ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Культ Маці Божай у Капцёўцы

На шляху да святасці

Ксёндз Міхал Ластоўскі, кусташ санктуарыя Яснагурскай Маці Божай – Цярпліва Слухаючай на Узгорку Надзеі.
Спрадвеку культ Маці Божай быў звязаны з вернікамі – жыхарамі Капцёўшчыны (Капцёўкі) і навакольных мясцовасцяў.
    Святыня вернікаў грэка-каталіцкага веравызнання ў Капцёўцы насіла назву Успення Маці Божай. У структурах рымска-каталіцкага Касцёла вёска Капцёўка належала да парафіі Маці Божай Анельскай у Гродне. Ксёндз Ян Храбоншч, калі працаваў вікарыем ў гродзенскай Фары, усяго праз тры гады святарства атрымаў загад ад арцыбіскупа, мітрапаліта Рамуальда Ялбжыкоўскага з Вільна, арганізаваць у Капцёўцы парафію і пабудаваць разам з вернікамі касцёл.
    Пасля прызначэння ксяндза Яна яго бацькі Караліна і Ігнат Храбоншчы, каб падзякаваць за дар святарства сына і выпрасіць праз заступніцтва Маці Божай блаславенне ў Бога на гэтую цяжкую арганізацыйную працу пры закладанні парафіі і будаўніцтве касцёла, заказалі на Яснай Гары абраз Маці Божай Чанстахоўскай. Са свайго роднага дома яны адправіліся пешшу ў пілігрымцы ў Чанстахову (140 км), каб прывезці гэты абраз у сваю парафію, а затым перадаць яго парафіі ў Капцёўцы. Маці Божая ў Яснагурскай іконе прыбыла ў Капцёўку ў пачатку кастрычніка 1936 г. і да 7 лістапада 1937 г. знаходзілася ў Народным доме імя Ігнація Масціцкага – ён служыў вернікам парафіі часовай капліцай. 7 лістапада 1937 г. вернікі з абразом Маці Божай адправіліся ў новы, яшчэ не закончаны касцёл.
Так Маці Божая ў Яснагурскім абразе засталася ў Капцёўцы да закрыцця касцёла, якое адбылося ў момант арышту пробашча. Вернікі збіраліся вакол Маці Божай, просячы Яе з верай як добрую Маці, якая заўжды цярпліва выслухае, аб заступніцтве і дапамозе ва ўсіх жыццёвых патрэбах. Падчас ганенняў як касцёл, так і абраз былі знішчаны.
    Людзі гаварылі, што падчас Марыйных святаў было відаць, як у касцёле гарэлі свечкі, хоць там нікога не было, бо ў савецкія часы ў касцёле быў склад збожжа. Аднойчы, калі там працавалі рабочыя, да іх прыйшоў незнаёмы стары чалавек з барадой і сказаў, каб спадзяваліся і памяталі, што тут ізноў будзе касцёл, і каб людзі маліліся за гэта. Гэты стары прыйшоў і аддаліўся неспадзявана.
    Парафіяне глядзелі на ўзгорак, дзе знаходзіўся недабудаваны касцёл, які ўсё больш знішчаўся, і з надзеяй паўтаралі, што “тут яшчэ будзе касцёл, тут будзе св. Імша і мы будзем прыходзіць сюды да Маці Божай, як хадзілі дагэтуль, а Яна заўжды цярпліва нас выслухае як наша добрая Маці”.
    Пасля аднаўлення касцёла, яго кансэкрацыі і ўтварэння Узгорка Надзеі парафіяне звярнуліся да айцоў-паулінаў на Яснай Гары з просьбай аб копіі абраза Маці Божай Яснагурскай. Выходзячы насустрач гэтым пажаданням, 25 сакавіка 2006 г. айцец генерал ордэна паулінаў на Яснай Гары Ізыдор Матушэўскі падчас Марыйнага звароту ахвяраваў касцёлу ў Капцёўцы Яснагурскую ікону. Гісторыя вяртаецца: пасля многіх гадоў нягод і пакут Маці Божая вярнулася на Узгорак Надзеі. Спачатку абраз знаходзіўся ў гродзенскай катэдры, каб 3 мая 2006 г., ва ўрачыстасць Маці Божай Каралевы, прыбыць і быць урачыста ўнесеным на Узгорак Надзеі ў Капцёўцы. Тут, у Капцёўцы, заступаецца, мае свой трон і апекуецца сваімі дзецьмі цярпліва нас слухаючая Маці Божая, Яснагурская Пані.
    8 ліпеня 2007 г. кардынал Эдмунд Казімір Шока і біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяцілі абраз Маці Божай Яснагурскай разам з алтарнай каменнай плітой.
    Пілігрымкі да Маці Божай – Цярпліва Слухаючай на Узгорку Надзеі ў Капцёўцы сталі ўжо традыцыяй Гродзенскага Касцёла. Вернікі прыходзяць сюды ў Дзень маці, Дзень бацькі і ў пачатку навучальнага і катэхетычнага года. Штогод на Узгорак Надзеі прыбываюць усё большыя і большыя групы вернікаў.
    Дэкрэтам ад 23 сакавіка 2010 г. кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч устанавіў у парафіяльным касцёле Унебаўзяцця Маці Божай санктуарый Маці Божай Яснагурскай – Цярпліва Слухаючай на Узгорку Надзеі, адзначаючы пры гэтым: “Няхай Маці Божая, якая атрымлівае пашану ў копіі Яснагурскага абраза, будзе асаблівай Апякункай гэтага месца і ўсіх Яе прыхільнікаў, якія будуць шукаць у Яе ратунку і надзеі”.

    Пілігрымка ў Дзень маці
    15 мая, у Дзень маці, адбылася пілігрымка на Узгорак Надзеі ў Капцёўцы, у санктуарый Маці Божай Яснагурскай – Цярпліва Слухаючай. У ёй прынялі ўдзел усе парафіі Гродна, а таксама клерыкі Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі. Узначаліў пілігрымку кс. Міхал Ластоўскі, кусташ санктуарыя.
    На Узгорку Надзеі падчас св. Імшы кс. рэктар Гродзенскай ВДС Юзаф Станеўскі звярнуўся да вернікаў з казаннем, у якім асаблівую ўвагу надаў Маці Божай – Маці святарскіх пакліканняў, заахвоціў да малітвы за святароў і падзякаваў маці, якія дбаюць пра рэлігійнае выхаванне сваіх дзяцей, таму што менавіта ў сем’ях, дзе пра яго дбаюць, нараджаюцца пакліканні да святарства.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.