ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Непрадказальны страус

Дзіцячы куточак

Людзі кажуць, што страус не толькі самая вялікая, але і самая непрадказальная птушка на свеце. То яна бывае добрай і ласкавай, то раптам нечакана становіцца злой і агрэсіўнай. Ніхто ў Афрыцы не мог зразумець, які характар ёсць у страуса. Усе задумваліся, ці страус з’яўляецца злым ці добрым, і чаму ён бывае такім разнастайным. А страус быў такім з-за таго, што ў яго былі зусім розныя вочы. Левае яго вока заўсёды заўважала ў іншых толькі дрэннае, а правае - бачыла ў людзях толькі добрае і прыгожае. Вельмі шанцавала тым, хто падыходзіў да страуса з правага боку, бо гледзячы на ўсё сваім добрым правым вокам страус паводзіў сябе прыязна і добразычліва. А вось з левага боку лепей было зусім не набліжацца. Страус адразу ж рабіўся нястрыманым, кплівым і злым.
Аднойчы страус пайшоў на раку задаволіць смагу. Ідзе па дарозе і бачыць справа ад сябе сваім добрым правым вокам сурка, які капае зямлю і робіць сабе нару.
    - Які ты малайчына, сурок, добрую справу робіш, - прывітаўшыся, сказаў страус.
    - Хутка дажджы пачнуцца, а ты да гэтага часу як раз паспееш новую хатку для сваёй сям’і пабудаваць. Можа табе дапамагчы ў чым-небудзь?
    - Дзякуй, страус, я сам паспрабую справіцца, - адказаў сурок.
    Страус пайшоў далей і добрым вокам заўважыў антылопу. Ён падышоў да яе, прывітаўся і спытаў, дзе яна піла ваду.
    - Я хадзіла піць на возера, там вада чысцейшая, чым на рацэ.
    Страус падзякаваў антылопе, падумаў і вырашыў замест ракі адправіцца да возера.
    Ён падышоў да вадаёма і правым вокам заўважыў слана. Слон таксама ўбачыў страуса, падышоў да яго і кажа:
    - Будзь асцярожны, страус, сёння ля берага пад вадой галодны кракадзіл ляжыць і чакае ахвяру. Калі жадаеш, то я сам табе прынясу вады і налью між каменнямі.
    Страус падзякаваў слану і прыняў яго прапанову. Страус, напіўшыся вады, якую прынёс слон, ужо павярнуўся, каб ісці назад, але паглядзеў на слана сваім левым злосным вокам. У той час слон нёс ваду для страуса. І раптам замест падзякі слон пачуў:
    - Гэй, ты нязграбны, я абыдуся без цябе, сам магу напіцца, што мне гэты кракадзіл, я паспею ад яго ўцячы.
    Слон вельмі здзівіўся. Як такое можа быць? Толькі што страус быў ветлівым і добразычлівым, а тут раптам стаў грубіянам.
    А тым часам страус падышоў да вады, каб паказаць слану, што без яго дапамогі ён можна абысціся. Толькі страус нахіліў галаву да вады, як з яе выскачыў кракадзіл. Ён схапіў страуса сваёй велізарнай зубатай пашчай, стаў цягнуць яго ў возера. Страус ледзь-ледзь вырваўся з зубоў кракадзіла.
    Назад страус вяртаўся па той жа самай дарозе. Ізноў ён убачыў антылопу, але толькі ўжо другім, левым вокам. Страус падбег да яе і накінуўся са зласлівымі словамі:
    - Лепш бы ты маўчала, - злосна стаў крычаць на антылопу. З-за цябе і тваёй чыстай вады я пазбавіўся паловы пёраў і ледзь было не дастаўся на абед кракадзілу. Гэта ты мяне падгаварыла і параіла ісці да возера.
    Антылопа здзівілася таму, што страус так хутка змяніўся і кажа:
    - Я цябе не падгаворвала ісці да возера. Я толькі сказала, дзе вада чысцей, а куды ісці, ты сам выбіраў.
    Страус пайшоў далей. Неўзабаве ён заўважыў таго самага сурка, які капаў сабе нару. Толькі зараз убачыў яго сваім левым вокам. Ён падбег да звярка і ні з таго ні з сяго моцна раззлаваўся:
    - Капаюць тут усякія зямлю пад нагамі, а калі прыйдзецца ўцякаць ад ворагаў, то спатыкнешся і апынішся ў чыіх-небудзь зубах. Ён адагнаў ад нары сурка і стаў закопваць яе.
    Нічога сурок не можа зразумець, што гэта здарылася са страусам? Раніцай ён хваліў яго за працу, прапанаваў дапамагчы выкапаць нару, а зараз, наадварот, яе закопвае.
    Доўга страус быў то добрым, то злосным. Але вось аднойчы яго левае вока ад доўгай злосці пачырванела, распухла і перастала бачыць. Заўважылі звяры, што страус падабрэў і стаў добразычлівым - і зразумець нічога не могуць. З тых пор у страуса з’явілася многа сяброў, бо на ўсіх ён глядзіць сваім добрым вокам, у кожным бачыць штосьці добрае, а дрэннага не заўважае.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.