ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Шлях да супакою душы

З жыцця Касцёла

У чарговы раз у Папяльцовую сераду мы ўваходзім у перыяд Вялікага посту. Малітва і міласціна з’яўляюцца яскравым адлюстраваннем нашай традыцыйнай вялікапоснай пабожнасці. Дастаткова прыгадаць пра набажэнствы Крыжовага шляху, Песняў жальбы, збор грашовых сродкаў, які арганізоўваецца ў Папяльцовую сераду ці ў Вялікую пятніцу для Касцёла. Аднак неабходнасць посту і яго ажыццяўленне павінны мець для нас усё большае значэнне, таму што змены ў нашым секулярызаваным свеце прыводзяць да таго, што сучасны чалавек перастае разумець, як на нашыя паводзіны падчас Вялікага посту ўплывае Бог ці нават бліжні.
Раней у культуры хрысціянскіх народаў на Усходзе, якая была насычана рэлігійным духам, кожны пост меў рэлігійную і духоўную матывацыі. Сёння з-за зменаў у грамадствах трэба выразна адрозніць пост г.зн. калі чалавек адказваецца ад яды і вады па рэлігійных прычынах, ад аналагічнай практыкі посту па іншых свецкіх матывах, якія не маюць з рэлігіяй нічога супольнага. Таму трэба задумацца: якую вартасць перад Богам і які сэнс мае для нас, хрысціянаў, адказ ад чаго-небудзь, што само па сабе ёсць дабро і дазваляе нам радавацца жыццём? На старонках Старога Запавету ёсць шмат прыкладаў і заахвочванняў пасціць для таго, каб выпрасіць неабходныя ласкі, якія вельмі важны для пераадолення граху ў сабе і ў сваім акружэнні, а перш за ўсё падрыхтоўваюць нас на сустрэчу з Богам. Майсей пасціў перад тым, як ён атрымаў Дэкалог (пар. Всц 34, 28). Пасціў Ілля перад таямнічай сустрэчай на гары Горэб (1 Цар 19, 8). Прарок Ёна заклікаў пакутаваць жыхароў Нінівы, абвяшчаў пост, дзякуючы якому жыхары гэтага горада навярнуліся да Бога і адчулі прабачэнне і Божую міласэрнасць (Ён 3, 9).
Перад вяртаннем з выгнання святар Ездра заклікаў да пакуты перад абліччам Бога для таго, каб выпрасіць сабе шчаслівае вяртанне на зямлю бацькоў (пар. Езд 8, 21). Пасты першых хрысціянаў, як пра гэта сведчаць лісты св. Паўла, не былі самамэтай, але служылі перш за ўсё ўмацаванню веры і адкрыццю на святло і моц Святога Духа (пар. 1 Кар 6 – 8). Менавіта такую ролю выконвае па сённяшні дзень пост. Ён не з’яўляецца самамэтай, а стварае духоўную прастору для дзеяння Святога Духа, а таксама падрыхтоўвае чалавека да сустрэчы з уваскрэслым Панам.
    З тэалагічных тэкстаў вынікае, што пост уяўляе сабой свабодны акт чалавечай волі на міласэрнае Божае дзеянне. У духоўным плане пост выконвае таксама вялікую тэрапеўтычную ролю: дазваляе панаваць над сабой і ў адпаведнасці з Божай воляй падпарадкаваць чалавечую прыроду і яе схільнасці. Чалавек з’яўляецца духоўна-цялесным адзінствам, таму яго паводзіны згодна з Божым замыслам, павінны выражацца ў поўнай гармоніі душы і цела. Тых, якія жывуць паводле жаданняў цела, чакае смерць. Аднак “калі духам памярцвіце ўчынкі цела, будзеце жыць” (Рым 8, 13). Пост разам з малітвай павінен (як ніколі да гэтай пары) стаць сродкам, каб аддаць цела пад панаванне духа, і павінен прывесці да паўнаты жыцця з Богам і ў Богу. Захаванне практыкі посту павінна быць крытэрыем нашай веры, а ў пэўным сэнсе - усёй рэлігійнасці. Разважаючы пра значэнне Вялікага посту, трэба таксама ўспомніць пра свае адносіны да іншага чалавека як да бліжняга. Гэты час павінен вучыць нас уражлівасці на лёс іншага і адкрываць сэрцы на яго патрэбы.
    Прыклад саракадзённага посту Хрыста вучыць нас, што “фізічны” пост адкрывае душу і сэрца на Божае слова. На спакусы д’ябла, які часта спакушае сучаснага чалавека, каб ён задаволіўся выключна матэрыяльнымі дабротамі, Езус дае адказ: “Не адзіным толькі хлебам будзе жыць чалавек, але і кожным словам, якое паходзіць з вуснаў Божых” (Мц 4, 4).
    Поўнае пазнанне і замілаванне Божай волі садзейнічае таму, што яна становіцца правільным зместам, маяком жыцця і дае яму напрамак і сэнс.
    Давайце ж будзем памятаць пра словы Бэнэдыкта XVI “Пост з’яўляецца каштоўнай аскетычнай практыкай, духоўнай зброяй для барацьбы з усімі магчымымі неўпарадкаванымі нашымі схільнасцямі. Дабравольнае адрачэнне ад задавальненняў, чым ёсць яда і іншыя матэрыяльныя даброты, дапамагае вучню Хрыста панаваць над іншымі формамі голаду чалавечай натуры, аслабленай першародным грахом, негатыўныя вынікі якога адбіваюцца на ўсёй чалавечай індывідуальнасці (...)”.
    Вялікі пост павінен дапамагчы кожнай сям’і і кожнай хрысціянскай супольнасці аддаліць усё, што рассейвае дух, і паглыбіць тое, што “корміць” душу, адкрываючы яе на любоў да Бога і бліжняга.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.