ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Гасанна Сыну Давіда

З жыцця Касцёла

Вялікі тыдзень адкрывае Пальмовую нядзелю. У гэты дзень успамінаем урачысты ўезд Езуса ў Ерузалім, які непасрэдна папярэджваў Яго Муку і Смерць на Крыжы. Натоўпы, якія Яго віталі, кідалі на дарогу свае плашчы і галінкі, крычачы: “Гасанна Давідаваму Сыну”. Назва гэтага дня паходзіць ад звычая асвячаць пальмы, які быў уведзены ў XI стагоддзі.
    Пальмовая нядзеля – гэта вялікі дзень адарацыі вернікамі Мукі Пана. Змест гэтай адзінай непаўтаральнай па сваім харастве нядзелі заключаецца ў радаснай гасанне, у вербных коціках, пальмавых галінках, у віватах дзеля ўшанавання Хрыста, які ўязджаў як кароль у Ерузалім. Гэты выключны адарацыйны характар Пальмовай нядзелі праяўляецца яшчэ больш яскрава ў апошнія гады, калі Папа Ян Павел II злучыў з гэтым днём святкаванне Сусветнага дня моладзі. З той пары гасанна, праслаўленне Хрыста і энтузіязм, які звязаны з гэтым, набіраюць выключныя формы.
У Пальмовую нядзелю асвячаюць пальмы і праходзіць урачыстая працэсія да касцёла. Каля VII ст. на тэрыторыі сённяшняй Францыі з’явіўся звычай асвячаць пальмы. Са Святой Зямлі бярэ вытокі працэсія. Менавіта Касцёл у Ерузаліме імкнуўся дакладна “паўтараць” падзеі з жыцця Езуса. У IV ст. адбывалася ўжо працэсія з Бэтаніі ў Ерузалім. Ерузалімскі патрыярх сядаў на асліцу і ўязджаў у Святы горад, а сабраныя вернікі, радасна яго вітаючы, слалі перад ім свае плашчы і пальмы. Затым усе адпраўляліся ў базыліку Anastasis (Змёртвыхпаўстання), дзе ажыццяўлялася ўрачыстая літургія. Да XI ст. гэтая працэсія распаўсюдзілася па ўсім Касцёле. У Рыме спачатку шостая нядзеля падрыхтоўкі да Пасхі была выключна нядзеляй Мукі Пана, калі ўрачыста спявалі Пасію Пана. Толькі ў IX ст. у рымскую літургію ўвайшоў ерузалімскі звычай працэсіі, якая ўвекавечвала ўезд Езуса ў Ерузалем. Абедзве традыцыі хутка злучыліся, даючы літургіі Пальмовай нядзелі падвойны характар (уезд і Мука). У розных лакальных Касцёлах гэтыя працэсіі прымалі розныя формы: біскуп ішоў пешшу ці ехаў на осліку, неслі аздоблены пальмамі крыж, кнігу Евангелля, а нават - і Найсвяцейшы Сакрамэнт. Тэадульф з Арлеану (+ 821) згадвае пра першыя занатаваныя ўпамінанні пра працэсію ў Пальмовую нядзелю. Некаторыя аўтары пішуць пра тое, што у гэты дзень біскупы мелі права вызваляць вязняў.

У пасланні на XXV Сусветны дзень моладзі, які на дыяцэзіяльным узроўні адзначаецца ў Пальмовую нядзелю 28 сакавіка, Папа напісаў: “(…) Калі сапраўды мы сустрэлі Езуса, то не можам пазбегнуць таго, каб не абвяшчаць Яго тым, хто не сустрэў яшчэ Яго позірку!” (…) “Вы – поўны энергіі, станоўчых рысаў, мараў, надзеі. Ваш век з’яўляецца вялікім багаццем не толькі для Вас саміх, але і для іншых, для Касцёла і свету” (…) “Нягледзячы на цяжкасці, Вы не адказаліся ад сваіх мараў і жаданняў! Вы носіце ў сэрцы вялікія жаданні братэрства, справядлівасці і міру”.
    Дэвізам паслання з’яўляюцца словы з Евангелля паводле св. Марка: “Добры Настаўнік, што я павінен рабіць, каб дасягнуць вечнага жыцця?”

    У Польшчы Пальмовая нядзеля святкуецца ўсеагульна і ўрачыста. У некаторых краінах у гэты дзень праходзіла інсцэніроўка трыумфальнага ўезду Езуса ў Ерузалем. Абрад асноўваўся на тым, што працэсія ішла вакол касцёла ці ўнутры яго, або ў горадзе: вернікі праходзілі ў працэсіі з аднаго касцёла, які сімвалізаваў Аліўную гару, у другі касцёл, які быў “Святым горадам”. Галоўным “акцёрам” спектаклю была фігура Езуса на осліку, якую размяшчалі на вазку. Сёння можна ўбачыць у Кракаўскім нацыянальным музеі такую фігуру з Шыдлоўца. У Кракаве платформу з Хрыстом на осліку цягнулі члены мясцовай рады – гэта была ганаровая функцыя: дзеці кідалі кветкі і пальмачкі перад фігурай, якая праязджала, і крычалі: “Гасанна на вышынях”. Вучні парафіяльных школаў і калегіумаў дэкламавалі вершаваныя аповесці пра ўезд Хрыста ў Ерузалем і пра Яго будучую муку, а пасля іх – рыфмаваныя вершы пра пост, сялёдку, пра велікодныя кулічы і пра школьныя клопаты. Пасля дзяцей гандляры духмянасцямі, жаўнеры і старэйшыя, пераапранутыя ў пілігрымаў, выступалі з прамовамі. З’яўленне пад канец XVII ст. такіх касцюміраваных “акцёраў” абцяжарыла відовішча і накіравала яго ў напрамку пацешнасці. Таму пад канец XVIII ст. духоўныя ўлады забаранілі вазіць фігуру Езуса, асабліва ў касцёлах, а выканаўцы святочнай забавы перанесліся на вуліцы, у карчму і так паступова відовішча прыйшло ў заняпад.

У Пальмовую нядзелю вернікі прыносяць пальмы ў святыню ў памяць аб урачыстым уездзе Езуса ў Ерузалім. Гэтыя асвечаныя пальмы хрысціяне нясуць дамоў і кладуць часцей за ўсё пад крыжам ці за абразамі. З аднаго боку, гэта павінна нагадваць пра перамогу Хрыста, а з другога – выпрошваць Божае благаславенне для дамачадцаў. У наступны год пальмы трэба прынесці перад Папяльцом у касцёл, дзе яны будуць спалены, а асвечаны попел будзе ўжыты ў абрадзе Папяльцовай серады.

    Сучасныя абрады Пальмовай нядзелі пачынацца таксама з урачыстай працэсіі. Святар, апрануты ў чырвоны арнат, у суправаджэнні міністрантаў, падыходзіць да алтара, загадзя абышоўшы святыню, (звонку ці толькі ўнутры). У гэтую хвіліну спяваецца адна з песняў, дзе паўтараецца біблейскі вокліч: “Гасанна на вышянях”, “Гасанна Давідаваму Сыну”.
    У гэты дзень вернікі прыносяць так званыя пальмы: у Беларусі і ў Польшчы – гэта часцей за ўсё вербныя галінкі з коцікамі. У некаторых рэгіёнах падрыхтоўваюцца пышныя пальмы на некалькі метраў, выкананыя з галінкаў, аздобленых сухімі кветкамі і рознакаляровымі стужачкамі.
    З аднаго боку, працэсія з пальмамі ўвекавечвае старадаўнія падзеі, з другога боку, з’яўляецца шляхам вернікаў разам з Хрыстом да ахвяры, чым сёння ёсць св. Імша. Абвяшчаючы Хрыста Валадаром, мы згаджаемся на тое, што наш шлях да Айца вядзе заўжды праз крыж.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.