ГРОДНА
Субота,
27 красавіка
2024 года
 

Мой рахунак сумлення

На шляху да святасці

Аналізуючы 10 Божых запаведзяў, можна адкрыць для сябе нешта новае, тое, што хаваецца за моўнай заслонай і ўтрымлівае глыбокі сэнс. Для прыкладу – невялікае разважанне.
1. Не май іншых Багоў, апроч мяне.
    Мы ведаем, што першая запаведзь вучыць нас маліцца, любіць Бога, аддаваць Яму хвалу. Але пад усім гэтым маецца на ўвазе яшчэ і давер да Бога. Ён кажа: “Калі не навернецеся і не станецеся як дзеці…” (Мц 18, 3): дзеці атаясамліваюцца са шчырасцю і адкрытасцю. Носячы на шыі крыж і верачы ў Божае наканаванне, мы выконваем Божы запавет.

    2. Не кажы імя Пана Бога дарэмна.
    Гэта значыць не казаць імёнаў Бога, Марыі ў жартах ці са злосці. Не клясціся фальшыва.
    Сэнс крыецца ў тым, што калі мы абражаем бліжняга словам, мы грашым супраць другой запаведзі. Бо кожны з нас на Зямлі – гэта стварэнне Божае. І калі мы абражаем, праклінаем суседа, значыць, мы абражаем і Бога!

3. Памятай дзень святы святкаваць.
    Бог наказаў, каб людзі адпачывалі падчас святаў. А сапраўдны адпачынак – гэта калі “душа і цела паасобку”, калі адчуваеш супакой і радасць. І калі твае родныя каля цябе і ты можаш падзяліцца з імі сваёй радасцю, зрабіўшы яшчэ адзін добры ўчынак. На тое ён і Святы дзень, каб прыносіць святасць. А святасць патрэбна для таго, каб да яе імкнуцца.

    4. Шануй бацьку свайго і маці сваю.
    Маецца на ўвазе не толькі тое, што за бацькоў трэба маліцца, паважаць і дапамагаць ім. Трэба таксама шанаваць кожную хвілінку, пакуль бацькі з табою на гэтым свеце, і карыстацца гэтым, прыносячы ім толькі радасць.
    За зместам запаведзі крыецца наказ аб тым, каб паважаць старэйшых. Не пярэчыць, прапанаваць дапамогу, дзе патрэбна. Любіць сваю Радзіму і месца, дзе жывеш.

    5. Не забівай.
    І не рызыкуй сваім жыццём! Гэта таксама грэх. Напрыклад, курыць – значыць шкодзіць здароўю. Калі ты ведаеш аб гэтым (а ты ведаеш!), то свядома скарачаеш сваё жыццё, якое адмерана табе Богам.

    6. Не чужалож.
    У гэтай запаведзі Бог кажа, што ў чалавека павінны быць светлыя і чыстыя думкі. Няхай зло спакушае і пускае штосьці табе ў галаву, няхай розум затуманьваецца, але твая задача – не пускаць гэтыя думкі бліжэй да сэрца, не прапускаць іх праз сябе.
    Гэтая запаведзь вучыць нас таксама не ставіцца легкадумна да чужых пачуццяў. Калі задумацца, менавіта нераўнадушша да бліжняга дапамагае чалавеку заставацца чалавекам у любой сітуацыі.

    7. Не крадзі.
    Не крадзі – гэта значыць не бяры без дазволу чужыя рэчы, хоць потым і вернеш іх уладальніку. Атрымліваецца, што ты не пазычаеш, а … на нейкі час крадзеш нешта. Гэта нядобра.
    Глыбейшы сэнс крыецца ў тым, што ты можаш неасцярожна, без належнай павагі ставіцца да нейкіх рэчаў. Пакрышыў хлеб – і “ўкраў” працу і намаганні людзей, якія паклапаціліся аб тым, каб гэты хлеб апынуўся на тваім стале. У такім выпадку патрэбна было б задумацца пра многае.

    8. Не сведчы фальшыва супраць бліжняга твайго.
    Не толькі не кажы няпраўды пра бліжняга, але і імкніся аднавіць яго добрае імя, калі ты пакрыўдзіў гэтага чалавека. Гэта папярэджанне Бога пра тое, што ўсе павінны жыць у згодзе і ў міры. Нават не зайздросць і не цешся з няшчасцяў бліжняга. Бо гэта – чарвяк, які знутры нішчыць сэрцы многіх.

    9. Не пажадай жонкі бліжняга твайго.
    Запаведзь абавязвае людзей браць шлюб, кахаць чалавека, з якім стаяў пры алтары перад Богам, і быць адданым яму да канца, нягледзячы ні на што. Калі задумацца, можна знайсці і глыбейшы сэнс. З усяго гэтага вынікае, што чалавек можа змагацца з пачуццямі. Гэта нават патрэбна, калі справа датычыцца душэўнай раўнавагі, гармоніі з сабой і сваім сумленнем.

    10. Не пажадай нічога, што належыць бліжняму твайму.
    Нават у думках Бог просіць засцерагчы сябе не пажадаць чужога. Інакш кажучы, не зайздросціць. Людзі лічаць, што існуе зайздрасць белая і чорная. Але не бывае белай зайздрасці. Бывае проста зайздрасць, якая можа прывесці да непажаданых і непрыемных дзеянняў з боку чалавека.
    А цяпер, з поўным кашом камянёў і каменьчыкаў, з цяжарам на душы, трэба ісці да споведзі, каб стала лягчэй крочыць наканаваным нам Богам шляхам.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  249

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.