ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Хрыстус- Добры пастыр

Семінарыйная газета

Ва ўсім свеце яшчэ можна пачуць радасны заклік: “Хрыстус уваскрэс!”, які нагадвае нам пра тое, што не так даўно мы адзначалі вялікую падзею ў гісторыі ўсяго чалавецтва: Змёртвыхпаўстанне Хрыста. У каталіцкім Касцёле прадаўжаецца Велікодны перыяд, падчас якога хрысціяне разважаюць пра Змёртвыхпаўстанне Пана, як і пра тое, што адбылося пасля гэтай падзеі. Кожны дзень гэтай пары нагадвае пра праўду, што Езус жыве і перамог смерць.
На працягу многіх гадоў чацвёртая Велікодная нядзеля адзначаецца як нядзеля Добрага Пастыра і пачынае ў Касцёле тыдзень малітваў за новыя святарскія і манаскія пакліканні. Згаданы тыдзень з’явіўся па ініцыятыве Паўла VI, які 23 студзеня 1964 г. пастанавіў, што адна з нядзеляў Велікоднага перыяду будзе прызначана для малітваў за прызванні да святарскага стану і манаскага жыцця. Асаблівае значэнне гэты тыдзень і нядзеля Добрага Пастыра набіраюць падчас году Святарства, калі ўвесь Хрыстовы Касцёл просіць Найвышэйшага Пастыра Езуса Хрыста аб шматлікіх новых і святых пакліканнях да святарскай службы. Аднак, каб зразумець тэалагічны сэнс гэтай нядзелі, трэба перанесціся на 2000 гадоў назад у той час, калі па зямлі хадзіў Хрыстус, як і ў перыяд жыцця першых хрысціянаў.
У хрысціянскай іканаграфіі Хрыстус – Добры Пастыр з’яўляецца адным са старажытных уяўленняў пра Езуса Хрыста. У першыя стагоддзі хрысціянства паказвалі Добрага Пастыра як юнака без барады, які трымае на плячах авечку. Гэта нагадвае раннехрысціянскі мастацкі твор Гермаса “Пастыр”. З цягам часу вобраз Хрыста – Добрага Пастыра змяніўся і стаў такім, якім мы яго бачым сёння. Пачалі прадстаўляць Езуса з барадой, дапоўненага такімі атрыбутамі: плашч, ляска, торба, іншы раз – флейта і посуд з малаком. Адлюстраванне Добрага Пастыра можна сустрэць таксама ў катакомбах з першых вякоў хрысціянства, напрыклад: у катакомбах імя св. Клімента з III стагоддзя.
    У Святым Пісанні можна знайсці шмат месцаў, дзе Езус называе сябе Добрым Пастырам. У Евангеллі паводле св. Яна (Ян 10, 11) чытаем: “Я – Добры Пастыр. Добры Пастыр аддае за авечак жыццё сваё”. І далей: “Я – добры Пастыр і ведаю Сваіх авечак, і яны Мяне ведаюць, як ведае Мяне Айцец, а Я ведаю Айца; і жыццё Маё аддаю за авечак. Мае авечкі слухаюць Мой голас, а Я ведаю іх. Яны ідуць за Мной, а Я даю ім вечнае жыццё” (Ян 10, 14 – 15). А таму азначэнне Добры Пастыр не было выдумана кім-небудзь ці навязана, а мае трывалае пацвярджэнне і асноўваецца на Святым Пісанні. Езус называе сам сябе Добрым Пастырам. Пад наглядам такога пастыра, які любіць свае авечкі і клапоціцца пра іх, яны адчуваюць сябе бяспечна. Падкрэсліваючы гэта, Езус гаворыць пра бяспеку і шчасце тых, хто прызнае яго сваім пастырам. Ці ж павінна быць інакш? Калі цалкам мы давяраем Езусу і паддаёмся Яго волі, то чаго ж мы павінны баяцца? Людзі так патрэбны Яму, што Хрыстус аддаў сваё жыццё за іх, за свае авечкі.
    Нядзеля Добрага Пастыра пачынае тыдзень малітваў за новыя святарскія і манаскія пакліканні. Касцёл заахвочвае вернікаў маліцца, просячы аб новых святых пакліканнях па прыкладу Добрага Пастыра. І нават сам Езус заахвочвае нас да таго, гаворачы: “Жніва многа, але працаўнікоў мала. Дык прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў працаўнікоў на жніво Сваё” (Мц 9, 37 – 38). Аднак чаму, нягледзячы на наяўнасць на працягу 2000 гадоў развітых касцёльных структураў, прысутнасць хрысціянаў на ўсіх кантынентах, вялікай колькасці святароў і манахаў просьба Хрыста: “Таму прасіце Гаспадара жніва...” застаецца і далей актуальнай? Таму што так многа яшчэ ёсць людзей на зямным шары, якія не чулі пра Хрыста; таму што многія, як тая згубленая авечка, страцілі з вачэй правільную дарогу жыцця і патрабуюць дапамогі, каб яе знайсці; таму што існуе яшчэ мноства іншых прычынаў. У гэты тыдзень малітваў за новыя пакліканні ў чарговы раз мы задумваемся над таямніцай прызвання да Божай службы. Мы ведам, што Бог вельмі моцна палюбіў чалавека і хоча, каб кожны знайшоў свой шлях да Яго. Аднак, каб не згубіцца на гэтым шляху, мы патрабуем знакаў, якія будуць нам указваць на правільны напрамак. Святары ставяць перад намі гэтыя знакі, вядуць нас да Хрыста. І ці мы маглі б знайсці неабходны напрамак, калі б нам яго ніхто не ўказваў? Таму нам неабходна прасіць аб новых працаўніках на Божае жніво.
    Нядзеля Добрага Пастыра адзначаецца нязвыкла і ў нашай семінарыі. Клерыкі адпраўляюцца ў парафіі нашай дыяцэзіі, каб разам з вернікамі прасіць аб новых пакліканнях для Божай службы, як і падзяліцца з вернікамі сваім радасным досведам уласнага прызвання і прасіць аб малітве, каб у будучым яны маглі быць святымі і вернымі Хрысту святарамі.
    Карыстаючыся з нагоды, мы хацелі б з дапамогай мас-медыяў звярнуцца да ўсіх, просячы Вашай малітвы за новыя і святыя пакліканні да святарства і манаскага жыцця. Сённяшні свет патрабуе, як калісьці сказаў папа Павел VI “сведкаў Божай прысутнасці”, а таксама пастыраў па ўзоры Хрыста – Добрага Пастыра, якім будзе патрэбна нават і адна авечка. Прасіце ж Бога, каб у Яго авечкаў былі верныя і адданыя пастыры, дзякуючы якім ужо яны не будуць блудзіць і спазнаюць сапраўдную радасць і шчасце пад апекай Найвышэйшага Пастыра.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.