ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Благаславёныя - гэта значыць шчаслівыя

З жыцця Касцёла

Як трэба жыць, каб стаць святым? Што прыходзіць кожнаму ў галаву, калі мы чуем слова святасць? Ці ў штодзённым жыцці мы задаём сабе такія пытанні?
У сэрцы кожнага хрысціяніна Бог “прышчапіў” жаданне стаць святым. Аднак, каб рэалізаваць гэтае прызванне, трэба ведаць, на чым яно грунтуецца. Напэўна, для многіх з нас святасць асацыіруецца з чымсьці такім дасканалым, што для звыклага чалавека з’яўляецца недасягальным. У Евангеллі мы чытаем: “Дык будзьце ж вы дасканалыя, як і Айцец ваш нябесны дасканалы” (Мц 5, 48). Незалежна ад канкрэтнага шляху жыцця кожны хрысціянін пакліканы да дасканаласці і святасці. Аднак гэтай паўнаты чалавечнасці нельга дасягнуць уласнымі сіламі. Неабходна супрацоўніцтва з Божай ласкай. А калі кожны прызваны да святасці, то таксама і кожнага Творца адарыў сваёй дапамогай. І толькі ад нас залежыць, як мы выкарыстаем гэты дар.
Сярод кананізаваных Касцёлам святых мы знаходзім прадстаўнікоў розных народаў і прафесій, пустэльнікаў і маці сем’яў, заможных і бедных, старанна адукаваных і непісьменных. Гэты спіс можна прадоўжыць. Аднак ён указвае на вельмі важную рэчаіснасць. Бог дастаткова дапамагае тым, хто стараецца сваім жыццём адказаць на Божы заклік і выконваць Яго волю.
    Тое, што святасць з’яўляецца агульнадаступнай, прыгожа падкрэсліў св. Ян Хрызастом, звяртаючыся да вернікаў: “Я не загадваю вам пераносіцца ў горы, ці ў пустыні, але жывучы ў цэнтры вялікага горада быць добрым, лагодным і стрыманым чалавекам”. Ад нас не чакаецца якіх-небудзь вар’яцкіх, аднаразавых учынкаў, але поўнай адданасці Богу. Даверыцца Яму і даць Творцу магчымасць весці сябе – гэта майстэрства хрысціянскага жыцця, чаму трэба няспынна вучыцца.
    Не трэба шмат гаварыць пра святасць. Кожны дзень у нас ёсць шмат нагодаў, каб паказаць, якімі мы ёсць хрысціянамі і як уводзім у чыны хрысціянскія каштоўнасці. Звыклае жыццё чалавека з’яўляецца ласкай. Такое жыццё можа прайсці без ніякай надзвычайнай падзеі і хутка пайсці ў нябыт. Аднак той, хто, каб падабацца Богу, стараецца найлепшым чынам выканаць свае штодзённыя абавязкі, з’яўляецца сумленным і добрым чалавекам, той заслугоўвае называцца сябрам Бога. Мы можам найлепш выразіць нашую веру добрымі ўчынкамі, бо па-людску мы любім бачыць вынікі сваіх дзеянняў. Калі мы думаем пра іншых, клапоцімся пра бедных, хворых,пакрыўджаных, то адчуваем сябе патрэбнымі і рэалізаванымі як людзі. Словы Хрыста: “Што вы зрабілі найменшаму з маіх братоў – Мне зрабілі” пабуджаюць нас служыць бліжнім. Аднак трэба памятаць, каб мець сілы дапамагаць іншым з любоўю і радасцю, а не па прымусу і ў адпаведнасці з пачуццём абавязку, трэба дастаткова шмат часу прысвяціць малітве, просячы Бога аб благаславенні і сіле для службы братам, трэба таксама прасіць аб ласцы адкрываць хараство і веліч іншага чалавека. Тады нават самы невялікі і звычайны ўчынак можа стаць святым.
    Святасць асноўваецца на тым, каб дазволіць Богу весці кожнага з нас. Неабходна даверыцца Яму ўсім сваім сэрцам, не баяцца і не перашкаджаць, дазволіць Яму дзейнічаць у нашым жыцці. У адпаведны час Ён сам укажа, якім спосабам мы павінны праявіць Яму сваю вернасць. Гэта могуць быць складаныя сітуацыі, цярпенні ці новыя заклікі і магчымасці. Мы не ведаем, як пойдзе нашае жыццё заўтра ці праз некалькі год, на многія рэчы мы не маем уплыву. Толькі тады праявіцца нашая вернасць Богу. Быць паслухмяным і даверыцца Божай волі менавіта тады, калі не разумееш Яго шляху, патрабуе веры і стойкасці. Аднак гэты поўны давер Богу з’яўляецца прыгожай і годнай паставай хрысціяніна.    Кардынал Ньюман напісаў вельмі проста і трапна для сучаснага чалавека: “Калі вы спытаеце ў мяне, што рабіць, каб стаць дасканалым, то я скажу вам: перш за ўсё не заставайцеся ў ложку, калі прыйшоў час уставаць, а першыя свае думкі звяртайце да Бога, наведваючы Найсвяцейшы Сакрамэнт; пабожна адгаворвайце малітву “Анёл Панскі”, ешце і піце на Божую хвалу; маліцеся на ружанцы; будзьце сканцэнтраванымі, аддаляйце злыя думкі; памятайце пра тое, што трэба адгаварыць вячэрнюю малітву; штодзённа рабіце рахунак сумлення; кладзіцеся рана спаць, а ўжо вы з’яўляецеся дасканалымі”.
    Такі вялікі і на першы погляд недасягальны заклік да святасці аказваецца цалкам рэальны, што можна адолець. Дзякуючы супрацоўніцтву з Божай ласкай, мы зможам пераадолець усе складанасці на шляху да таго, каб быць добрымі хрысціянамі. Неабходна кожны дзень жыць са свядомасцю, што нават самы меншы учынак любові заўважаецца Богам. Кожны сустрэты чалавек, штодзённыя радасці і смуткі, поспехі і няўдачы не з’яўляюцца выпадковымі і могуць нас многаму навучыць. Патрэбна толькі мець адкрытае сэрца і вочы, прасіць Бога аб радзе і падтрымцы, а ўбачым нашае жыццё і людзей, якія нас акружаюць, у зусім іншым святле. Тады імкненне быць святым можа паказацца нам не такім складаным і цалкам рэальным для выканання.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.