ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

У пошуках паяднання

На шляху да святасці

Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціян
“Ёсць шмат людзей звонку, якія здаюцца быць унутры, і шмат унутры, якія здаюцца быць звонку”. Гэтае вядомае выказванне св. Аўгустына аб хрысціянах свайго часу прыйшло мне на думку напярэдадні Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў. З аднаго боку, для кожнага паслядоўніка Хрыста застаецца скандалам падзел вучняў Езуса на канкурыруючыя, а часам нават варожыя Цэрквы, секты, супольнасці. З другога боку, можна заўважыць шмат адзінства духу і мыслення сярод людзей, якіх фармальна розняць канфесіі, але яднае дух адданай веры ў Хрыста. Гэта знешне падзеленыя, але ўнутрана поўныя добрай волі яднання. Іх сведчанне гаворыць аб магчымасці рэалізаваць запавет Пана: “каб усе былі адно” (Ян 17, 21). Аднак пры гэтым нараджаецца слушнае і насцярожанае пытанне: “Але як яднацца?”
    Здаецца, вернікам Беларусі не трэба расказваць аб драматычнасці падзелу хрысціянаў. Шматвяковы досвед жыцця ў падзелах і пошуку прынамсі побытавага адзінства не перастае кранаць многія сем’і ў нашай краіне. Як жа часта да святароў прыходзяць асобы, у якіх канфесійна падзеленыя сем’і, паразмаўляць. Ім трэба лічыцца з асаблівасцямі, напрыклад, каталіцызму і праваслаўя, розных традыцый і календароў. І наколькі ж шчаслівы тыя сем’і, якіх яднае адна вера, адзінства сумесных сакрамэнтаў і традыцый.
Гісторыя жыцця і навяртання святога Паўла пасля яго містычнай сустрэчы з Хрыстом ( Дз 9, 3-6) пралівае вялікае святло на таямніцу навяртання чалавека. Сама змена імя гэтага чалавека пасля навяртання мае глыбокі сімвалічны змест. Спачатку гэта быў Саўл - фанатычны фарысей, які пылаў нянавісцю да паслядоўнікаў Езуса і актыўна дзейнічаў з мэтай знішчэння хрысціянства. Пасля містычнага спаткання з Хрыстом – гэта ўжо Павел, непахісны ў абвяшчэнні Евангелля шматлікім народам, якога не спынялі ні пагрозы смерці, ні пераслед, ні катаванні. Ён жыў толькі тым, каб занесці Святло Праўды аб Жывым Богу і Збавіцелі аж да краю зямлі. “Жыву ўжо не я, але жыве ўва мне Хрыстус” (Гал. 2, 20), - не пабаіцца сказаць святы Павел, які раней пераследаваў хрысціян, але стаў Апосталам.
    Здаецца, постаць Саўла і пазнейшага Паўла – гэта прыклад двух тыпаў рэлігійнасці, прысутных сярод вернікаў. Гэтая розніца паміж рэлігійнасцю Саўла і рэлігійнасцю Паўла адкрывае глыбінныя прычыны напружанасці, якія па-сённяшні дзень дзеляць хрысціянаў. Іх веданне можа праліць святло на магчымыя шляхі пошуку адзінства тых, хто Езуса называе сваім Богам і Панам.
    Характэрнай рысай рэлігійнасці тыпу Саўла з’яўляецца перакананне, што чалавек ведае ўсё пра Бога і Яго планы. Гэта такі тып веры, дзе чалавек не пакідае Богу магчымасці думаць і дзейнічаць інакш, чым запланаваў Ягоны вернік. Такі “хрысціянін” не дапускае думкі, што пазнаная ім праўда – гэта яшчэ не паўната Божай Праўды. Памылкай Саўла і яго паплечнікаў было тое, што ён, добра ведаючы фарысейскае бачанне Божага плана Збавення, не жадаў згадзіцца на тое, што сапраўдны план Бога мог быць намнога большы і лепшы. Старажытныя габрэі, знясіленыя рымскай акупацыяй, чакалі не Нябеснага, але зямнога Валадарства, дзе ўрэшце яны з прыгнятаемых ператворацца ў народ паноў. Роля Бога фактычна зводзілася да забеспячэння вузкіх і прымітыўных жаданняў чалавека.
    З’яўленне Хрыста паказала фарысеям і Саўлу, што можа быць альтэрнатыўнае бачанне Месіі і Божага плана Збавення. Гэта выклікала шматлікія страхі. Па-першае, страх падманутасці, жыцця ў ілюзіі. Па-другое, страх таго, што Бог - не на іх баку. Па-трэцяе, страх застацца самім, бо “ўсе” пойдуць за альтэрнатыўнай праўдай. Гэтыя страхі білі ў сам вобраз фарысеяў, якія прэтэндавалі на паўнату ісціны і прыклад для пераймання. “Калі няма маёй праўды, няма мяне”, - гэтая простая і памылковая формула будзіць інстынкт самазахавання, барацьбы за выжыванне. Як бараніцца? Аслеплены страхам чалавек здольны толькі на адно – агрэсію. У такім стане чалавек лічыць, што адзіны апраўданы выхад – гэта ліквідацыя праціўніка, калі не ідэалагічна, то фізічна. Аднак парадокс адрознення Паўла ад зацятых фарысеяў заключаўся ў тым, што ён дазволіў сабе адкрыцца на Праўду. Сустрэча з Езусам дапамагла яму прабіцца праз вузкаканфесійныя страхі і блакіроўкі. Фундаментальная розніца паміж Саўлам і Паўлам заключалася ў тым, што ў першым выпадку ён змагаўся за сваю “праўду”, а ў другім – адкрываў гарызонты дагэтуль нежаданай хрысціянскай праўды аб Збавіцелю. Саўл быў сканцэнтраваны на чалавечым, Павел – на Божым. Саўл спадзяваўся на чалавечы фактар, Павел жыў і няспынна слухаў Святога Духа і шукаў волі Бога. Саўл выступаў як увасабленне ваяра, за якім стаяла велізарная адміністрацыйная “машына”, Павел выступаў як слабы чалавек, які чэрпае моц з дзеяння Духа Хрыста. Саўл сеяў страх і агрэсію, Павел – мір і любоў. Шчырасць і адкрытасць на Божую праўду прывялі да таго, што Саўл стаў Паўлам.
    Магчыма, ключ да непаразуменняў паміж сучаснымі хрысціянамі і крыніцы многіх падзелаў крыюцца ў тым жа канфлікце паміж саўлавай і паўлавай верамі. Асабліва ў наш час, калі з розных бакоў зноў пачынаюць націскаць ганенні Хрыстовых паслядоўнікаў, важна, каб нас яднаў не агульны вораг, але Сябар. Варта не ствараць ворагаў сваіх чалавечых “праўдаў”, але разам па прыкладу св. Паўла шукаць Самога Хрыста, Яго Волі, Яго Праўды, Яго Святла. І тады экуменізм для нас не будзе сінонімам канфармізму ў веры, не будзе знакам падзелу на пераможцаў і пераможаных, праўдзівых і фальшывых. Тады Божая Праўда будзе важнейшая, чым вузка чалавечыя меркаванні і спадзяванні. Тады нам не будзе сорамна прызнаваць свае памылкі і разам вучыцца адзін у аднаго, як больш эфектыўна адкрывацца на Божае Святло і як больш дзейсна абвяшчаць Евангелле.
    Саул стаў Святым Паўлам тады, калі дазволіў Езусу прамовіць да яго. Тады, калі дазволіў Богу паказаць яго чалавечую абмежаванасць і слепату. Тады нарадзіўся новы паслядоўнік – Павел, які слухаў больш Бога, чым сябе, які не шукаў ворагаў, але Бога. Здаецца, сёлетні Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў – гэта яшчэ адна нагода для таго, каб мы пераключылі сваю ўвагу з чалавечых падзелаў на Хрыста, які нас яднае. Менавіта сумесны пошук Бога і шчырая адкрытасць на Яго Праўду можа стаць для многіх хрысціянскіх супольнасцяў момантам пералому сваіх фарысейскіх клішэ, вузкаканфесійных чалавечых цяснотаў. Гэта шанс на тое, каб адкрыць, наколькі штучны ўсе падзелы і наколькі магутная і блізкая Праўда, якая жадае нас аб’яднаць. Трэба толькі пачаць весці адкрыты дыялог у духу ўзаемнай любові і адкрытасці на Праўду, якая б горкай яна не здавалася для нашых папярэдніх прывязанасцяў і перакананняў. Сумеснае маленне аб еднасці – гэта напамін кожнаму хрысціяніну аб тым, што нас сапраўды можа з’яднаць не спрытнасць чалавечай сілы і розуму, але даверлівая і сумесная адкрытасць на моц ласкі Жывога Бога, Дух якога гатовы ажывіць і асвяціць (ККК 747) тое, што па-людску здаецца немагчымым (пар. Лк 1, 37).
   
О Ты, якая з’яўляешся першай служанкай адзінства Хрыстовага Цела, сфарміраванага пад Тваім мацярынскім сэрцам, дапамажы нам, дапамажы ўсім вернікам, якія так балюча адчуваюць драму гістарычных падзелаў хрысціянства, знаходзіць трывалыя шляхі да адзінства Цела Хрыста цераз абсалютную вернасць Духу Праўды і Любові, які быў ім даны за кошт Крыжа і Смерці Твайго Сына, Маці!
    Ян Павел II, Рым.
    S. Maria Maggiore, 7 VII 1981 г.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.