж, дзейнасць у Мінску. Мне здаецца, што такая праца патрабавала прынамсі шасці чалавек. Ксёндз Арцыбіскуп, ці гэта была менавіта тая новая евангелізацыя?
   - Гэта была евангелізацыя ў новыя часы і з выкарыстаннем новых метадаў і сродкаў, таму я буду вельмі шчаслівы, калі такім чынам уклаў хоць бы адну цаглінку ў важную справу новай евангелізацыі, пра якую гаварыў бл. Ян Павел II і да якой заахвочвае Бенедыкт XVI.

   - У Маскве Ваша Эксцэленцыя шмат часу прысвячаў працы з моладдзю. Разам з ёй удзельнічаў у некалькіх Сусветных днях моладзі, вёў катэхезы, арганізоўваў рэгіянальныя Дні моладзі. Аналагічна выглядае супрацоўніцтва з маладымі людзьмі ў Беларусі. Сустрэчы ў Мінску і Івянцы, запланаваны супольны выезд у Мадрыд. Якое месца займае моладзь у святарскім жыцці Кс. Арцыбіскупа?
   - Калі ў грамадстве ёсць маладыя людзі, то яно мае будучыню. Аналагічна і ў Касцёле. Недарэмна Ян Павел II гаварыў, што моладзь - гэта надзея свету і Касцёла. З маладымі інакш глядзіцца на свет. Трэба ўмець іх слухаць і даваць адказы на іх пытанні. Душпастырства моладзі павінна мець два напрамкі. Гэта не шлях у адным напрамку, таму што завядзе ў нікуды. Працуючы з маладымі, чалавек сам адчувае сябе маладзейшым і лепей разумее свет маладых, іх клопаты, неспакоі і надзеі. Моладзь з’яўляецца адным з маіх прыярытэтаў.

   - Экуменічная дзейнасць з’яўляецца адной з найважнейшых для Кс. Арцыбіскупа. Але з другога боку – досвед рознага роду рызыкі, не заўжды справядлівыя ацэнкі.… Ці Ваша Эксцэленцыя не расчараваны вядзеннем дыялогу, гэта ж вельмі цяжка? Да гэтага адзінства зараз бліжэй ці далей?
   - Заклік Хрыста “Каб усе былі адзіны” павінен быць праграмай жыцця і дзейнасці кожнага хрысціяніна, таму што з’яўляецца запаветам Збавіцеля. Раскол хрысціян – гэта рана на Містычным Целе Хрыста, якая крывавіць ужо амаль тысячу год і якую трэба лячыць. Мяне не расчароўваюць цяжкасці, тым больш, што ў тунэлі, які вядзе да адзінства, усё больш святла. Экуменізм – гэта справа Святога Духа, але Ён дзейнічае праз нас. Шлях да адзінства хрысціян яшчэ вельмі доўгі, але цяпер ён карацейшы, чым раней.

   - Ксёндз Арцыбіскуп здзейсніў шмат розных апостальскіх падарожжаў: ад Рыма да Сібіры. Якое з іх найбольш засталося ў памяці?
   - Рым і Сібір, Масква і Караганда, Санкт-Пецярбург і Калінінград, Мінск, Гродна і шмат іншых – кожнае з гэтых месцаў цікавае і нязвыкла важнае, бо ўсюды - людзі, якія хочуць быць шчаслівымі і патрабуюць дапамогі. Найбольш хвалюючай падзеяй было ўмураванне вуглавога каменя пад новы касцёл у Марксе (Саратаўская вобласць). Людзі папрасілі, каб каменем была старая паабіваная цэгла з даўняга, разбуранага атэістычнымі ўладамі касцёла. Перад такімі цэгламі людзі маліліся на працягу доўгіх пакаленняў. Гэтыя цэглы былі для іх сімвалам касцёла. Дзякуючы ім пратрымалася вера, і таму людзі хацелі, каб была лучнасць паміж старым разбураным касцёлам і новым.

   - Пасля 16 год працы ў Маскве Кс. Арцыбіскуп вярнуўся ў Мінск. Параўнайце, калі ласка, святарскую і біскупскую працы ў гэтых дзвюх сталіцах.
   - Як у Маскве, так і ў Мінску не трэба шукаць лёгкага – проста трэба працаваць для людзей, і менавіта гэта прыносіць задавальненне. Безумоўна, у Беларусі значна больш вернікаў, але і праблем хапае. Вялікая колькасць вернікаў патрабуе большай колькасці касцёлаў, касцёльных устаноў, душпастырскіх і духоўных праграм і г.д. Асабліва гэта відаць у Мінску, дзе ўсё яшчэ вельмі мала месцаў культу. Хоць і ў Маскве два касцёлы – гэта адносна замала. У Мінску і наогул у Беларусі Каталіцкі Касцёл лічыцца гістарычным, што дае яму значныя магчымасці кантакту і супрацоўніцтва з грамадскасцю. Вельмі важным з’яўляецца факт, што галоўныя набажэнствы трансліруюцца па тэлебачанні, а па радыё кожную нядзелю перадаецца св. Імша. Аднак трэба яшчэ шмат зрабіць, каб Каталіцкі Касцёл адыгрываў большую ролю ў грамадскім жыцці беларускага народа.

   - У пастырскіх пасланнях Кс. Арцыбіскуп заўжды прадстаўляе духавенству і вернікам праграму душпастырскай працы і ўказвае практычныя спосабы яе рэалізацыі. Ці словы закліку Ксяндза Арцыбіскупа “Quis ut Deus” – “Хто ж, як Бог” можна прызнаць праграмай гэтай нялёгкай эстафеты задач, дадзеных Касцёлам?
   - Заклік “Quis ut Deus” нагадвае той факт, што людзі, нягледзячы на ганенні, не адышлі ад Бога. Сваім жыццём і клопатам аб рэлігійным выхаванні дзяцей яны пасведчылі гэтыя словы. І насамрэч, дэвізам сваёй душпастырскай працы я абраў словы “Хто ж, як Бог”, бо “Калі Бог з намі, хто ж супраць нас!”

   - Праз пастырскую паслугу Ксяндза Арцыбіскупа мы заўважаем, як Ваша Эксцэленцыя дзеліцца з намі хрысціянскай надзеяй і дае евангелічнае сведчанне надзеі і праўды. Сардэчна дзякую Ксяндзу Арцыбіскупу за размову і, безумоўна, запэўніваю аб малітве ўсіх вернікаў нашай дыяцэзіі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.