ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Ты абавязаны абараняць праўду

На шляху да святасці

Мы пачалі Новы 2011 год. Бог дае гэты час кожнаму з нас. Гэта таксама чарговы шанс, які дадзены нам ад Пана Жыцця для таго, каб, стоячы на парозе гэтага года, паразважаць над сваім жыццём, вызначыць сабе планы, новыя імкненні, успомніць свае спадзяванні і … старацца імкнуцца да гэтага цераз звыклую шэрую штодзённасць…
    Дарагі сябар!
    Выкарыстай добра час, што даў табе Бог. Малады чалавек, не хавай галавы ў пясок!
Пан Бог паставіў кожнага з нас у адпаведны час, у акрэсленым месцы, сярод невыпадковых людзей. Кожны з нас не жыве выпадкова, наша жыццё не пачалося выпадкова ці з-за якога-небудзь незразумелага збегу абставінаў. Жыццё кожнага мае сэнс, хоць не заўжды, можа, мы заўважаем гэты сэнс, асабліва тады, калі губляем надзею на лепшае заўтра.
    Час маладосці з’яўляецца прыгожым перыядам узрастання ў Божай ласцы, парой запускання сваіх “каранёў” у Хрыста, каб далей на Ім будаваць сваю будучыню, умацоўваючыся ў веры (пар. Клс 2, 7). Менавіта ў маладосці здзяйсняюцца найважнейшыя жыццёвыя выбары, якіх мы не адважыліся б зрабіць у сталым узросце. Аднак трэба памятаць, што ў жыцці лічацца не гады, але іх аснова. Кожны плён трэба збіраць у адпаведны час. Таму, малады сябар, калі ты не засееш у маладосці, то цяжка табе будзе што-небудзь сабраць у сталым узросце. А таму можна сказаць, што маладосць – гэта “кветка”, якая выдае плён толькі ў сталым узросце.
Кніга Сіраха павучае нас: “Дзіця, з маладосці клапаціся пра дысцыплінаванасць, а да сівізны знойдзеш мудрасць” (Сір 6, 18). Час маладосці, час сталення няўхільна мінае, і ніякая сіла, ніякае чалавечае вынаходства XXI cт. – эры інтэрнэту і сотавай сеткі - не могуць яго затрымаць. Кожную хвіліну мы чуем пра новыя адкрыцці ў вобласці тэхнікі, навукі, медыцыны, аднак праблема жыцця і смерці застаецца і далей адкрыта, і мы не можам зразумець да канца гэтай вялікай таямніцы. Мы не маем магчымасці азнаёміцца з Божымі планамі і намерамі. Навукоўцы не могуць даследаваць звышнатуральную сферу, якой з’яўляецца Боская рэчаіснасць.
    “Жыццё мінае хутка, час плыве, як паток”, – спяваем мы ў песні, прыпамінаючы пра нетрываласць і недаўгавечнасць нашага жыцця. У сённяшні час мала што лічыцца. Лічыцца тое, каб надаць вартасць гадам, якія няўхільна мінаюць і ніколі ўжо не вернуцца да нас. Аднак мы павінны памятаць, што маладосць і чорны колер валасоў - як подых (пар. Экл 11, 10).
    А таму я хачу Вам, мае дарагія сябры, пажадаць толькі АДВАГІ!!! Калі Вы не рэалізуеце чагосьці як юнакі, то вам будзе цяжка гэта зрабіць пазней. Бо ў старасці Вы будзеце толькі “разагравацца” “тлеючымі вуглямі” маладосці. Цяпер гэта жаданы час, вось цяпер - дзень збавення (пар. 2 Кар 6, 2).
    Жывеш толькі раз – жыві, як святы…
    Каб быць святым, недастаткова быць свабодным ад граху, неабходна прысутнасць Духу і шэрагу добрых учынкаў. Недастаткова ачысціцца ад балота, трэба быць чалавекам чыстым і поўным бляску. Старайся быць святым, а не толькі лічыцца ім. Клапаціся пра тое, каб быць святым у вачах Бога і Яго анёлаў, недастаткова лічыцца такім у вачах людзей. Ты быў створаны, каб быць адлюстраваннем Бога (пар. Рым 1, 26). Бог выбраў цябе перад стварэннем свету, каб ты быў святым і беззаганным перад Яго абліччам (пар. Эф 1, 4). Гэты Бог, які заклікаў цябе да святасці, дасць табе ласку, каб давесці яе да паўнаты (пар. 1 Кар 1, 9).
    Ад таго, як ты пражывеш сваё жыццё, будзе залежаць твая вечнасць. Настойліва імкніся да сваёй святасці, бо жыццё хутка праходзіць і ўжо не вяртаецца. Святасць не набываецца раз назаўжды, яе нельга купіць ў ніякім маркеце, а нават у магазіне па продажу прадметаў рэлігійнага культу, яна пастаянна адраджаецца, можна сказаць, нараджаецца бесперапынна, паўторна. І памятай, што ніколі не позна імкнуцца да святасці. Старайся весці жыццё, вартае тваёй велічы. Жыві, як належыць святым!!! (пар. Эф 5, 3).
    Няхай словы Божага Слугі Яна Паўла II, сябра маладых людзей, а ўжо неўзабаве (1 мая) нашага новага заступніка ў небе, пераканаюць цябе ў гэтым яшчэ больш: “Моладзь, не бойся святасці! Падымайся на высокія вяршыні, будзь сярод тых, хто жадае дасягнуць мэтаў, вартых Божых сыноў. Моцна любіце Бога вашым жыццём!”
    Жыві ў Божай прысутнасці…
    Сярод розных заняткаў, нягледзячы на штодзённую занятасць, безліч абавязкаў і важнасць вучобы, асабліва падчас сесіі, час ад часу “ўвайдзі” ў сябе, а можа, нават мімаходам памятай пра Госця, якога маеш у сабе. Бо заставацца ў Божай прысутнасці цэлым сэрцам, нават нічога Яму не гаворачы вуснамі – гэта найдасканалейшая малітва (пар. Быц 17, 1).
    Думай пра Бога, а напэўна, адчуеш Яго салодкае таварыства. Калі ты хочаш мець у сэрцы супакой, прызвычайся да сяброўскай, пакорнай і поўнай любові размовы з Ім. Калі ты будзеш любіць Бога, заўжды будзеш думаць пра Яго, то тваё сэрца будзе там, дзе твой скарб (пар. Мц 6, 21).
    Божая воля адносна твайго жыцця…
    Калі Бог рашуча возьме “руль” твайго жыцця ў свае рукі, то першым, чаго ты можаш спадзявацца, будзе змяшанне тваіх планаў. Творца можа нават выклікаць супраць цябе буру, каб разбіць твае планы і весці цябе туды, куды Ён хоча (пар. Ён 1). Калі ты не будзеш перашкаджаць, Бог выкарыстае цябе, каб выканаць сваю працу. Аднак спачатку Ён праверыць цябе шматлікімі крыжамі і выпрабаваннямі. Памятай, што Ён з’яўляецца тваім Богам, у Яго руцэ - твой лёс (пар. Пс 31, 15). Не прасі Бога аб тым, чаго ты жадаеш, але аб тым, чаго Ён хоча. Ахвяруй Богу сваё сэрца як чысты ліст паперы і прасі, каб Ён напісаў на ім сваю святую волю.
    Старайся пазнаць ва ўсім Божую волю, каб ты мог падабацца Пану (пар. Клс 1, 9 – 10). Бог прызначае месца для кожнага. Старайся заўжды прымаць яго з прызнаннем, адчувай сябе ўшанаваным. Нічога не адбываецца выпадкова. Усё тое, што адбываецца ў свеце штодзённа, уваходзіць у Божыя планы, цераз якія Бог дасягае сваёй найвышэйшай мэты.
    Жыві так, каб пад канец свайго жыцця ты мог сцвердзіць, што ў жыцці заўжды выконваў Божую волю. І прасі, каб Пан напісаў сваю святую волю на чыстым лісце твайго жыцця.
    Засведчы аб сваёй веры…
    Сучасны свет, а можа, нават твой брат ці сябар чакаюць твайго сведчання, пацвярджэння тваёй веры. А можа, менавіта твой прыклад, тваё жыццё паўплываюць на іх і пацягнуць да Хрыста?! Памятай: “Не запальваюць свечкі і не ставяць яе пад пасудзіну, але ставяць на падсвечніку, каб свяціла ўсім, хто ёсць у доме” (Мц 5, 15). Гэта абавязвае цябе да таго, каб незалежна ад месца жыхарства ці працы ты быў бачным і зручным “інструментам” збавеннай прысутнасці Хрыста. Не толькі словам, але пэўным стылем жыцця, сведчаннем свайго сэрца і розуму ты павінен паказваць іншым людзям, што Хрыстус з’яўляецца тваёй радасцю і шчасцем.
    Не хавай галавы ў пясок, калі бачыш зло. Ты абавязаны змагацца, абараняючы праўду, справядлівасць і пашану людской годнасці. Мей у сабе столькі адвагі, каб у цяжкай сітуацыі стаць на бок прыгнечанага ці без віны пакрыўджанага.
    Калі ты выкарыстаеш вышэйпрыведзеныя ўказанні, то напэўна тваё жыццё набудзе большы і глыбейшы сэнс.
    На заканчэнне свайго ліста я хачу нагадаць табе яшчэ раз: выкарыстай добра час; памятай, што ён плыве хутка, а ты жывеш толькі раз; у кожнай сітуацыі засведчы аб сваёй веры… Бог прысутнічае сярод нас, Ён падрыхтаваў свой план для цябе, таму ў кожны час заставайся ля Яго, проста не адступайся…
А калі будзеш мець хоць хвіліну свабоднага часу, то звярніся да Пана з такімі словамі:
    “Пане, навучы кожнага з нас, што тут, на зямлі, няма ў Цябе іншых рук, апрача нашых – толькі нашымі рукамі Ты можаш дапамагаць людзям у патрэбе.
    У Цябе няма сэрца, апрача нашага, і толькі з нашай дапамогай Ты можаш любіць самотных, нешчаслівых, нежаданых і нелюбімых.
    У Цябе няма голасу тут, на зямлі, апрача нашага, каб змагчы нагадаць людзям, чаму Ты жыў на зямлі, цярпеў, памёр на крыжы.
    Пане, навучы нас, што тут, на зямлі, мы з’яўляемся Тваімі далоньмі, Тваім голасам і сэрцам”. Амэн.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.