ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Цішыня Вялікай cуботы

З жыцця Касцёла

Вялікая субота – гэта цэнтральны дзень Пасхальнага Трыдуума. У гэты дзень не ажыццяўляецца св. Імша, але вернікі адаруюць Хрыста ў Гробе Панскім. У Касцёле пануе атмасфера засяроджання і суцішанасці ў чаканні на цуд Змёртвыхпаўстання. З аднаго боку цішыня Вялікай суботы абуджае неспакой і адначасова прадказвае штосьці нязвыклае: падрыхтоўвае нашыя сэрцы і розум на прыняцце непаўторнага цуду, перад якім нам трэба схіліцца з любоўю і пакорай.
    Пасхальная вігілія з’яўляецца ўжо святкаваннем Змёртвыхпаўстання Пана. Яе літургія поўна яскравых сімвалаў, да ліку якіх належаць наступныя: святло, слова, вада. Касцёл, дзякуючы ім, хоча паказаць багацце дароў, якімі Бог адарыў нас з пачатку стварэння свету.
    Пасхальная вігілія – найбольш урачыстая і сімвалічная літургія на працягу году пачынаецца ў Вялікую суботу пасля змроку. Тады асаблівым чынам становяцца пераканаўчымі абрады літургіі свету.
Першая частка Пасхальнай вігіліі пачынаецца ад асвячэння агню і пасхалу ля вогнішча, якое распалена перад касцёлам. Запальванне пасхалу сімвалізуе Змёртвыхпаўсталага Хрыста - Святло Свету. Гэты жэст паказвае, што ажыццявілася Пасха ці пераход ад смерці да жыцця, са змроку да святла. Святар робіць надпісы на пасхале і напамінае: “Ён з’яўляецца пачаткам і канцом, ёсць Яго час і вечнасць”. Ксёндз, просячы аб Божай апецы, накладвае на пасхал пяць “зярнятаў”, якія сімвалізуюць пяць галоўных ранаў Езуса Хрыста. Святар уваходзіць у цёмны касцёл з запаленым пасхалам ад асвечанага агню і тройчы ўсклікае: “Святло Хрыста”. Вернікі адказваюць: “Дзякуем Богу” і паступова запальваюць свае свечкі ад асвечанага агню. Сімволіку гэтага абраду растлумачвае гімн “Exsultet”, які праслаўляе Змёртвыхпаўсталага, што ўсхваляе ласку адкуплення. Неба і зямля могуць радавацца, бо Валадар перамог. Грэх і смерць былі пераможаны Змёртвыхпаўстаннем Езуса Хрыста, а ўсе вернікі напоўнены надзеяй на ўласнае паўстанне з памерлых і вечнае жыццё.
    Літургія слова складае другую частку (досыць аб’ёмную для прачытання) Пасхальнай вігіліі. У поўнай версіі яна складаецца з дзевяці чытанняў, якія перамяжоўваюцца з псальмамі і малітвай. Шматлікія чытанні прадстаўляюць важныя моманты ва ўсёй гісторыі збавення. Першыя сем чытанняў са Старога Запавету паказваюць гісторыю чалавецтва ад стварэння цераз грэх Адама і Евы, вывядзенне выбранага народу з егіпецкай зямлі, пераход цераз Чырвонае мора да Божага абяцання ачышчэння і перамены чалавека. Чытанні з Новага Запавету апісваюць устанаўленне Найсвяцейшай Эўхарыстыі і павучаюць пра тое, што Хрост гарантуе вернікам удзел у смерці і ў паўстанні з памерлых Хрыста. Тады пасля саракадзённага посту ўпершыню спяваецца радаснае аллелюя. Затым чытаецца Евангелле пра пустую магілу Хрыста. Гамілія заканчвае літургію слова. Трэцяя частка Пасхальнай вігіліі прысвечана таямніцам сакрамэнту Хросту. Яна паказвае праўду, што вернікі, дзякуючы таму, што яны былі абмыты водамі Хросту, “заглыбіліся“ у смерць Езуса і дзякуючы гэтаму ўдзельнічаюць у вечным жыцці. Літургія Хросту пачынаецца з праспяванага Літанія да усіх святых, падкрэсліваючы тым самым адзінства ўсяго Касцёла. У доўгай малітве святар напамінае пра сімволіку вады і благаславіць яе, пасля чаго яна будзе ўжывацца для Хросту. З запаленымі свечкамі вернікі аднаўляюць сваё абяцанне, якое давалася на Хросце, адкідваючы зло і прызнаючыся ў веры ў Святую Тройцу. Літургія Хросту заканчваецца малітвай вернікаў.
    Далей наступае эўхарыстычная літургія, ход якой не адыходзіць у сваёй прынцыповай форме ад тыповай святой Імшы. Арганы, якія маўчалі ад Вялікага чацвяргу, пачынаюць іграць. Вернікі прымаюць Цела Хрыста і ўрачыстае благаславенне. Вялікая субота з’яўляецца днём суцішанасці, засяроджання і чакання. Паміж смерцю Езуса на крыжы і Яго Змёртвыхпаўстаннем пануе цішыня. Яна з’яўляецца адлюстраваннем жалобы, але і адначасова пакоры перад смерцю. Вернікі знаходзяцца перад Гробам Панскім у малітоўным роздуме і сканцэнтраванні. Якой жа вялікай павінна быць любоў і салідарнасць Бога з чалавецтвам, што сам Божы Сын павінен быў памерці. Аднак Божая магіла хавае таямніцу нараджэння новага жыцця. Важны аспект Вялікай суботы – маўчанне і кантэмпляцыя таямніцы смерці Уцелаўлёнага Бога, але - і таксама людскога лёсу. Гэта – пара чакання на Змёртвыхпаўстанне.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.