ГРОДНА
Аўторак,
30 красавіка
2024 года
 

Урачыстае адкрыццё XXI навучальнага года

З жыцця Касцёла

Урачыстае святкаванне 20-годдзя Вышэйшай духоўнай семінарыі пачалося ранішняй малітвай 5 кастрычніка б.г. Яе пачаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі Дзям’янка Антоній.
    Падчас малітвы біскуп Антоній прыпомніў сабраным аб беатыфікаваным кардынале Ньюмане Джоне Генры, чалавеку навукі і сведцы веры. Біскуп Антоній заахвоціў клерыкаў верна служыць Богу, не зважаючы на цяжкасці. Пасля ранішняй малітвы пачалі прыбываць госці ў семінарыю.
    Урачыстасць пачалася а 10 гадзіне ў семінарыйнай зале імя Яна Паўла II спевам гімну “Багародзіца”. Тут сабраліся прафесары семінарыі на чале з ксяндзом-рэктарам Станеўскім Юзафам і біскупам Кашкевічам Аляксандрам, алюмны гэтай навучальнай установы, сёстры з манаскіх ордэнаў, свецкія працаўнікі семінарыі і шматлікія госці з усёй дзяржавы. На ўрачыстае адкрыццё пачатку новага навучальнага 2010\2011 года ў ВДС у Гродна прыбылі наступныя асобы: арцыбіскуп Кандрусевіч Тадэвуш , мінска-магілёўскі Мітрапаліт; біскуп Блін Уладзіслаў, ардынарый Віцебскай дыяцэзіі; біскуп Дзям’янка Антоній, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі; ксёндз Саламон Ян, рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша з Аквіна ў Пінску; ксёндз-пралат Дубель Крыспін, сакратар апостальскай нунцыятуры і святары з усіх дыяцэзій на чале з канцлерамі біскупскіх курый. Прысутнічалі таксама прадстаўнік дзяржаўных улад спадар Скрыпко Уладзімір, намеснік упаўнаважанага па справах рэлігіі і нацыянальнасці Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, спадарыня Наталля Івашчэнка, кандыдат гістарычных навук, прадстаўнік Гродзенскага ўніверсітэта, а таксама пан Даліва Яцэк, консул РП у Гродне.
Да ўсіх сабраных звярнуўся пастыр нашай дыяцэзіі біскуп Кашкевіч Аляксандр, які прадставіў ганаровых гасцей і нагадаў пра пачаткі нашай семінарыі. Ксёндз-рэктар Станеўскі Юзаф, выпускнік першага года існавання семінарыі, расказаў пра гісторыю паўстання ВДС, падзякаваў усім, хто дапамагае ёй матэрыяльна і малітвай. Ксёндз-рэктар запэўніў алюмнаў і былых выпускнікоў, што семінарыя з’яўляецца іхнім домам, куды заўжды яны могуць вярнуцца.
    Перад сабранымі выступіў ксёндз Рачко Раман, намеснік рэктара, са справаздачай з мінулагодняй дзейнасці ВДС. “Семінарыя – гэта супольнасць, узорам якой з’яўляецца дванаццаць пакліканых і выбраных самім Хрыстом вучняў. Хрыстус вучыў іх маліцца, растлумачваў індывідуальна Святое Пісанне, фарміраваў сумленне, а калі трэба было, то сурова і станоўча павучаў. Тыя вучні пайшлі па ўсім свеце, каб абвяшчаць пра Божае Валадарства”, - заўважыў ксёндз Раман. Намеснік рэктара расказаў, што на працягу 20 год семінарыйная супольнасць некалькі разоў сустракалася са Святым Айцом Янам Паўлам II і Бэнэдыктам XVI, атрымала два спецыяльныя благаславенні. Ён падкрэсліў, што семінарыя вядзе інтэнсіўнае жыццё: рэгулярна праходзяць пілігрымкі (“Шляхам Яна Паўла II”, а таксама апошняе паломніцтва падзякі за 20 год семінарыі ў Рым), рэкалекцыі паклікання, у тым ліку для алюмнаў і іхніх бацькоў. Клерыкі семінарыі рэдагуюць газету “Duc in Altum”, вядуць сваю інтэрнэтную старонку, быў выдадзены каляндар. У гэтай навучальнай установе арганізоўваюцца навуковыя сімпозіумы, у тым ліку пры супрацоўніцтве з Гродзенскім універсітэтам і навуковымі цэнтрамі з Польшчы. Клерыкі і выкладчыкі прымаюць удзел у навуковых сімпозіумах і канферэнцыях, друкуюць навуковыя артыкулы.
    У мінулым годзе айцец Кнабіт Леон – знакаміты рэкалекцыяніст, бэнэдыкцінец з Тынца, правёў рэкалекцыі ў пачатку новага навучальнага года. 9 -10 кастрычніка 2009 г. уся наша семінарыйная супольнасць удзельнічала ва ўрачыстай кансэкрацыі катэдральнага касцёла Міласэрнага Езуса ў Віцебску.
    16 лістапада 2009 г. дыякан Адамовіч Антон і дыякан Кудэрка Алег атрымалі з рук біскупа Кашкевіча Аляксандра святарскія пасвячэнні. Шэсць алюмнаў - дыяканскія пасвячэнні. Семінарыйная супольнасць урачыста адзначала 80-годдзе з дня нараджэння ксяндза-пралата Лявінскага Юрыя і ксяндза Вышынскага Тадэвуша. 29 мая 2010 г. рады мясцовага Касцёла папоўнілі новыя святары - дыяканы Ёдзік Юрый, Мазан Руслан, Марціновіч Юрый, Пушынскі Андрэй, Сурвіла Уладзіслаў атрымалі святарскія пасвячэнні, а адзін з выпускнікоў ВДС прыняў дыяканскія пасвячэнні. У 2010 г. у рады ВДС прыйшлі новыя выкладчыкі. Ксёндз Радзюк Ян стаў новым прэфектам. Ксёндз Сарэла Ян быў назначаны дэкрэтам біскупа Кашкевіча Аляксандра духоўным айцом і прафесарам у семінарыі. Ксёндз Мацкевіч Аляксандр, кс.Ціхановіч Мікалай і кс.Вайцяхоўскі Віталій будуць працаваць выкладчыкамі па розных прадметах- паведаміў намеснік рэктара.
    Арцыбіскуп Кандрусевіч Тадэвуш прачытаў для сабраных у гэты ўрачысты дзень рэферат на тэму “Новая евангелізацыя”. Мітрапаліт зазначыў, што сёння Беларусь вельмі патрабуе рэевангелізацыі, а паводле вынікаў сацыялагічных даследаванняў, праведзеных American Institute of Public Opinion (ЗША), у 2009 г. толькі для 27% яе грамадзян рэлігія адыгрывае ў жыцці важную ролю. Арцыбіскуп падкрэсліў, што “у такой складанай сітуацыі ўжо недастаткова толькі евангелізацыйнай дзейнасці святароў і кансэкраваных асобаў. Тут патрэбна актыўная дапамога свецкіх вернікаў, для якіх новая евангелізацыя стварае новыя эфектыўныя спосабы дзейнасці, асабліва ў сферы хрысціянскага сведчання сваім жыццём”.
    Як паказвае пастырская практыка, аўтаевангелізацыя вернікаў і іх актыўны ўдзел у жыцці і дзейнасці Касцёла вельмі добра спрыяюць справе евангелізацыі і (дзякуючы гэтаму) спатканню людзей з Хрыстом. Нездарма II Ватыканскі Сабор навучае, што свецкія вернікі “павінны весці самую цэнную дзейнасць дзеля евангелізацыі свету”. Новая евангелізацыя з актыўным удзелам свецкіх з’яўляецца новай формай пастырства. Яго галоўныя мэты наступныя: рэалізацыя Божага Валадарства і збаўленне чалавека, абвяшчэнне Божага слова сведчаннем са свайго жыцця, катэхізацыяй, прапаведаваннем, мас-медыямі, дыялогам, сакрамэнтальна-літургічным служэннем, касцёльна-арганізацыйнай, дабрачыннай, грамадскай, выхаваўчай, культурнай і інш. дзейнасцямі.
    Хрысціянскае сведчанне свецкіх, абарона чалавечай годнасці і самага дарагога Божага дару жыцця і рэлігійнай свабоды, а таксама развіццё хрысціянскай культуры спрыяюць росквіту веры”.
    На заканчэнне ўрачыстасці тры алюмны першага года навучання з рук біскупа Кашкевіча Аляксандра атрымалі заліковыя кніжкі, а ўсе сабраныя заспявалі ўрачысты «Gaudeamus». На першы курс семінарыі былі прыняты Дудойць Руслан з Беняконяў, Мацулевіч Уладзіслаў з Ліды і Ціхан Яўген з Ліды.
    А 12 гадзіне ў катэдральнай базыліцы арцыбіскуп Кандрусевіч Тадэвуш быў галоўным цэлебрантам св. Імшы разам з 4 біскупамі і 90 святарамі. Усе сабраныя дзякавалі Богу за 20 год існавання семінарыі, выпрошвалі неабходныя ласкі і благаславенне для ўсіх тых, хто садзейнічаў і далей робіць гэта для яе развіцця. Мітрапаліт нагадаў у сваім казанні пра тое, якія старанні трэба было прыкласці, каб адкрыць духоўную семінарыю на тэрыторыі БССР. Арцыбіскуп расказаў пра першыя дні існавання семінарыі, пра клопаты і складанасці, што перашкаджалі гэтай справе. Мітрапаліт распавёў пра вялікую радасць з-за таго, што нягледзячы на перашкоды, удалося адкрыць семінарыю і адразу туды прыйшло вучыцца 42 клерыкі.
    “Сэрцам лакальнага Касцёла з’яўляецца духоўная семінарыя. Гэтае сэрца пачало біцца 1 верасня 1990 г. у Гродне, каб пасылаць новую кроў у арганізм Касцёла ў Беларусі, але не толькі, таму што выпускнікі семінарыі працуюць у многіх дзяржавах свету”, - падкрэсліў іерарх. Арцыпастыр звярнуў увагу на важнасць місіі святара, важнасць працэсу падрыхтоўкі святых ксяндзоў, якія павінны ўмець знайсці рашэнне новых праблем, што паставіць перад імі сучасны свет – гэта штучнае апладненне, кланаванне, секулярызм, аднаполыя сужэнствы і іншыя. На заканчэнне св. Імшы арцыбіскуп удзяліў усім вернікам апостальскае благаславенне.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  246

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.