ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

"Засей зерне любові"

З жыцця Касцёла

I дыяцэзіяльны Дзень дзіцяці
Дарагія сябры! Мы з’яўляемся адной вялікай Сям’ёй Божых дзяцей. Усе мы маем таго ж самага Айца ў небе, да якога можам звяртацца ў кожнай патрэбе. Так як гэта бывае ў традыцыйнай сям’і, мы наведваем адзін аднаго, сустракаемся раз на нейкі час, каб падзяліцца сваімі радасцямі, дасягненнямі, але таксама тым, што сумнае і прыкрае.
    Мы прагнем запрасіць Вас ужо сёння на I Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці, які адбудзецца 1 чэрвеня 2011 г. у Гродне. Галоўнымі задачамі гэтай сустрэчы з’яўляюцца перш за ўсё бліжэйшае пазнанне нашага Нябеснага Айца, знаёмства з новымі людзьмі, а таксама засеянне зярнятак любові ў нашых сэрцах.
    На гэтай сустрэчы – гарантуем гэта ўжо сёння - будуць малітва, Эўхарыстыя, галоўным цэлебрантам якой будзе айцец нашай дыяцэзіяльнай Сям’і кс. біскуп Аляксандр, гульні, добрыя забавы, музыка, конкурсы, тэатральная інсцэніроўка, а напрыканцы - прыемны сюрпрыз.
Вялебныя ксяндзы!
    Мы просім Вас арганізаваць выезд і дапамагчы дабрацца дзецям з Вашых парафіяльных супольнасцяў, у якіх Вы ахвярна выконваеце святарскую паслугу. Растлумачце вернікам, а асабліва дзецям, неабходнасць такіх сустрэч, якія вельмі патрэбны і служаць не толькі духоўнаму развіццю, але і фарміраванню людскіх сумленняў.
Вялебныя сёстры!
    Спачатку мы просім Вас малітоўна падтрымаць гэтую новую ініцыятыву і заахвоціць да ўдзелу ў ёй дзяцей, асабліва тых, якія маюць намер прыступіць у гэтым годзе да I св. Камуніі. Няхай гэтая сустрэча будзе для іх падзякай за дар Эўхарыстыі. Заахвоцьце дзяцей прыехаць на гэтую сустрэчу, а таксама ўдзельнічаць у конкурсах, аб якіх мы будзем інфармаваць праз нашы дыяцэзіяльныя сродкі інфармацыі.
Паважаныя катэхеты!
    Мы заахвочваем Вас, каб увянчэннем Вашай гадавой працы быў прыезд дзяцей, якіх Вы катэхізуеце, на I Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці. Няхай гэта будзе чарговая добрая нагода пазнаць бліжэй Бога, пазнаёміцца з новымі сябрамі, узаемаўзбагаціцца духоўнымі перажываннямі.
Шаноўныя бацькі!
    Дбайце пра сваіх дзяцей! Дапамажыце сваім скарбам ісці ў добрым напрамку, хоць бы праз прадстаўленне ім магчымасці ўдзелу ў I Дыяцэзіяльным дні дзіцяці. Памятайце, гэта менавіта на Вас ляжыць абавязак выхавання іх у веры.
Дарагія дзеці!
    Ужо сёння мы прагнем скіраваць да Вас запрашэнне на ўдзел у I Дыяцэзіяльным дні дзіцяці, а таксама ў святкаванні дваццацігоддзя нашай дыяцэзіі! Мы падрыхтоўваем для Вас дзень прыгожай сустрэчы з Богам, з Вашымі равеснікамі, а таксама шмат прыемных і незабыўных уражанняў, якія, спадзяёмся, застануцца ў Вашай памяці на доўгія гады. Мы разлічваем на Вас і чакаем Вашага прыезду!
Запрашэнне на дзень нараджэння – 20-годдзе паўстання нашай дыяцэзіі
    20-тая гадавіна паўстання нашай дыяцэзіі, што прыпадае ў гэтым годзе, з’яўляецца нагодай да радасці і супольнага святкавання.
    Так як мы любім хадзіць у госці, хоць бы на дні нараджэнняў, гэтаксама і цяпер пажадайце прыняць гэтае запрашэнне на дваццаты Дзень нараджэння дыяцэзіі.
    Ужо сёння прыміце гэтае запрашэнне, запішыце яго ў свае календары, каб выпадкова не праспаць вялікае святкаванне. Скарыстайце з гэтай нагоды, каб ужо цяпер падрыхтаваць глебу пад сяўбу зярнятак любові.
    Мы хочам ужо цяпер пачаць падрыхтоўку да гэтага вялікага святкавання праз Ваш удзел у конкурсах, праз Ваш творчы падыход да іх.
“Засей зерне любові” – гэты дэвіз будзе суправаджаць нашу сустрэчу
    Для таго, каб зямля прынесла багаты і шчодры плён, трэба ўкласці шмат высілку, працы і любові. Аналагічна адбываецца і з чалавекам: каб у будучым ён прынёс добры плён, трэба ўжо цяпер, заўчасна, шмат старацца і напрацавацца, засеяць найлепшыя і найбольш якасныя зярняты.
    А што можа быць лепшага і прыгажэйшага за любоў??? Таму менавіта сёння засей зерне любові!!! Добры земляроб спачатку павінен падрыхтаваць глебу пад сяўбу.
    Таму давайце і мы падрыхтуем свае сэрцы добрымі ўчынкамі, ахвярнасцю, добрымі пастановамі, працай над сабой, вызваленнем ад грахоў і дрэнных звычак, напрыклад, ад камп’ютарных гульняў, курэння, брыдкаслоўя і г.д.
    Менавіта гэта з’яўляецца мэтай сёлетняга Дня дзіцяці. Мы хочам разам дапамагаць адзін аднаму, не шкадуючы сіл, рабіць дабро і падрыхтоўваць сваё сэрца да сяўбы любові.
    Няхай гэтае зерне, кінутае ў чалавечыя сэрцы, прарастае і расце на працягу ўсяго жыцця, каб бацькі, бачачы сваіх дзяцей, ганарыліся імі.
10 парадаў для дзяцей, што вядуць у напрамку неба
    1. Распачынай свой дзень і кладзіся спаць з малітвай на вуснах. Памятай, што малітва заключаецца не ў сухім дэкламаванні формул, але ў дыялогу з Богам. Больш значыць адзін кароткі малітоўны заклік, што плыве з сэрца, чым паспешнае дэкламаванне многіх малітваў.
    2. Што б Ты ні рабіў ці выконваў - рабі гэта з думкай пра Бога. Заўжды памятай аб вучэнні св. Паўла: ці ясі, ці п’еш, ці што-іншае робіш, усё на Божую хвалу рабі (пар. 1 Кар 10, 31).
    3. Сумленна вучыся, бо вучоба - гэта Твой абавязак.
    4. Імкніся ў кожным чалавеку заўважаць самога Бога, бо, безумоўна, Бог у ім ёсць. Любі іншых людзей так, як палюбіў Цябе Езус, ажно да аддання за іх свайго жыцця (пар. Ян 15, 13).
    5. Прабачай!!! Калі Ты помсціш, то становішся на тым самым узроўні, што і твой вораг, а забываючыся пра помсту, Ты становішся больш шляхетным.
    6. Шануй бацькоў і апекуноў. Цані сваіх настаўнікаў і выхавацеляў. Будзь удзячны ім за перададзеныя веды і за прыклад жыцця і веры.
    7. Будзь удзячны за ўсё, што дае Табе Бог, а таксама за тое, што Ты атрымліваеш ад Яго штодзённа.
    8. Перамагай зло дабром (пар. Рым 12, 21). Як хочаш, каб Табе людзі рабілі, так і Ты ім рабі (пар. Лк 6, 31).
    9. Рабі як мага больш добрых учынкаў. Чым грэбуеш сам, таго не рабі нікому. (Тоб 4, 15).
    10. Імкніся да святасці заўжды і ўсюды. Бог, які заклікаў Цябе да святасці, дасць Табе ласкі, каб давесці яе да паўнаты. (пар. 1 Кар 1, 9).
Абвяшчаем конкурс
    Малітва – гэта натхненне сэрца, шчыры позірк, скіраваны да неба, вокліч удзячнасці і любові як у пакуце, так і радасці. (св. Тэрэза ад Дзіцятка Езуса)
    Складзі малітву ў інтэнцыі дзяцей: аб чым бы Ты хацеў папрасіць, падзякаваць, перапрасіць, праславіць Бога як ад уласнага імя, так і ад імя сваіх сяброў і сябровак, а нават тых дзяцей, якіх Ты не ведаеш.
    Самыя прыгожыя малітвы будуць адзначаны і прачытаны падчас нашай сустрэчы 1 чэрвеня 2011 г.
    Напісаныя малітвы просім дасылаць да 20 сакавіка 2011 г. на адрас:
    230025 г. Гродна, вул. К. Маркса, 4, з допісам на канверце: I Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці.
    З пажаданнем плённых прац і натхненняў Святога Духа, з прывітаннямі і дарам малітвы ад імя арганізатараў - кс. Юрый Марціновіч

Дарагія! Мы адкрыты на Вашы прапановы і ідэі, звязаныя з падрыхтоўкай I Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці. Падаём кантактны адрас для супрацоўніцтва: e-mail: Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript 8 (029) 78 40 572 МТС (кс. Юрый Марціновіч).

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.