ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Святарства – гэта любоў Езусовага Сэрца

Семінарыйная газета

Здаецца, не так даўно, а менавіта 19. 06. 2009 г. ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса мы чулі словы Папы Бэнэдыкта XVI аб тым, як афіцыйна ён абвясціў год Святарства дзеля таго, каб садзейнічаць распаўсюджанню энтузіязму ўнутранага аднаўлення ўсіх святароў, каб яны больш моцна і выразна сведчылі сваім жыццём аб Евангеллі ў сучасным свеце. І як хутка гэты год закончыўся, аднак, ён заставіў нас шмат над чым падумаць і задумацца над сутнасцю святарства.
    Вялікі чацвер з’яўляецца днём, у якім Езус Хрыстус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі і Святарства. Упершыню у Вячэрніку паводле словаў Езуса, Найвышэйшага Святара, звычайны хлеб ператварыўся ў Цела Хрыста, а віно – у Яго Кроў.Тым самым ужо з самага пачатку Езус паказаў, што быць святаром – гэта не што іншае, як складаць Эўхарыстычную Ахвяру. Таму св. Ян Марыя Віянэй быў перакананы, што ад св. Імшы залежыць уся палкасць святарскага жыцця: “Як добра робіць ксёндз, калі кожную раніцу ён аддае сябе Богу ў ахвяры”.
Кім з’яўляецца святар? Кім жа ён ёсць па сваёй сутнасці? Ці хтосьці здолее даследаваць гэты дар і таямніцу? Я хацеў бы ў адказ на гэтыя пытанні прывесці ў якасці прыкладу верш, які глыбока запаў у маё сэрца:
    “Святар! Хто – ты?
    Не існуеш сам па сабе, бо - з нічога.
    Не жывеш для сябе, бо з’яўляешся пасрэднікам у Бога.
    Не жывеш сам, бо адданы Касцёлу.
    Не належыш сабе, бо ты – слуга ўсіх.
    Не з’яўляешся ўжо сабой, бо Бог ёсць у табе.
    Кім жа ты ёсць, святар?
    Нічым і ўсім.

    Кім з’яўляецца святар у сённяшнім свеце? Ці сёння яшчэ актуальна і неабходна святарства? Што значыць быць святаром? Якога ксяндза чакаюць людзі? Перш за ўсё святар павінен быць чалавекам, павінен быць чалавечным.Трэба, каб ксёндз знайшоў час для размовы з людзьмі, цярпліва іх выслухаў і прыняў субяседніка, меў звычайныя людскія жэсты. Людзі хочуць бачыць у асобе ксяндза бацьку і сябра, а не сябрука, з якім можна сабе ўсё дазволіць, тым самым даючы зразумець, што ксёндз павінен быць “іншым”, гэта значыць – “нязвыклым чалавекам”.
    Святар павінен быць чалавекам малітвы, бо людзі хочуць, каб ксёндз не толькі гаварыў пра Бога, але дзяліўся духоўным досведам сваёй сувязі з Творцам. А апошняе магчыма толькі тады, калі святар моліцца. Малітва з’яўляецца не чым іншым, як спатканнем, дыялогам Бога і святара. Аснова ўсяго святарскага жыцця – гэта лучнасць з Хрыстом, сяброўства з Богам – гэта і ёсць малітва: агульная з вернікамі і братамі-святарамі і індывідуальная ў самотнасці і ў цішыні. А малітва без жывой і моцнай веры – такое немагчыма. Людзі назіраюць і правяраюць глыбіню святарскай веры. Яны адчуваюць: ці ксёндз з’яўляецца сапраўдным сведкам Евангелля – гэта значыць дзеліцца з вернікамі тым, што сам перажыў і адчуў падчас малітвы, дзеліцца Евангеллем ці з’яўляецца настаўнікам, які чэрпае тэмы для размовы з кнігі або з інтэрнэту.
    Святар павінен быць інтэлігентным чалавекам. У семінарыі клерык вывучае старанна і сур’ёзна галоўным чынам філасофію і тэалогію, а прадаўжае здабываць веды на працягу ўсяго святарскага жыцця. Таму што вывучыць тэалогію, азначае адчуць біццё Божага сэрца, якое любіць чалавека словамі Святога Пісання, на лекцыях, падчас самаадукацыі. Мы вывучаем тэалогію не для таго, каб знаць тэорыю пра Бога, але для таго, каб Божае слова, якое мы прынялі і абвяшчаем, станавілася нашым учынкам, а цераз нас – учынкамі тых, хто пачуе гэтае Слова. Трэба авалодаць свецкай і тэалагічнай навукай, яе засвоіць самому, а затым перадаць гэты досвед людзям. Ксёндз павінен арыентавацца ў сучасных напрамках навукі, чытаць тэалагічныя часопісы і кнігі, знаць навіны з жыцця Касцёла і свету.
    Святар павінен быць добрым пастырам. У ксяндзоў як у пастыраў ёсць нястомны абавязак сабіраць авечкі вакол Езуса Хрыста, вяршыняй чаго з’яўляецца штодзённая Эўхарыстыя, у якой Езус – Добры Пастыр дае Сябе Самога вернікам з дапамогай святарскіх рук. Ксёндз павінен перажыць асабістую сувязь з Хрыстом, бо толькі дзякуючы ёй мы здолеем зразумець людзей. А вось разуменне і пазнанне людзей адбываецца, дзякуючы цнотам пастыра: чуласці, любові, пакоры, падтрымцы, цярплівасці, шчырасці, сардэчнасці, адкрытасці, веданню чалавечага сэрца. І людзі гэта адчуваюць, што садзейнічае таму, што яны адкрываюць свае сэрцы, становячыся дзецьмі, якія шукаюць бацьку. Людзі хочуць, каб сэрца ксяндза было чулае, далікатнае, поўнае любові да іх, але і адначасова патрабавальнае, якое жадае радыкалізму.
    Шмат кнігаў і працаў напісана пра святарства, многа гаворыцца пра святароў. Але святарства нельга замкнуць у чалавечых словах і паняццях. Розныя разважанні тут – недастатковы, пацвярджэннем чаму з’яўляецца гісторыя з пары заснавання гэтага сакрамэнту. Таму ў гэтых сваіх разважаннях я хацеў толькі закрануць сутнасць святарства, паспрабаваць паказаць, кім у сваёй аснове павінен быць святар сучаснасці.
    Гэтыя разважанні я хацеў бы закончыць словамі, якія я пачуў падчас апошняга дня Духоўных сустрэчаў у нашай семінарыі:
    “Жыць у свеце, але не жадаць яго задавальненняў. Быць членам кожнай сям’і, але не належаць да яе. Яднацца з усімі, хто пакутуе. Пранікаць ва ўсе сакрэты. Лячыць усе раны. Ісці ад людзей да Бога і ахвяроўваць Яму іхнія малітвы, вяртацца ад Бога да людзей, несучы ім прабачэнне і надзею. Вучыць і прабачаць, суцяшаць і заўжды благаслаўляць. Мой Божа! Што ж гэта за жыццё?!
    Яно – тваё, о святар Езуса Хрыста”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.