ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Выток надзеі

З жыцця Касцёла

Свята Хроста Пана нагадвае нам пра ўласны хрост, як пра пачатак нашага жыцця ў хрысціянскай супольнасці. Успамін Хроста Езуса Хрыста ў водах ракі Ярдан – гэта добрая магчымасць задумацца над уласнымі паводзінамі паводле Хрыстовага навучання. Мы можам доўга гаварыць пра прынцыпы паводзін, правілы, Божае і дзяржаўнае права, звычаі, нават назавём Божыя і касцёльныя запаведзі. Мы можам падзяліць паводле ўласных поглядаў людзей на добрых і злых або нават асудзіць самога сябе на пекла паводле ўласнага меркавання. Аднак сярод гэтага ўсяго адсутнічае вера і надзея. Недастаткова выконваць закон. Вера ў Адзінага Бога і надзея на збавенне замяняюць сумненні ў малітве, няўменне прытрымлівацца прадпісанняў і традыцыі. Як павінна выглядаць гэтая вера? Ці магчыма яна? Прыгожым прыкладам магчымасці веры ў Езуса і надзеі на вечнае жыццё з’яўляецца сяброўства, давер да маці, бацькі, сябра. Чаму давяраем сваю душу адным і не верым іншым? Заўжды мы можам знайсці чалавека, якому давяраем на 100%. Давер дорага каштуе ў нашым свеце. На працягу ўсяго жыцця мы экзаменуем сяброў і сваякоў у гэтых адносінах. Няважна, як яны паводзяць сябе з іншымі, а для нас важна ці яны не падманваюць нас і ці не аставяць нас у бядзе. Такіх сяброў мы будзем памятаць аж да смерці. Мы верым такім людзям і давяраем ім.
Гэты прыклад веры і даверу з’яўляецца бясцэнным у параўнанні з нашымі адносінамі да Езуса Хрыста. Мы чытаем пра жыццё Божага Сына на старонках Святога Пісання. Змест гэтай кнігі даследаваны археолагамі, гісторыкамі і знаўцамі розных галін навук. Біблія з’яўляецца сапраўдным дакументам, які расказвае пра жыццё выбранага народу, гісторыю Божага Сына і апосталаў. Дастаткова гэта прыняць і паверыць. Вера ў заключаныя на старонках Святога Пісання праўды давядзе нас да зразумення нашага месца ў гэтым свеце. Навучанне Хрыста, Яго любоў да людзей, Ахвяра на крыжы, Змёртвыхпаўстанне і Унебаўшэсце надаюць нашаму існаванню важны сэнс. Мы павінны пераймаць Божага Сына ў Яго веры ў Адзінага Айца, у Яго любові да людзей і ў Яго надзеі на Айца. Паўстанне з памерлых дае нам шанс на гэтую надзею. Сваёй мукай і Змёртвыхпаўстаннем Езус Хрыстус адкрыў усім людзям вытокі хроста, пасылаючы апосталаў з такім наказам: “Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Айца, і Сына, і Святога Духа, навучаючы іх выконваць усё, што Я вам перадаў” (Мц 28, 19 - 20). Хрост з’яўляецца пачаткам нашага хрысціянскага жыцця. Яно не ёсць звыклым існаваннем, але мае мэту і сэнс, поўна любові, веры і надзеі на вечнае жыццё з Богам. Дастаткова паверыць у Езуса і ўсё пачнецца. А пачаткам гэтага шляху веры і надзеі з’яўляецца святы хрост.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.