ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Вялікі чацвер – Дзень святара

З жыцця Касцёла

2011 год з’яўляецца для нас годам вялікай радасці: 20 год таму, згодна з рашэннем Папы Яна Паўла II, была створанаГродзенская дыяцэзія, спадкаемца Віленскай архідыяцэзіі, пастыры якой звыш шасці стагоддзяў бераглі вернікаў на Гродзеншчыне. 20 год таму ксёндз Аляксандр Кашкевіч быў асвечаны на біскупа, нашага пастыра. Сёння, успамінаючы мінулыя гады, тыя цяжкасці і перашкоды, мы ўспамінаем таксама святароў, манаскіх сёстраў і вернікаў, якія садзейнічалі адбудаванню святыняў, а перш за ўсё – адраджэнню веры, надзеі і любові ў людскіх сэрцах.
   Імша св. Хрызма, адпраўленая 21 красавіка а 10-й гадзіне ў катэдральнай базыліцы ў Гродне, распачала святкаванне 20-годдзя стварэння нашай дыяцэзіі. Вельмі сімвалічным з’яўляецца тое, што гэтыя ўрачыстасці пачаліся ў Вялікі чацвер, дзень, калі дзве тысячы год таму падчас Апошняй Вячэры Езус Хрыстус цэлебраваў першую св. Імшу і ўстанавіў першых святароў.
У старажытным Касцёле Вялікі чацвер быў днём прымірэння з грэшнікамі (пакутнікамі) і да сённяшняга дня з’яўляецца памяццю аб устанаўленні Хрыстом падчас Апошняй Вячэры сакрамэнтаў Святарства і Эўхарыстыі.
У гэты дзень цэлебраваліся тры св. Імшы: для прымірэння грэшнікаў з Касцёлам, асвячэння алеяў і для людзей. Ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч звярнуўся да сабраных у базыліцы святароў і вернікаў з гаміліяй, у якой нагадаў пра пачаткі дыяцэзіі, памерлых святароў, а таксама выкладчыкаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. “Дарагія браты святары, у гэты дзень мы дзякуем за дар святарства”, - звярнуўся іерарх да сабраных ў базыліцы ксяндзоў. Пастыр дыяцэзіі адзначыў, што сёння святар павінен быць перш за ўсё Хрыстовым. “У Яго верыць, Яму давяраць і з Ім выконваць пастырскую паслугу”.
   Вялікі чацвер сканцэнтроўвае нашу ўвагу на постаці святара, на ўласцівасцях, якія ён павінен мець, на яго паставе і дзейнасці. Сёння пастава святара з’яўляецца для вернікаў вельмі важнай. Сучасны свет поўны супярэчнасці. Часта мы не можам адрозніць дабра ад зла. Развіццё навукі і тэхналогіі ўплываюць на змену вобразу свету ў свядомасці чалавека. Калісьці ўсё здавалася трывалым і непарушным, простым і акрэсленым. Цяпер усё паддаецца пастаяннаму пераасэнсаванню. Гэтыя змены ўсё больш хуткія і глыбокія. Яны ставяць чалавека ў сітуацыю крызісу. У гэтым няспынным прагрэсе няма ўжо месца маральнасці і рэлігіі.
   У такім свеце жывуць і працуюць святары. Сучасны святар, каб добра служыць, павінен быць уражлівым як на справы Касцёла, так і на справы вернікаў. Касцёл чакае ад яго ахвярнай душпастырскай паслугі, ажыццяўлення Эўхарыстыі, абвяшчэння Божага слова, а вернікі – духоўнай падтрымкі, парады, а часам і дапамогі ў вырашэнні самых розных праблемаў, такіх як беспрацоўе, дрэнныя звычкі, распад сужэнства, выхаванне, а нават грамадскіх і філасофскіх.
   Стараннае выкананне святарскай місіі з’яўляецца адзіным добрым адказам на сучасны секулярызм, які знішчае хрысціянства. А каб гэтая місія была рэалізавана, святар павінен быць добра адукаваным, кампетэнтным, мудрым, а перш за ўсё – пераймаць Хрыста ў Яго пакоры, беднасці, чысціні і любові да бліжняга.
   Але святары патрабуюць таксама дапамогі. “Бо жніво – вялікае, а работнікаў мала”. Каталіцкі Касцёл заклікае свецкіх дапамагаць святарам і кансэкраваным асобам распаўсюджваць Божае слова для новай евангелізацыі свету. Ксёндз біскуп падчас сваёй гаміліі ў Вялікі чацвер звярнуўся да вернікаў з такімі словамі: “Шануйце сваіх святароў і падтрымлівайце іх у душпастырскай працы”. Таму давайце будзем памятаць у малітве пра сваіх святароў!
   Падчас гаміліі іерарх нагадаў таксама, што Гродзенская дыяцэзія мае сваіх заступнікаў у небе: Найсвяцейшую Панну Марыю, Вастрабрамскую Маці Міласэрнасці, св. Казіміра, каралевіча і св. Максімільяна Марыю Кольбэ, святара і мучаніка. У гэтым годзе мы асабліва молімся да Езуса Міласэрнага, бо гэты год у Каталіцкім Касцёле Беларусі праходзіць пад дэвізам “Божая Міласэрнасць – адзіная надзея сучаснага свету”. Папа Ян Павел II, які 1 мая будзе вынесены на алтары, кананізуючы ў 2000 г. бл. сястру Фаўстыну Кавальскую, аддаў увесь Касцёл Божай Міласэрнасці. Ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч нагадаў, што ў 1986 г. ён размясціў у касцёле ў Вільні, у якім выконваў святарскую паслугу, арыгінал абраза Езуса Міласэрнага. Падчас св. Імшы кс. біскуп асвяціў абраз Езуса Міласэрнага, перэгрынацыя якога па нашай дыяцэзіі пачнецца 1 мая ў гродзенскай катэдры.
   На супольнай св. Імшы прысутнічаў увесь прэзбітэрат Гродзенскага Касцёла. Ксёндз біскуп ажыццявіў блаславенне алею хворых і катэхумэнаў і кансэкраваў святы алей. На заканчэнне св. Імшы вернікі і святары праспявалі “Te Deum” у знак удзячнасці Богу за ўсе ласкі для нашай дыяцэзіі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.