ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Малітва за памерлых

З жыцця Касцёла

У шэрыя восеньскія дні мы прыспешваем тэмп уласнага жыцця. Хочацца хутчэй дабегчы ад аўтобуснага прыпынка да працы, вярнуцца адтуль дадому. Імгла і дождж схіляюць нас да сну, прымушаюць піць каву, каб мець магчымасць працаваць. “Брр!” – чуваць навокал. Далучыце да гэтага штодзённыя клопаты аб грашах, аб вольным часе і абавязкова ўяўна не хапае свабоднага часу. І сярод усяго гэтага не хопіць часу для Бога, для сябе і сям’і.
    Мы турбуемся перш за ўсё пра матэрыяльны дабрабыт і забываем пра душу. Усё больш не хапае менавіта ўвагі да сям’і і знаёмых. Сучасны чалавек знаёміцца з многімі людзьмі, але хутка абрывае кантакты з імі. Мы не тэлефануем да сяброў са школы і з ВНУ, забываем пра супрацоўнікаў. Мы ўспамінаем пра гэтых людзей толькі ў хвіліны настальгіі ці пры выпадковай сустрэчы. А калі хто-небудзь з іх памірае, то яшчэ хутчэй забываем пра яго. Толькі моцныя эмацыянальныя сувязі з чалавекам: любоў, сяброўства, удзячнасць змогуць заахвоціць нас пастаянна падтрымліваць кантакты з ім, таксама пасля яго смерці г.зн. наведваючы магілу, молячыся і няспынна памятаючы пра гэтую асобу.


Праблема памяці аб блізкіх – вельмі важная для сучаснага свету. На зямлі жыве 6,5 мільярдаў яе жыхароў. І пастаянна гэтая колькасць павялічваецца. Усё больш ёсць людзей, якіх мы ніколі не ўбачым, пра існаванне якіх нават не даведаемся. Але ад кожнага з нас залежыць будучыня: ці спачатку гэты свет забудзе пра блізкіх і сям’ю, а пазней пра Езуса, ці агульныя вера і малітва выратуюць усё чалавецтва перад пеклам. Бо нашыя дзеянні ўздзейнічаюць на лёсы нашых дзяцей і ўнукаў. Традыцыі, што мы перакажам ім, перажывуць яшчэ некалькі пакаленняў, зберагаючы свет ад самога сябе.
    Кожны чалавек можа памаліцца за блізкіх яму людзей: за жывых і памерлых. Усе мы патрабуем увагі і памяці. Гэта ёсць наш хрысціянскі абавязак: памятаць у малітве за ўсіх. Свет не дазваляе на штосьці большае. Мы не дойдзем да кожнага, але наша малітва заўжды будзе пачута.
    Навучанне каталіцкага Касцёла, заключанае ў катэхізісе, надае вялікую ўвагу і каштоўнасць малітве за памерлых. “З самага пачатку хрысціянскай рэлігіі Касцёл пілігрымаў, цалкам прызнаючы супольнасць усяго Містычнага Цела Езуса Хрыста, ушаноўваў з вялікім дбаннем памяць памерлых, а “паколькі святой і збавеннай з’яўляецца думка памаліцца за памерлых, каб яны былі вызвалены” (2 Мак 12, 45), то таксама ахвяроўваў за іх малітвы” (ККК, 958). Каштоўнасць гэтых малітваў узрастае, калі мы ведаем, што яны на самай справе змогуць дапамагчы нашым родным, знаёмым і сябрам, якія аставілі гэты свет. “Тыя, хто памірае ў ласцы і сяброўстве з Богам, але яшчэ не цалкам ачышчаны, хоць ужо ўпэўнены ў сваім вечным збавенні, праходзяць пасля смерці ачышчэнне, каб атрымаць неабходную святасць для ўваходу ў радасць неба. Гэтае канчатковае ачышчэнне выбраных, што з’яўляецца чымсьці цалкам іншым, чым пакаранне асуджаных, Касцёл называе чысцам” (ККК, 1030-1031).
    Набліжаецца 2 лістапада - Успамін усіх памерлых вернікаў. Традыцыйна мы пойдзем на могілкі, каб прыбраць магілы блізкіх да гэтага дня. Гэта падобна да экзамена. Мы ведаем, што калісьці прыйдуць госці, таму прыбіраем уласны дом, тэрыторыю, купляем прысмакі. Хочам, каб у нас было ўсё найлепшым чынам. Але гэта мы ашукваем саміх сябе. Мы не турбуемся штодзённа пра такі добры парадак.
    Аналагічна адбываецца і з памяццю аб нашых памерлых. Раз у год пайсці на могілкі, каб прыбраць там, паставіць знічы – гэта не памяць аб продках, а выкананне запатрабаванняў грамадства. Але калі яно не будзе гэтага патрабаваць? Што ж тады будзе? Мы перастанем хадзіць у касцёл, маліцца, забудзем пра памерлых з сям’і, не гаворачы нават пра знаёмых, што пакінулі гэты свет.
    Апамятайцеся! Прыгадайце, колькі хвілін уласнага жыцця мы абавязаны бацькам, мужу ці жонцы, братам і сёстрам, сябрам, знаёмым і суседзям. За гэта мы павінны іх шанаваць пры жыцці і маліцца пасля смерці. Кожны чалавек зможа ахвяраваць штодзённа адну малітву “Ойча наш...” за блізкіх памерлых. Можа менавіта гэтая малітва дапаможа душы нябожчыка дайсці ў Неба.
    Мы жывём хвілінай, часта не думаем пра будучыню і, напэўна, большасць з нас не памятае мінулага. У нашым жыцці мы павінны асабліва памятаць пра гістарычныя даты, нацыянальныя і касцёльныя святы, імяніна і дні нараджэнняў.У гэты спіс яшчэ варта дадаць Успамін пра памерлых – дзень іх нараджэння ці смерці. Мы не можам забыць пра прадзедаў і далёкіх родных, сяброў, даўніх знаёмых. Час уцякае, а разам з ім і памяць пра бліжніх. Мы не можам дазволіць на такую абыякавасць. Без малітвы за памерлых не будзе малітвы за жывых. І тады цэлы свет будзе асуджаны застацца сам-насам са сваімі праблемамі. Свет без мінулага і будучыні. Свет, што сканцэнтраваны на сённяшнім дні і жыве для самога сябе.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.