ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

Заява арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага

Пастырскае Слова

(у сувязі з прыняццем Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу законапраекта аб рэпрадуктыўных тэхналогіях)
У апошнія часы ва ўсім свеце многа ўвагі надаецца праблеме кланіравання чалавечых эмбрыёнаў з мэтай «вытворчасці» чалавечых асобаў, або так званым рэпрадуктыўным тэхналогіям. Не адстае ў гэтым і Беларусь. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 27 красавіка 2011 г. у першым чытанні прыняла законапраект аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях і гарантыях правоў грамадзян пры іх выкарыстанні.
   Каталіцкі Касцёл, падзяляючы занепакоенасць праблемай бясплоднасці і заахвочваючы да пошуку новых метадаў яе лячэння, у той жа час катэгарычна выступае супраць выкарыстання тэхналогій, якія супярэчаць хрысціянскаму разуменню годнасці сям’і, бацькоўства, дзетанараджэння і чалавечага эмбрыёна, а таксама значэння чалавечай сексуальнасці.
Тэндэнцыя аддзялення паняцця жыцця ад паняцця сям’і як натуральнага асяроддзя, дзе зараджаецца і развіваецца жыццё, з’яўляецца адным з найбольш згубных наступстваў культуры смерці. Чалавечае жыццё ўзнікае ў выніку рэалізуемага падчас акту сужэнскай любові ўзаемнага аддавання мужчыны і жанчыны. Сужэнцы пры гэтым з’яўляюцца не гаспадарамі, а толькі слугамі ў справе любові Стваральніка. Таму зачаты чалавек – гэта плод любові бацькоў, і ён не можа быць прадметам жаданняў або прадуктам зачацця ў выніку медыцынскага ці біялагічнага ўмяшання.
   Таму кланіраванне чалавечых арганізмаў і выкарыстанне рэпрадуктыўных тэхналогій нясе ў сабе сур’ёзныя cупярэчнасці маральнага і антрапалагічнага характару, а таксама вядзе да дэвальвацыі каштоўнасці як чалавечага жыцця і прадаўжэння чалавечага роду, так і сям’і – асноўнай клеткі кожнага грамадства – і яе фундаментальнага значэння для ўсяго чалавецтва.
   Сур’ёзную заклапочанасць выклікае і той факт, што законапраект рыхтаваўся без кансультацый з рэлігійнымі арганізацыямі, асабліва з Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, якія маюць вельмі многа напрацовак у гэтай галіне, і пазіцыі якіх вельмі блізкія, а таксама без адпаведнага грамадскага абмеркавання.
   У сувязі з гэтым заклікаю дзяржаўныя ўлады, усе маральна здаровыя сілы грамадства, навукоўцаў і рэлігійныя арганізацыі звярнуць увагу на гэтую праблему, каб не дапусціць парушэння галоўнага права чалавека на жыццё – самага вялікага Божага дару і абразы яго годнасці.
   Перафразоўваючы словы вельмі паважанага ў Беларусі папы Яна Паўла II, які 1 мая 2011 г. быў далучаны да ліку бласлаўлёных, жадаю сваёй Бацькаўшчыне: «Беларусь, калі хочаш быць ВЯЛІКАЙ, захоўвай жыццё ад самога зачацця праз акт сужэнскай любові ажно да натуральнай смерці».
паводле www.catholic.by, 3 мая 2011 г.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.