ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Міласціна – гэта логіка разліку ці веры?

На шляху да святасці

Завяршэнне перыяду калядных святкаванняў з’яўляецца для хрысціяніна добрай нагодай, каб пераасэнсаваць значэнне падарункаў, якімі так шчодра ўсе дзяліліся на Божае Нараджэнне. Назіранне за святочнай падарункавай “лавінай” параджае шматлікія пытанні: “Ці для таго, каб дарыць, дзяліцца дабром і цяплом, абавязкова патрэбна нагода?”, “Ці ў падарунках “ з нагоды” - важнейшае свята ці асоба?”, “А што дзеецца паміж “нагодамі”?”
Хрысціянства ведае дзве найбольш распаўсюджаныя формы матэрыяльнага дару – гэта падарунак і міласціна. Святочны дзень (рэлігійны, грамадскі ці асабісты) – гэта нагода выразіць любоў да блізкай асобы ў матэрыяльнай форме канкрэтнага падарунка. Існуе таксама другі (не ўрачысты і менш асабісты) спосаб дарэння, які выражае любоў да бліжняга ў больш шырокім значэнні. Гэта міласціна - матэрыяльная дапамога чалавеку ў патрэбе. І калі са святочнымі падарункамі нашае (у большасці – хрысціянскае) грамадства не мае праблем, то справа міласціны насцярожвае сваім нехрысціянскім абліччам.
Логіка міласціны ў звычайных жыхароў Беларусі вельмі простая. Кожны грамадзянін мае магчымасць або зарабіць грошы, або атрымліваць нейкую сацыяльную пенсію. Значыць, без грошай не сядзіць ніхто. Значыць, папрашайкі на вуліцы – гэта ашуканцы, якім не трэба даваць міласціну, бо яны маюць сродкі на жыццё. За такім меркаваннем стаіць простае перакананне: міласціну трэба даваць людзям, якія зусім не маюць сродкаў на выжыванне, каб яны не памерлі з голаду. Логіка - гуманная, але - не хрысціянская. Часта логіка “гуманізму” падмацоўваецца драматычнымі фактамі. Хтосьці просіць міласціну, бо прапіў сваю пенсію ці заробак, або па прычыне псіхічных праблем выдаў грошы і не мае за што жыць далей, карміць дзяцей. Часам на слабасці такіх бамжоў, п’яніц, псіхічна неўраўнаважаных, інвалідаў некаторыя злачынныя групы імкнуцца рабіць чорны бізнес, ператвараючы іх у сродак для заробку грошай праз міласціну. Ствараюцца сеткі папрашайкаў, якіх выкарыстоўваюць для збору міласціны, за што забяспечваюць ім жыццёвы мінімум, пачуццё бяспекі. Аднак яны ведаюць, што “недаходных” папрашаек выганяюць з “камуны”, пакідаючы на волю лёсу. Кола страху замыкаецца. Звычайныя прахожыя, бачачы ў папрашайцы на вуліцы такога адыёзнага працаўніка ашуканчай групоўкі, пагардліва праходзяць міма.
    Прычыны, па якіх чалавек трапляе ў сітуацыю крайняй беднасці - вельмі няпростыя і маральна неадназначныя. Гэта цэлы сплёт жыццёвых сітуацый, якія прыводзяць да алкагалізму, самаізаляцыі асобы ад грамадства, розных псіхічных адхіленняў. Існуе таксама катэгорыя беднякоў, якія не самі, але з-за сваіх бацькоў (алкаголікаў, бамжоў, псіхічна неўраўнаважаных) прыйшлі на свет ужо ў паталагічнай сітуацыі і з дзяцінства асуджаны на свет крыміналу, папрашайнічаць, ашукваць. Адзіны ратунак, які часта падказвае ім іх убогая рэчаіснасць – гэта дазволіць выкарыстоўваць сябе, сваю боль, сваё цела дзеля таго, каб неяк выжыць. У другім пакаленні папрашайніцтва і ашуканства дзеля выжывання – гэта ўжо свой, родны свет, у адрозненні ад чужога – цывілізаванага.
    За той асобай, каля якой часта пагардліва спяшаюцца прайсці прахожыя, крыецца жахлівы лёс чалавека, які яшчэ нядаўна быў такім як яны, а цяпер сядзіць брудны на асфальце з працягнутай рукой. Магчыма, калісьці і ён з такой жа пагардай праходзіў міма бедняка, які просіць, упэўнены, што з ім такое ніколі не здарыцца. Але рэчаіснасць нашага жыцця - непрадказальная.
    Многія вернікі, праходзячы каля людзей, што просяць міласціну, або маючы збяднелых суседзяў-алкаголікаў, заўсёды адчуваюць маральны неспакой: даць ці не даць грошы; калі дапамагаць, то - наколькі? Часам паўстае справядлівае абурэнне, што той бомж ці алкаголік хлусіць у вочы, прыдумваючы цэлую гісторыю пра тое, як яму патрэбны грошы на лекі, на білет, нават можа паказаць адпаведныя паперы. Хочацца гнеўна прагнаць ашуканца. Але ці сапраўды ён ашуквае? А што, калі на гэты раз ён не хлусіць, а сапраўды патрабуе дапамогі? Заўсёды ў сэрцы ўзнікае маральная дылема: дапамагчы, калі нават прап’е мае грошы, ці не дапамагчы і пакінуць чалавека на пагібель? Большасць маральных дылемаў адносна міласціны параджаюцца па прычыне не хрысціянскага, але чыста людскога падыходу да справы. Даючы міласціну, чалавек намагаецца разважыць, ці сапраўды дадзеная асоба патрабуе дапамогі і на што пойдуць яго грошы. Каб справядліва ўзважыць усе “за” і “супраць”, трэба было б столькі ведаць пра таго, хто просіць, колькі можа знаць адзін толькі Бог. Таму жаданне асноўваць міласціну на справядлівасці заўсёды будзе патанаць у памылковасці і дылемах. Міласціна, міласць, ласка – гэта справа не справядлівасці, але любові! Мы не можам і не павінны нікога судзіць. Суд належыць пакінуць Богу – справядліваму Суддзі. На самой справе той, хто дае міласціну, павінен ставіць пытанне: “Праявіць міласэрнасць да таго, хто просіць, ці не?” І, на жаль, для секулярызаванага свету, міласэрнасць, заснаваная на эмоцыях ці матываваная толькі спачуваннем, вельмі плыткая. На чалавечым узроўні заўсёды можна слушна апраўдаць сваё нежаданне падаць міласціну.
    Хрысціянскае вучэнне аб міласціне апіраецца не на спачуванні, але на любові да Бога і бліжняга. Праўда веры аб братэрстве ўсіх людзей у Творцы, факт Самаахвяравання за нас Божага Сына – гэта велізарны выклік для кожнага хрысціяніна, каб не на слове, але на справе пацвярджаць любоў да Бога і бліжняга. Таму дамагаючы чалавеку ў патрэбе, калі па-людску дзеянне здаецца малаэфектыўным, хрысціяне гэта робяць дзеля Хрыста, які жадае, каб мы вучыліся любіць і быць міласэрнымі бескарысліва, так як - Ён. Бог не змушае нас да міласціны, не вызначае колькасці ахвяраванняў. Ён заклікае нас да таго, каб нашая матывацыя не абмяжоўвалася разлікамі ці літасцю, але - высока хрысціянскім упадабненнем да Бога, узор якога носіць у сабе кожны чалавек, за якога ахвяраваў Сябе Езус. Перад Ім кожны з нас годны літасці і міласэрнасці. Бог аказвае нам міласэрнасць, хоць мы, як тыя папрашайкі і п’яніцы, няспынна марнуем Ягоную (такую каштоўную, чым усе нашыя ахвяраванні!) міласціну Жыцця. Ён не змушае, а толькі заклікае нас хоць крышачку, наколькі і калі гэта магчыма, імкнуцца быць падобнымі да Яго не толькі ў справядлівасці, але і ў канкрэтных учынках міласэрнай любові. Тады кожны падарунак будзе жаданым, бо будзе дарам асобы для асобы. Тады кожная дробная міласціна стане бясцэнным скарбам удзелу ў Хрыстовай справе ратавання людзей і яшчэ больш упадобніць нас да нашага Нябеснага Айца. А ўдзел у Хрыстовым дары міласэрнасці можа адкрыць і дарыцелю, і адоранаму дагэтуль неспазнаны шлях вяртання да нармальнага жыцця з Богам.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.