ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Быць католікам – гэта…

Слова рэдактара

11-327_by Ці краіна, у якой мы жывём, з’яўляецца краінай веруючых людзей? Ці зазіраючы ў сваё сэрца і пытаючыся саміх сябе, якая яна, наша вера, мы адкажам сумленна на гэтае пытанне? Я заўсёды здзіўляўся спраўнасці і лёгкасці, з якой некаторыя гавораць аб Богу, аб зусім, па сутнасці, нялёгкіх справах, па-свойму разумеючы Божыя справы стварэння. Аднак я лічу, што трагедыя сённяшняга чалавека і сучаснай культуры заключаецца ў тым, што яны становяцца ахвярамі ілюзіі, нібы размовы пра Бога – гэта нешта зусім лёгкае. У той жа час людзі забываюць пра галоўнае: Бог ёсць Таямніца.
   Для мяне гэта цяжкія тэмы, пра якія нялёгка пісаць. Бо кожны з нас перажывае спатканне з Богам па-свойму. Часта можна пачуць выказванні тыпу: “Мая вера перажыла мноства ўзлётаў і падзенняў” або “Я – хрысціянін, таму я стаўлюся да веры сур’ёзна”. Кожны з нас мог бы расказаць штосьці сваё пра свае адносіны з верай і з Богам. І, вядома, трэба аб гэтым гаварыць, таму што важныя рэлігійныя тэмы павінны займаць у нашым жыцці належнае месца.
Кожны вернік павінен задумвацца пра сваю веру. Нам неабходна развага над сваімі ўчынкамі і сваім жыццём. Які я хрысціянін? Што я павінен зрабіць, каб маё хрысціянства не было пустаслоўем, простай звычкай? Якім чынам? Чаму? Я не маю намеру сумнявацца ў чыёйсьці веры, але ўпэўнены, што развага над гэтымі пытаннямі патрэбна кожнаму з нас для таго, каб адкрыць праўду і сэнс нашай веры ў гэтым усё больш хуткім і больш секулярызаваным жыцці. Таму што душу немагчыма вымераць ці ўзважыць.
   Хто ж яны, тыя сапраўдныя католікі? Мяне турбуе гэтае пытанне, і хацелася б паразважаць над ім ра-зам з Вамі, паважаныя Чытачы, таму запрашаю Вас да дыскусіі. З аднаго боку, здаецца, што гэта дастаткова лёгкае пытанне, а з другога – цяжка адказаць на яго хутка і адназначна. Ці сапраўдны католік – гэта тая бабуля, якая імчыцца ў касцёл і штурхае ўсіх, каб прапіхнуцца да камуніі? Альбо моладзь, якая ў сценах святыні мае так шмат добрых пастанаўленняў, а выходзячы з касцёла, змяняецца да непазнавальнасці? Ці той, хто спраўна ходзіць у касцёл і ведае ўсе малітвы, а дома абражае блізкіх і не шануе дзяцей? Гэтыя прыклады можна было б працягваць… Большасць з нас без усялякага сумнення лічыць, што з’яўляецца найлепшым католікам. А мне прыпамінаецца размова двух мужчын, адзін з якіх быў няверуючы, а другі – вернік. Няверуючы запытаў у верніка: “Ты католік?” – “Так, а ты?” – “А я – атэіст”, – адказаў і дадаў: “Але ці мог бы ты жыць трохі лепш з гэтай сваёй верай, чым я без яе?”.
   Напэўна варта паразважаць над тым, што для нас азначае каталіцызм. Гэта, безумоўна, важная рэлігійная тэма, якая павінна прысутнічаць у нашым жыцці. Трэба непакоіцца не за Касцёл, а за людзей – тых, якія адыходзяць і якія ўжо не вяртаюцца. Касцёл быў, ёсць і будзе. Вера і Касцёл пратрымаюцца заўсёды, а вось чалавек можа давесці сябе да гібелі. Якія ж прыгожыя былі раней традыцыі: пасля св. Імшы сям’я ішла дадому, каб сесці за агульны стол і быць усім разам, размаўлючы аб пачутым Евангеллі, аб казанні святара, аб сямейным жыцці. А цяпер у нядзелю нас часцей за ўсё прыцягвае магазін ці рынак. Усё часцей мы ўспрымаем гэты святы дзень не як свята, а як магчымасць зрабіць усе тыя справы, якія сабраліся на працягу тыдня. Альбо сцвярджаем, што нам неабходны адпачынак пасля цяжкага працоўнага тыдня, і е дзем з сябрамі на пікнік замест таго, каб пайсці ў касцёл і падзякаваць міласэрнаму Богу за ўсё тое, што Ён нам дае: жыццё, сям’ю, сяброў, нарэшце – тую ж працу… Не паспяваем? Апраўданне, што няма часу, да смешнага нязначнае, калі няма іншых адгаворак.
   Сёння Касцёл патрабуе менавіна нас з вамі: тых дзяцей, якія могуць прыйсці да Хрыста і засеяць зерне любові падчас І Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці або Парафіяды; настаўнікаў і ўрачоў, якія на дыяцэзіяльным спатканні абяруць нормай сваіх паводзін Евангелле Хрыста; моладзі, якая, ідучы пілігрымкай у Тракелі, па прыкладзе бл. Яна Паўла ІІ пакахае Марыю… Сапраўдны католік знаходзіцца ў той прыгожай супольнасці Касцёла, якой не трэба саромецца. Я калісьці прачытаў, што быць католікам – гэта як быць пракажоным. Біблія ж гаворыць: “Вас будуць праследваць за тое, што вы верыце ў Мяне”. Сёння ўсё выглядае гэтак жа. У сучасным свеце быць католікам – гэта выклік, гэта жыццё супраць плыні. Беларусі, безумоўна, не патрэбны фальшывыя католікі. Але дзе тыя сапраўдныя? Там, дзе жывы Хрыстос. Таму давайце будзем памятаць аб гэтых важных праўдах нашага жыцця і паспрабуем па-свойму закончыць сказ загалоўка: “Быць католікам – гэта…”

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.