ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Паломніцтва ўрачоў

На шляху да святасці

“Дзіўны гэты свет” – так спяваў Часлаў Немэн, а мы, пілігрымы, сцвярджаем, што ён – цудоўны, прыгожы і пазнаецца з ахвотай.
У чарговы раз здзейснілася радасць і члены каталіцкага душпастырства працаўнікоў службы аховы здароўя, злучаныя агульным імкненнем пазнаваць цуды Марыйных аб’яўленняў і іх гісторыю, а таксама памнажаць дабро, вырушылі ў дарогу. Паломніцтва ўпісана ў чалавечае жыццё, бо само жыццё з’яўляецца вялікай пілігрымкай. І хоць наша група была нешматлікая (18 яе ўдзельнікаў), але ўсе мы знаходзіліся на эмацыянальным пад’ёме.
    На чале нашай вандроўкі, што стала магчымай дзякуючы вялікаму высілку і ахвярнасці нашай спадарыні, старшыні Тэрэзы Банцэвіч, стаяў пастыр нашага душпастырства, які з’яўляецца для нас узорам паломніка – ксёндз Андрэй Радзевіч. Дзякуючы вялікім старанням гэтых людзей вялікага сэрца 26 жніўня б.г. пасля св. Імшы ў Пабрыгіцкім касцёле мы вырушылі ў санктуарый Ліхэньскай Божай Маці - у польскі Лурд. Перад намі была ноч і звыш 400 кіламетраў, што прайшлі, як адна хвіліна. З самага ранку нас прывітала Малапольская зямля – ваколіцы Коніна і Гранблінскай пушчы, дзе сярод азёр, лясоў і лугоў размясцілася ціхае паселішча – Ліхэнь. Тэрыторыя санктуарыя – вялізная, размешчаная на пагорку, абсаджаная дрэвамі і кветкамі, акружаная высокім мурам. Яна ахоплівае пляцы для набажэнстваў, алеі Крыжовага шляху, ружанцовыя дарожкі, палявыя алтары, каплічкі, помнікі, гістарычныя грабніцы, фігуркі святых, шматлікія алейкі і ціхія закуткі. Перад уваходам на тэрыторыю санктуарыя ёсць цудоўная крынічка, славутая многімі вылечваннямі. У цэнтры стаіць мураваны касцёл святой Дароты, што на працягу 149 гадоў асвятляў сваім бляскам цудоўны абраз Найсвяцейшай Маці. 2 ліпеня 2006 г. абраз быў урачыста перанесены ў меншую базыліку – святыню, пабудаваную як юбілейны вотум каталіцкага Касцёла ў Польшчы, паўсталай дзякуючы ўдзелу мільёнаў звыклых людзей.
Менавіта ў гэтай святыні, у каплічцы благаславёнага Станіслава Папчынскага, мы ўдзельнічалі ў св. Імшы, што цэлебраваў наш душпастыр ксёндз Андрэй. Падчас яе кожны мог уголас выказаць свае просьбы, падзякаваць Найсвяцейшай Маці. У гэтым святым месцы малітва аб’яднала нас і расхвалявала да слёз. Мы адчулі жывую прысутнасць Божай Маці, якой спадабалася менавіта Ліхэньская зямля. Марыя выбрала яе сваім любімым месцам і аставіла тут сляды сваіх святых ног.
    Твой Ліхэнь, Марыя, не з’яўляецца турыстычным месцам: тут няма гістарычных помнікаў даўніны, цудоўнай архітэктуры і мастацкіх шэдэўраў. Ліхэнь – гэта святое месца малітвы, сустрэчы душы з Богам, размовы з Марыяй. Гэта ёсць сённяшні Назарэт, дзе жыве, знаходзіцца і чакае ўсіх сваіх дзяцей Добрая Маці. І так як дзеці, якія падрастаюць, пакідаюць са смуткам сваю маці, так і лёс паломніка: са смуткам астаўляць дарагія месцы і няспынна ісці далей.
    Наш аўтобус прабіваўся праз дождж і цемру ночы ў Вамбежыц – дольнаслёнскі Ерузалем. Пасля некалькіх гадзін спазнення мы былі прыемна прывітаны гарачым пасілкам і цёплым начлегам, а ў наступную раніцу спяшаліся на сустрэчу з Вамбежыцкай Мадоннай, якая на працягу стагоддзяў услухоўваецца ў просьбы маці і бацькоў – Вамбежыцкай Валадаркі Сем’яў.Санктуарый у Вамбежыцах, дзе кожны чалавек знойдзе месца для захаплення, малітвы і даверу Божай Маці ўласных праблемаў, просьбаў і смуткаў, з’яўляецца сапраўднай жамчужынай Клодскай зямлі. У галоўным алтары святыні ў прэзбітэрыі, што называюць таксама Капліцай Ласкі, размешчана фігурка Мадонны з Дзіцяткам, праслаўленая ласкамі. Яна выканана з ліпы і мае амаль 28 сантыметраў вышыні. Углядваючыся ў аблічча сваёй Заступніцы, мы прасілі ратунку, дапамогі, сілы, вытрымаць у складаныя часы, здароўя.
    У Вамбежыцах, апрача базылікі з цудоўнай фігурай Валадаркі Сем’яў і Кальварыі, ёсць яшчэ адно нязвыклае месца, дзе можна паглядзець славутую вамбежыцкую рухомую батлейку, поўную па-майстэрску зробленых рухомых каляровых фігур, што прадстаўляюць Крыжовы шлях, апошнюю вячэру, Святую Сям’ю за працай, забіванне дзяцей па прыказу караля Ірада і г.д. У вамбежыцкі краявід уваходзяць Сталовыя горы, але, на жаль, дождж перашкодзіў нашым планам і захапляцца імі мы маглі толькі цераз шыбу аўтобуса.
    Другі дзень пілігрымкі заканчваўся, мы развіталіся з Вамбежыцамі. У апошні дзень нашага паломніцкага падарожжа мы захапляліся горадам трох народаў – чэхаў, немцаў і палякаў – Вроцлавам, горадам мастоў і астраўкоў. Мы наведалі стары горад, рынак, універсітэт, адбудаваныя старадаўнія святыні. Назаўжды застанецца ў нашай памяці Рацлавіцкая панарама, што прадстаўляе перамогу генерала Касцюшкі над царскім войскам.
    Тое, што прыгожае і добрае, хутка заканчваецца. Поўныя ўражанняў, спяваючы песні, мы вярталіся ў родныя старонкі, але ў кожнага з нас быў смутак у вачах. “Ёсць куточак на гэтай зямлі, дзе вяртацца кожны хоча” – мы спадзяёмся, што вернемся туды яшчэ не адзін раз.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.